Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Даклад а. Аляксандра Уласа OFM Conv у межах Навэнны да 300-годдзя кансэкрацыі мінскай архікатэдры


Мас-медыя ў жыцці сучаснага Касцёла

Мінская архікатэдра, 6 кастрычніка 2010 г.

Сацыяльныя ўстановы сродкаў масавай камунікацыі зарадзіліся і пачалі развівацца на аснове свецкіх навук і тэхнікі. З самага пачатку іх з’яўлення перакананне ў іх сіле і значэнні схіляла шматлікія сацыяльныя групы і палітычныя партыі да ўтварэння ўласных правіл іх функцыянавання. Дзеянні, якія пры гэтым прадпрымаліся, не заўсёды адпавядалі гуманістычным каштоўнасцям і хрысціянскай веры. Часта яны супярэчылі правам чалавека і годнасці чалавечай асобы. Касцёл не мог застацца абыякавым да гэтых пагражаючых небяспек. З’явілася тэрміновая неабходнасць у абавязковым указанні належнай ролі СМІ ў жыцці чалавека.

Пазіцыя Касцёла і некаторых Папаў Рымскіх у адносінах да мас-медыя заўсёды была зразумелай, адназначнай і нязменнай. З самага ўзнікнення паасобных сродкаў масавай камунікацыі Касцёл добра ацэньваў іх значэнне і разумеў іх магчымасці. Звяртаў таксама ўвагу на небяспекі. І сапраўды, некаторыя сцвярджалі, што на самым пачатку ў адносінах да мас-медыя пазіцыя Каталіцкага Касцёла была негатыўнай. СМІ Касцёл лічыў часовым, тленным дасягненнем, пазбаўленым усялякіх надпрыродных адносінаў. Аднак гэта не зусім так. Паасобныя Папы не раз пазітыўна выказваліся на тэму СМІ. Ужо ў 1957 г. папа Пій ХІІ апублікаваў энцыкліку, якую цалкам прысвяціў мас-медыя. У ёй Пантыфік звярнуў увагу на шэраг праблем і пытанняў, якія застаюцца актуальнымі да сённяшняга дня. У сваёй энцыкліцы Пій ХІІ піша: даступныя сёння, можна сказаць, кожнаму, тэхнічныя сродкі аказваюць на чалавека моцны ўплыў, ведучы яго «як да валадарства святла, да таго, што высакароднае і прыгожае, так і да валадарства цемры і амаральнасці, на пашу нястрыманых інстынктаў», у залежнасці ад таго, на які аспект ўказвае і на чым акцэнтуе ўвагу відовішча.

Падобную думку знаходзім у паслясаборным дэкрэце Inter mirifica. У ім падкрэсліваецца, што мас-медыя можа прадстаўляць ідэі і змест выключна навучальным або прыцягальным чынам, у выніку чаго карыстальнік не можа застацца абыякавым. Гэтыя два выказванні і сёння даводзяць нам, і з яшчэ большай моцай, што сучасныя СМІ маюць вялікую сілу і ад іх вельмі шмат залежыць.

Пытанні, звязаныя з функцыянаваннем СМІ, з’яўляюцца настолькі важнымі, што Касцёл прама і адназначна нагадвае свецкім уладам пра абавязак, ускладзены на іх. Улада, якая клапоціцца аб дабрабыце насельніцтва, павінна таксама імкнуцца да належнага і пільнага ўстанаўлення і выканання спецыяльных правоў, каб у выніку неналежнага выкарыстання СМІ не ўзнікала сур’ёзная небяспека для добрых традыцый і развіцця грамадства.

Беручы пад увагу шматлікія небяспекі, неабходна так урэгуляваць функцыянаванне сродкаў масавай камунікацыі, каб як працаўнікі СМІ, так і адрасаты паважалі агульныя нормы і правілы. Для гэтага абавязковым, пільным і важным з’яўляецца тое, каб улады акрэслілі — ясна і дакладна — ролю і задачы мас-медыя. Функцыянаванне СМІ павінна заўсёды адпавядаць этычным нормам. Апісанне гэтых нормаў і следаванне ім на практыцы з’яўляецца неабходным і абавязковым. Гэта адначасова будзе дапамогай для тых, ад каго мас-медыя залежаць. У канкрэтных сітуацыях этычныя нормы будуць палягчаць ацэнку пазіцый, абавязкаў, паводзін, і, што самае галоўнае, шанаванне гэтых нормаў запэўніць іх выкарыстанне дзеля дабра ўсіх людзей.

