Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзельнічае ў Сінодзе Біскупаў на тэму «Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце». Іерарх выступаў на Сінодзе сярод іншых біскупаў па першай частцы «Instrumentum laboris» аб выклiках, якiя стаяць перад сям’ёй, а зараз удзельнічае ў працы англійскай лінгвістычнай групы. Сatholic.by задаў арцыпастыру некаторыя пытанні. — Ваша Эксцэленцыя, што, на Вашу думку, з’яўляецца найбольш важным у працы гэтага Сінода? На чым, як Вы лічыце, яму трэба засяродзіцца? — Тэма гэтага Сінода – сям’я і яе місія ў Касцёле і свеце. Таму неабходна абмежавацца гэтай тэмай. Безумоўна, вельмі важны пошук пастырскіх рашэнняў для разведзеных і тых, хто ўступіў у новы шлюб, і для людзей з гомасексуальнымі тэндэнцыямі. У Касцёле ніхто не можа быць дыскрымінаваны, у ім павінна быць месца для ўсіх.
Аднак важна памятаць, што, як вучыць Касцёл, сям’я – гэта адзіны і непарушны, устаноўлены Створцам саюз мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця, працягу і выхавання патомства. Таму кожны іншы саюз не з’яўляецца сям’ёй у прамым значэнні гэтага слова. Закранаючы тэму разведзеных, неабходна памятаць, што, дапускаючы магчымасць разведзеным прымаць святую Камунію, мы апасродкавана падтрымліваем разводы, забываючы пры гэтым пра дзяцей, якія ў гэтым выпадку пакутуюць больш за ўсіх. Важна памятаць, што нельга аддзяліць пастырства ад вучэння Касцёла. — Якія істотныя праблемы сучаснай сям’і Вы можаце вылучыць? — Сярод праблем, з якімі сустракаецца сучасная сям’я, адна з найбольш важных — праблема выхавання маладога пакалення. Змены, якія адбываюцца ў свеце, робяць усё больш цяжкім належнае выхаванне і выспяванне асобы. Калі сям’я з’яўляецца галоўнай ячэйкай грамадства, то дзеці забяспечваюць яго будучыню. А яна залежыць ад выхавання.
Сёння бацькі шмат увагі надаюць фізічнаму, інтэлектуальнаму і культурнаму выхаванню сваіх дзяцей, чаго нельга сказаць аб выхаванні духоўным. Напрыклад, у нашай краіне рэлігійную фармацыю дзеці праходзяць у так званых нядзельных школах пры парафіях. Гэта вялікі прагрэс у параўнанні з тым, што было ў гады ганенняў, калі ім наогул забаранялася наведваць святыні, не кажучы ўжо пра катэхізацыю. І бацькі з задавальненнем адпраўляюць дзяцей у гэтыя школы. Але пры гэтым яны забываюць аб абавязку сведчаннем свайго хрысціянскага жыцця ўмацоўваць веды, набытыя дзецьмі, забываюць аб тым, што сям’я павінна быць «хатнім Касцёлам». Такім чынам рэлігійная фармацыя дзяцей ператвараецца ў фармалізм. — Якія, на Вашу думку, прычыны такой своеасаблівай паталогіі сучаснай сям’і? — Прычыны гэтага — секулярызацыя свету, які грае сваю музыку і хоча, каб мы пад яе танцавалі, але разам з тым і забыццё належнага душпастырства сем’яў, практыкі сумеснай малітвы ў сям’і, хрысціянскага сведчання бацькоў. Напрыклад, у часы пераследу веры паўсюднай практыкай была сумесная малітва бабуль і дзядуляў, бацькоў і дзяцей. На жаль, яна адыходзіць у мінулае, як і ўдзел у нядзельных набажэнствах цэлымі сем’ямі. Такі падыход вельмі небяспечны, таму што ў сям’і веруючых людзей дзеці вырастаюць фактычна далёкімі ад веры і практыкавання рэлігійнага жыцця. А пазней яны будуць ствараць свае сем’і. Якімі яны будуць?
— Сёння нярэдка можна пачуць, што ранейшыя метады душпастырства састарэлі і неабходны новыя. Ці сапраўды гэта так? — Так, новыя метады душпастырства неабходны. Але разам з тым вопыт усходу Еўропы, дзе ў часы пераследу вера захавалася дзякуючы сям’і і народнай пабожнасці, паказвае, што традыцыйныя метады душпастырства нельга скідваць з уліку. Неабходна выкарыстоўваць гэтую духоўную зброю, выпрабаваную часам, каб разам з новымі метадамі дасягнуць пажаданых вынікаў. У цэлым я лічу, што Сінод павінен звярнуць асаблівую ўвагу на развіццё душпастырства сем’яў у адпаведнасці з патрабаваннямі часу і адказнасць бацькоў за духоўнае выхаванне дзяцей з мэтай захавання сям’і як фундаменту, радасці і надзеі грамадства.
(AG)
|