Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Зварот да народу Божага
Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
з нагоды юбілею 300-годдзя кансэкрацыі
сучаснай мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі


З радасцю ўвойдзем у дом Пана
(пар. Пс 122 (121), 1).

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

1.    У гэтых словах, якія часта спяваюцца падчас літургіі асвячэння касцёла, выражаецца глыбокая радасць вернага люду, які дачакаўся новай святыні — як дому Пана і месца спаткання чалавека з Богам.
300 гадоў таму, 16 сакавіка 1710 г., біскуп Віленскі Канстанцін Бжастоўскі ўрачыста кансэкраваў езуіцкі касцёл у гонар Імя Езуса, Марыі і св. Барбары ў Мінску. Той марозны, як падаюць гістарычныя даведкі, дзень быў пазначаны цяплом прысутнасці Езуса ў новай святыні.

2.    Ад таго дня ўцякло шмат вады. Змяняліся сацыяльна-палітычныя і рэлігійныя абставіны, у якіх дзейнічаў Касцёл і жылі вернікі. У 1773 г. касцёл Імя Езуса, Марыі і св. Барбары ў Мінску становіцца парафіяльным, а ў 1798 г. у сувязі з утварэннем Мінскай дыяцэзіі — катэдральным. У 1869 г. Мінская дыяцэзія была скасавана і касцёл зноў стаў парафіяльным. Аднак у 1917 г. яе дзейнасць была адноўлена, што вярнула касцёлу статус катэдральнага. Падчас ганенняў на веру мінская катэдра ў 1934 г. была зачынена. Падчас Другой сусветнай вайны яна нейкі час дзейнічала, аднак ў 1947 г. была канфіскавана, і ў ёй размяшчалася спартыўнае таварыства «Спартак». Катэдра была падзелена на тры паверхі і дастасавана да спартыўных мэтаў, а вежы знішчаны і фасад перабудаваны так моцна, што нічога не нагадвала пра тое, што гэта быў сакральны будынак.

2.    Дзякуючы сацыяльна-палітычным пераменам у пачатку 90-х гадоў ужо мінулага ХХ стагоддзя ў 1990 г. быў атрыманы дазвол праводзіць набажэнствы на трэцім паверсе катэдры. Аднак у хуткім часе яна зноў была зачынена. І толькі ў 1994 г., пасля доўгіх змаганняў, катэдра поўнасцю была перададзена вернікам. Дзякуючы ініцыятыве і энергіі Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка, дзякуючы дапамозе многіх замежных спонсараў і ахвярнасці вернікаў, а таксама адданай працы будаўнікоў і рэстаўратараў была паспяхова праведзена рэстаўрацыя святыні, якая ў сувязі з устанаўленнем у 1991 г. Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі стала архікатэдрай і галоўнай святыняй Мінска-Магілёўскай мітраполіі. Урачыстую рэкансэкрацыю архікатэдры, ужо з тытулам Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, 21 кастрычніка 1997 г. здзейсніў спецыяльны пасланец Яго Святасці Папы Яна Паўла II кардынал Эдмунд Казімір Шока.

Гэта быў дзень трыумфу веры і славы гэтай святыні. Вернікі зноў з радасцю ўвайшлі ў яе. Перабудаваная падчас ганенняў ў спартыўную залу, яна зноў стала святыняй, як быццам «духоўнай спартыўнай залай».

Гісторыя мінскай архікатэдры — гэта гісторыя Каталіцкага Касцёла, а таксама і іншых веравызнанняў, на нашай зямлі. Знішчаны, зняважаны і пакінуты на небыццё, ён адраджаецца, як фенікс з попелу. На гісторыі гэтай нашай галоўнай святыні вельмі добра бачна, як Хрыстус піша проста на крывых лінейках гісторыі і як Ён ставіць апошнюю кропку над «і».

4.    Мінская архікатэдра нанава стала месцам, дзе адбываюцца не толькі галоўныя літургічныя набажэнствы, але таксама розныя канферэнцыі і сімпозіумы, малітоўныя і фармацыйныя сустрэчы моладзі і рухаў, экуменічныя малітвы, дабрачынныя акцыі, выстаўкі, канцэрты і фестывалі духоўнай музыкі і г.д. Сапраўды, атрымаўшы новае жыццё як помнік архітэктуры і спадчыны, якіх засталося так мала ў гістарычным цэнтры Мінска, яна стала вельмі добра вядомым — як ў нашай Айчыне, так і за мяжой — цэнтрам рэлігійнага і культурнага жыцця.

5.    У такіх абставінах мінская архікатэдра ўваходзіць у чацвёртае стагоддзе, уваходзіць з радасцю і надзеяй, што сапраўды яна і далей будзе месцам сустрэчы чалавека з Богам, месцам духоўнай і культурнай фармацыі сучаснага чалавека, месцам, дзе ён знойдзе адказ на хвалюючыя яго праблемы.

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваім клопаце пра паўсюдны Касцёл добра памятае і пра юбілей 300-годдзя мінскай архікатэдры. Папа прызначыў сваім надзвычайным пасланцом на юбілейныя ўрачыстасці гэтай святыні, якія адбудуцца 9 кастрычніка 2010 г. а 12 гадзіне, Яго Эмінэнцыю ксяндза кардынала Юзафа Томко — былога Прэфекта ватыканскай Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў.

Удзячныя Святому Айцу — Пятру нашага часу, удумаемся, дарагія браты і сёстры, у тое, што на працягу 13 гадоў трэці спецыяльны пасланец Папы прыбывае ў нашу краіну і таксама трэці раз — у нашу архікатэдру. Першы раз на яе рэкансэкрацыю ў 1997 г. прыбыў Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Шока. Другі раз на заканчэнне Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій — кардынал Камілло Руіні. А цяпер трэці раз — кардынал Юзаф Томко.

6.    У сувязі з гэтым заклікаю ўсе парафіі, манаскія супольнасці, рухі і вернікаў сваімі малітвамі належным чынам падрыхтавацца да юбілею 300-годдзя кансэкрацыі сучаснай мінскай Архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Кульмінацыйным пунктам падрыхтоўкі будзе Навэнна, якая адбудзецца ў архікатэдры з 30 верасня па 8 кастрычніка 2010 г. Тытул Навэнны ўзяты ад назвы аднаго з галоўных дакументаў Другога Ватыканскага Сабору — Пастырскай канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes» («Радасць і надзея»). Кожны дзень пасля ружанцовай малітвы і вячэрняй святой Імшы, а ў нядзелю пасля галоўнай святой Імшы будзе прачытаны адпаведны рэферат на касцёльную тэму.

Загадваю, каб падчас трывання Навэнны ў катэдры таксама ва ўсіх парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ружанцовая малітва і казанні былі прысвечаны значэнню катэдры ў жыцці мясцовага Касцёла і падрыхтоўцы да юбілею.

Абавязваю выдавецтва «Pro Christo» друкаваным словам уключыцца як у падрыхтоўку, так і святкаванне гэтых урачыстасцяў. Актыўны ўдзел ў гэтай пастырскай акцыі таксама з’яўляецца абавязкам сайту www.catholic.by.

Запрашаю да падрыхтоўкі і ўдзелу ў юбілейных урачыстасцях прадстаўнікоў усіх парафій, манаскіх супольнасцяў і рухаў, уладаў, прадстаўнікоў свету культуры і навукі, усіх людзей добрай волі і г.д.

Давяраючы ўсіх вас, а таксама падрыхтоўку да юбілею і яго святкаванне апецы Марыі, імя якой носіць гэта гістарычная святыня, выказваю надзею, што яны стануць новым актам развіцця і ўмацавання нашай веры, надзеі і любові.

З радасцю ўваходзьце, дарагія браты і сёстры, у гэты дом Пана. Тут вас чакае Езус, які ёсць Дарога, Праўда і Жыццё (пар. Ян 14, 6). На шлях падрыхтоўкі і святкавання юбілейных урачыстасцяў 300-годдзя кансэкрацыі сучаснай мінскай Архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога.


Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 7 жніўня 2010 г.

P.S. Суправаджаць свайго надзвычайнага пасланца Папа прызначыў кс. прэлата Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага, пробашча парафіі Св. Юзафа ў г. Маладзечна, і а. Бэрнарда Радзіка OCD, пробашча парафіі Св. Андрэя, апостала, у в. Нарач.

P.P.S.    Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэты Зварот вернікам 15 жніўня 2010 г.

Адноўлена 10.08.2010 14:57
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску