Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч перад пачаткам Сінодa Біскупаў: «Недапушчальна мець нязгоднае з вучэннем Касцёла душпастырства» |
Інтэрв'ю |
03.10.2015 09:58 |
4-25 кастрычніка ў Ватыкане пройдзе пасяджэнне Сінода Біскупаў на тэму «Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце». Касцёл у Беларусі на форуме прадставіць старшыня беларускага епіскапату Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — З якімі думкамі Вы, Ваша Эксцэленцыя, прыступаеце да працы на Сінодзе? На жаль, у шматлiкiх перадсiнадальных дыскусiях з’яўляюцца меркаваннi аб тым, што пастырства — гэта адна справа, а дактрына — іншая. Не магу пагадзiцца з гэтым. Возьмем вельмi просты жыццёвы прыклад. Кожная машына цi апарат маюць iнструкцыю для працы i абслугоўвання. Калi мы не будзем яе прытрымлiвацца, то сапсуем машыну. Бензiнавы рухавік нельга заправiць саляркай, бо ён не будзе працаваць, i наадварот, дызельны нельга заправіць бензiнам. Мы атрымалi ад Створцы вызначэнне, што такое сям’я, i «iнструкцыю», як яна павiнна жыць. Калi гэтага не будзем трымацца, то наступiць трагедыя, якую мы ўжо i маем, бо iнстытут сям’i перажывае нябачны дасюль крызiс. А сям'я павiнна быць падмуркам грамадства. Усё гэта азначае, што крызiс сям’i пагражае iснаванню грамадства. З гэтага напрошваецца выснова, што абсалютна недапушчальна мець нязгоднае з вучэннем Касцёла душпастырства.
— Якія асноўныя тэмы абмяркуюць падчас сёлетняга сходу біскупаў? Першая частка — «Выклiкi сям’i». Яна складаецца з наступных разделаў: «Сям’я i антрапалагiчны-культурны кантэкст», «Сям’я i сацыяльна-эканамiчны кантэкст» i «Сям’я i некаторыя сiтуацыi, як старасць, iнвалiднасць, смерць, мiграцыя, дзецi i г. д.». Другая частка — «Выключнасць паклiкання да сямёйгага жыцця». Яна складаецца з раздзелаў: «Сям’я i Божая педагогіка», «Сям’я i жыццё Касцёла», «Сям’я i шлях, якi вядзе да яе паўнаты». Трэцяя частка — «Мiсiя сям’i сёння». Яна складаецца з раздзелаў: «Сям’я i евангелізацыя», «Сям’я i фармацыя», «Сям’я i суправаджэнне яе Касцёлам» i «Сям’я, нараджэнне патомства i яго выхаванне». Канферэнцыя Бiскупаў разам з Радай па справах сям’і пры ККББ вывучала гэты дакумент i скіравала ў Ватыкан свае меркаваннi i прапановы. Потым на аснове адказаў на гэтыя пытаннi, сабраных з усяго свету, спецыяльная камiсiя падрыхтавала «Instrumentum laboris».
Пастырская практыка паказвае, што моладзь легкадумна ставіцца да заснавання сям’i, вельмi часта кажа: пажывём-пабачым. Гэта выклiк нашага часу i на яго неабходна адказаць як мага хутчэй, каб вылечыць сям’ю з духоўнага раку, якi яе нiшчыць, i пазбегнуць новых трагедый. (IL), (AG) |