Па меры развіцця паасобных інстанцый грамадскіх СМІ, Касцёл нястомна аналізаваў новую рэчаіснасць і акрэсліваў сваю пазіцыю. Асноўным клопатам Касцёла заставалася перакананне ў тым, што інстанцыі, якія маюць такія магутныя магчымасці, не могуць кіравацца адвольнымі правіламі. Бурлівае развіццё СМІ, а таксама іх выключнае значэнне, наказвалі таксама міжнароднай супольнасці прадпрымаць усялякія дзеянні для таго, каб мас-медыя паспрыялі развіццю ўсіх людзей і былі прыладай будавання супольнага дабра. Пачалі ўсведамляць, што для дасягнення гэтай мэты абавязковым з’яўляецца захаванне этычных нормаў у СМІ. Стала відавочным, што род іх дзейнасці не можа быць акрэслены некампетэнтнымі, выпадковымі людзьмі ці нават людзьмі бізнесу. Мас-медыя таксама не могуць прадстаўлены людзям, якія дзеля ўласнай карысці хацелі б займаць пасаду — мець уладу. Гэтае перакананне ў значнай ролі, якую СМІ адыгрываюць для кожнага чалавека, здаўна прысутнічала ў навучанні Касцёла. На гэта звярталі ўвагу многія Папы.

Такім чынам, пачынаючы ад найстарэйшых ідэаграм і пісьмовых знакаў і да сучасных нам тэхнічных адкрыццяў, усе прылады духоўнага абмену паміж людзьмі павінны весці да таго, каб чалавек быў супрацоўнікам Бога ў гэтай сферы. Працэс міжасобаснай камунікацыі разам з усімі інстанцыямі, якія ў гэтым дапамагаюць, з’яўляецца сферай, у якой сам Бог запрашае чалавека да супрацоўніцтва.

Павел VI падкрэсліваў, што абавязкам веруючых людзей з’яўляецца прыкладанне намаганняў, каб Касцёл стаў больш плённым у абвяшчэнні Евангелля. «Сёння людзі ўжо перанасыціліся мовамі, ім ужо надакучыла слухаць і, што самае горшае, сталі неадчувальнымі да словаў. Нам вядомы меркаванні многіх псіхолагаў і сацыёлагаў, якія лічаць, што цывілізацыя слова — як бясплённая і бескарысная — ужо аджыла сваё. Цяпер наступае новы стыль жыцця — цывілізацыя выявы. Такая сітуацыя нараджае думку, што для абвяшчэння Евангелля неабходна прымяняць такія свежыя сродкі, якія мае ў сваім распараджэнні гэтая цывілізацыя» (Павел VI, Evangelii nuntiandi, 42). Тым не менш, Павел VI нагадаў таксама пра значэнне слова, якое прамаўляецца. «Неахвота, выкліканая сёння лішкам моў, і актуальнасць зусім іншых форм грамадскага інфармавання не павінна паслабляць моцы слоў і адбіраць давер да іх. Слова заўсёды мае сваю перавагу і плённасць, асабліва калі нясе ў сабе моц Божую» (Павел VI, Evangelii nuntiandi, 42).

Паводле навучання Паўла VI, сродкі масавай камунікацыі сталі нармальным спосабам прапаведавання Хрыста сучаснаму чалавеку. У той жа час, Папа не піша непасрэдна аб правілах, якімі павінны кіравацца мас-медыя, хоць яго папярэднік адназначна іх акрэсліў. Да асноўных правіл, якімі людзі павінны кіравацца ва ўсёй сваёй дзейнасці, Ян ХХІІІ залічыў праўду, свабоду, справядлівасць і любоў.

Адной з прынцыповых заяваў Касцёла адносна функцыянавання мас-медыя — таксама з пункту гледжання на іх сутнаснае адценне — з’яўляецца пазіцыя, акрэсленая Другім Ватыканскім Саборам. Каб адпаведна карыстацца гэтымі сродкамі, неабходна абавязкова ведаць правілы маральнага парадку і дакладна ажыццяўляць іх у гэтай сферы. Такім чынам, маральныя нормы з’яўляюцца фундаментальнай умовай належнага функцыянавання мас-медыя. У дэкрэце Inter Mirifica (1963 г.) адначасова падкрэсліваецца вырашальнае значэнне адпаведна сфарміраванага сумлення: абавязковым з’яўляецца тое, каб усе зацікаўленыя сфарміравалі ў сабе высакароднае сумленне ў належным карыстанні мас-медыя.

Касцёл усведамляе, што хоць існуюць розныя правы карыстальнікаў і даўцаў інфармацыі, розныя іх абавязкі, аднак усе яны павінны адпавядаць маральным нормам. Бо маральны парадак перавышае ўсе іншыя парадкі чалавечых укладаў.

Маральныя нормы, якія датычаць функцыянавання мас-медыя, з аднаго боку, павінны абапірацца на адпаведна зразумелай канцэпцыі чалавечай асобы, але таксама павінны браць пад увагу ўнутраную прыроду мас-медыя і іх індывідуальную спецыфіку. Такім чынам, мэты СМІ і правілы іх функцыянавання неабходна вывесці непасрэдна з аналізу чалавечай прыроды, яго паклікання, годнасці, правоў і патрэб.

Пры гэтым, аднак, неабходна браць пад увагу прыроду і якасць саміх сродкаў камунікацыі. Касцёл указвае на найважнейшыя з іх, падкрэсліваючы, што СМІ з’яўляюцца «дарам Божым», які павінен уносіць пазітыўны ўклад у справу гісторыі збаўлення. Варта адзначыць, што Касцёл заўсёды абвяшчаў перавагу аб’ектыўнага маральнага парадку і пашаны чалавечай годнасці над правамі мастацтва і інфармацыі, што знайшло пацвярджэнне ў паслясаборным дэкрэце Inter Mirifica.

Клопат аб адпаведным функцыянаванні мас-медыя знаходзім таксама ў навучанні Яна Паўла ІІ, які нагадваў, што супрацоўнікі СМІ «маюць дакладна акрэсленыя абавязкі ў адносінах да праўды, адрасатаў і супольнага дабра грамадства». Абавязкі, пра якія казаў Вялікі Папа, маюць фундаментальнае значэнне і перавышаюць нават патрабаванні, акрэсленыя дамовай аб працы, якая заключаецца з асобамі, якія працуюць у СМІ. Таму, калі пры выкананні працы веруючы чалавек сутыкнецца з нечым, што будзе супярэчыць яго сумленню і этычным нормам, ён павінен будзе проста адмовіцца ад такой працы. Безумоўна, гэтыя правілы нельга назваць ні простымі, ні выгаднымі. Яны падтрабуць пастаяннага разважання і вялікага засяроджання. У гэтых пытаннях, аднак, варта памятаць пра навучанне Яна Паўла ІІ, якое ў многіх выпадках можа дапамагчы ў прыняцці адпаведных рашэнняў.

Шматразова і ў розныя часы Касцёл выказваўся на тэмы, звязаныя са сродкамі масавай камунікацыі. Гэтыя выказванні мелі розныя ступені важнасці і значэння. Аднак важна падкрэсліць той факт, што толькі СМІ было прысвечана шмат асобных дакументаў. Падсумоўваючы, можна паўтарыць выказванне Яна Паўла ІІ: «Касцёл не баіцца сродкаў масавай камунікацыі, наадварот, ён патрабуе іх для сваёй збаўчай місіі — для евангелізацыі». Дадзеная пазіцыя Вялікага Папы добра акрэслівае пазіцыю Касцёла.


Літаратура:

1. Media w działaniu: Funkcjonowanie środków społecznego przekazu w świetle nauczania Kościoła. Stefan Mordarski.

Адноўлена 07.10.2010 12:18
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску