Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў межах Навэнны да 300-годдзя кансэкрацыі мінскай архікатэдры
Характарыстыка і галоўныя элементы навучання
Пастырскай канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце
«Gaudium et spes»

Мінская архікатэдра, 7 кастрычніка 2010 г.

 

Уступ

Другі Ватыканскі Сабор, які быў скліканы благаслаўлёным папам Янам XXIII і праходзіў у 1963–1965 гг. часта называюць другім Спасланнем Духа Святога ці новай Пяцідзесятніцай. Ён апрацаваў напрамкі развіцця Касцёла на будучыню.

Галоўным заданнем Сабору было аднаўленне жыцця Касцёла, прымаючы ва ўвагу акалічнасці, у якіх ён дзейнічае. Гэтую думку на I Сесіі Сабору выказаў папа Ян XXIII італьянскім словам «aggiornamento». На II Сесіі новы папа Павел VI дадаў да гэтага слова «approfondimento». Гэта азначае, што для сапраўднага аднаўлення жыцця Касцёла патрэбна было і паглыбленне навучання пра сам Касцёл. З гэтага задання ўзніклі наступныя чатыры мэты Сабора1:
— паглыбленне самасвядомасці Касцёла, які адчувае абавязак сказаць, кім ён ёсць на самой справе;
— аднаўленне Касцёла праз адкрыццё нанава сувязі паміж Касцёлам і Хрыстом;
— адраджэнне еднасці хрысціян;
— дыялог Касцёла с сучасным чалавекам.

У дыскусіях і 16 дакументах — 4 канстытуцыях, 9 дэкрэтах і 3 дэкларацыях — Сабор вырашыў пастаўленыя перад ім мэты. Адносіны Касцёла да чалавека і свету былі прадстаўлены ў Пастырскай канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes», якая на самой справе з’яўляецца «Magna charta» гэтага касцёльнага форуму.

1. Агульная характарыстыка Пастырскай канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes».

1.1. Паглыбляючы самасвядомасць Касцёла, Другі Ватыканскі Сабор2 звярнуў асаблівую ўвагу на адносіны Касцёла да сучаснага свету і яго ролю ў ім. Сярод 16 саборных дакументаў асаблівае значэнне ў гэтым сэнсе займае Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes» — «Радасць і надзея».

«Увесь Касцёл узнікае як народ, з’яднаны еднасцю Айца і Сына, і Духа Святога»3. «Каб пашырыцца на ўсе рэгіёны, Касцёл уваходзіць у чалавечую гісторыю, адначасова выходзячы па-за часы і межы народаў»4 і працягвае свой шлях, «каб удзяліць людзям плён збаўлення»5. Гэтыя думкі галоўнага саборнага дакумента — Дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл «Lumen gentium» — нагадваюць пра прысутнасць і місію Касцёла ў свеце.

Гэтая прысутнасць і місія ва ўсе часы ўздымала праблему адносін Касцёла са светам, якая заўсёды павінна аналізавацца і даследавацца ў святле знакаў сучаснага часу6. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце вельмі добра адпавядае гэтай мэце.

1.2.    На першы погляд здаецца, што Канстытуцыя паўтарае і пацвярджае сацыяльнае навучанне папаў Леона XIII, Пія XI, Пія XII і Яна XXIII, а асабліва энцыклік Яна ХХІІІ: «Mater et Magistra» — «Маці і настаўніца» (1961) і «Pacem in terris» — «Мір на зямлі» (1963). Дастаткова адзначыць, што энцыкліка «Mater et Magistra» ў Пастырскай канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце цытуецца 16 разоў, а энцыкліка «Pacem in terris» — 12. Энцыклікі ж і прамовы Леона XIII — 14 разоў, Пія XI — 16 і Пія XII — 18 разоў7. Аднак у той жа час трэба сцвердзіць, што згаданы саборны дакумент адрозніваецца ад пералічаных найперш тым, што з’яўляецца пастырскім і характарызуецца наступнымі элементамі:
— канстытуцыя перш за ўсё навучае пра Касцёл, яго місію, заданні і ролю ў сучасным свеце;
— канстытуцыя па сваёй прыродзе з’яўляецца гуманістычнай. І не толькі таму, што чалавек, яго праблемы, радасці і смуткі з’яўляюцца яе галоўнай тэмай, але і таму, што яе навучанне заклікае бачыць у чалавеку добрую волю, ацаніць культурныя дасягненні чалавецтва і падкрэсліць значэнне культуры ў развіцці рэлігійнага і звышнатуральнага жыцця;
— канстытуцыя разважае не над асобнымі, але над агульнымі чалавечымі праблемамі. Яна не дае канкрэтных рашэнняў праблем, але прапануе метады іх вырашэння, што пацвярджае яе дынамічны характар;
— канстытуцыя адрасавана сучаснаму чалавеку;
— змест канстытуцыі пацвярджае яе пастырскі характар. Яна звяртаецца не толькі да хрысціян, але да ўсіх людзей8. Такім чынам, дзякуючы ёй Касцёл упершыню наладзіў плённы дыялог са светам. Касцёл, як і Хрыстус, павінен сведчыць праўду і ратаваць чалавека, але не судзіць яго; ён павінен служыць, а не патрабаваць служэння яму9.

1.3. Такім чынам, канстытуцыя прадстаўляе Касцёл выконваючым сваю пастырскую місію ў свеце, які вядзе дыялог са светам і служыць чалавецтву.

Усё гэта нагадвае пра тое, што хоць праблематыка, якой займаецца канстытуцыя, не новая, тым не менш яна з’яўляецца арыгінальным і новым сінтэзам не толькі папярэдняга сацыяльнага навучання Касцёла, але і дакументам новага пазнання і вырашэння сацыяльных праблем.

2. Галоўныя элементы навучання Пастырскай канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes».

2.1. Дакумент уключае ўступ і дзве часткі: «Касцёл і пакліканне чалавека» і «Некаторыя найбольш актуальныя праблемы». У першай частцы канстытуцыі прадстаўлена навучанне Касцёла пра чалавека і акаляючы яго свет, а таксама пра адносіны чалавека і Касцёла да свету. У другой — распавядаецца пра найбольш актуальныя праблемы сучаснасці і прыводзяцца напрамкі іх вырашэння.

2.2. Канстытуцыя асабліва падкрэслівае гуманістычную праблему, так што можна гаварыць пра антрапацэнтрызм гэтага саборнага дакумента. «Як веруючыя, так і няверуючыя аднолькавыя ў тым, што ўсе рэчы, якія ёсць на зямлі, падпарадкаваны чалавеку як іх цэнтру і вяршыні»10, — чытаем у дакуменце.

Правільна зразуметая годнасць чалавека — гэта як быццам ключ да вырашэння ўзнятых у канстытуцыі праблем. Чалавек хоць і створаны паводле Божага вобразу і на Яго падабенства, аднак з-за сваёй грахоўнасці ён духоўна бедны і падзелены ў самім сабе. Аднак, з іншага боку, нягледзячы на гэта, ён усё ж мае каштоўныя асаблівасці, якія чыняць яго цэнтрам і вяршыняй усяго зямнога стварэння. Ён мае розум, сумленне, прыроднае разуменне свабоды, а падмуркам яго годнасці з’яўляецца пакліканне быць дзіцём Божым і весці з Ім дыялог. Саму ж таямніцу чалавека можна зразумець толькі праз таямніцу Уцелаўлення. Таму канстытуцыя не прымае атэізму, хаця і прызнае, што ўсе людзі — веруючыя і няверуючыя — павінны прымаць удзел ва ўдасканаленні гэтага свету11. Трэба заўважыць, што, нагадваючы пра чалавека, канстытуцыя стараецца зразумець яго ў святле ягонага паклікання і місіі.

2.2. Чалавек жыве ў грамадстве і з’яўляецца яго часткай. Навучанне канстытуцыі пра чалавечае грамадства абапіраецца не толькі на законы прыроды, але і на звышнатуральнае права. «Бог, які па-бацькоўску клапоціцца пра ўсё, хацеў, каб усе людзі ўтваралі адну сям’ю і ставіліся адно да аднаго па-братэрску. Усе яны створаны паводле вобраза Бога, які „стварыў з аднаго ўвесь род чалавечы, каб жыў на ўсёй паверхні зямлі“ (пар. Дз 17, 26), і пакліканы да адной і той жа мэты, гэта значыць да самога Бога. ... Як Бог стварыў людзей не для адасобленага жыцця, а для стварэння супольнасці, так і Яму „падабалася асвячаць і збаўляць людзей не паасобку, выключаючы ўсялякую ўзаемасувязь паміж імі, але зрабіць з іх народ, які б пазнаваў Яго ў праўдзе і пабожна служыў Яму“ (LG 9). Таму ад пачатку гісторыі збаўлення Ён выбіраў людзей не толькі як адзінак, але і як членаў пэўнай супольнасці. Бо тых выбраных, адкрываючы сваю задуму, Бог назваў „сваім народам“ (пар. Зых 3, 7–12), з якім заключыў запавет на Сінаі (пар. Зых 24, 1–8)»12.

Чалавечую дзейнасць у свеце канстытуцыя вырашае ў святле збаўчага пасланніцтва Хрыста13. Збаўчая місія Хрыста працягваецца ў Касцёле, у яго гісторыі і пасланніцтве. Місія Касцёла і справы свету хоць і неідэнтыфікуюцца, аднак пераплятаюцца паміж сабой. Касцёл, прызнаючы і ацэньваючы часовыя мэты чалавечага жыцця, стараецца перадаць людзям Евангелле збаўлення і дапамагчы ў зямных справах. Ён дапамагае ў дасканаленні чалавечай асобы, спадарожнічае ўмацаванню еднасці паміж людзьмі і, назіраючы знакі часу, у духу Евангелля шукае вырашэнне ўзнікаючых праблем і новых спосабаў дзейнасці14. Такім чынам, праз дзеянне ў свеце Касцёл «з’яўляецца „паўсюдным сакрамэнтам збаўлення“ (пар. LG 48), які паказвае і ў той жа час здзяйсняе таямніцу любові Бога да чалавека»15.

2.3. Праблемы, аб якіх нагадвае канстытуцыя ў сваім другім раздзеле найбольш датычаць актуальных пытанняў сучаснага жыцця: праблемы сям’і, культуры, эканомікі, палітыкі, захавання супакою і інш. У адказ на гэтыя праблемы сучаснасці канстытуцыя падае прынцыпы іх вырашэння.

Звяртаючы ўвагу на праблемы сучаснай сям’і, яна ясна і не двухсэнсоўна кажа пра яе значэнне і святасць. Яна падкрэслівае, што для дасягнення мэтаў, да якіх паклікана сям’я, неабходна высокая маральнасць. Акрамя гэтага, канстытуцыя выказваецца супраць штучнага рэгулявання плоднасці16.

2.4. Надзвычай важнай з’яўляецца частка канстытуцыі, прысвечаны развіццю культуры.

Разам з характарыстыкай культуры і звязанымі з ёю праблемамі, канстытуцыя падае правілы яе развіцця, падмурак якога знаходзіцца ў пакліканні чалавека быць ім ва ўсёй сваёй паўнаце. Сабор навучае, што для развіцця культуры патрэбна інтэлектуальная свабода. Пры гэтым Сабор прызнае аднолькавыя правы як свецкіх навук, так і тэалагічных. Такім чынам канстытуцыя падкрэслівае пашану, з якой Касцёл адносіцца да культуры і яе развіцця. Касцёл упэўнены, што ёсць цесная сувязь паміж культурай у глабальным сэнсе і культурай рэлігійнай17.

2.5. Гэта датычыць і сацыяльна-эканамічнай культуры. Сабор заклікае нівеліраваць сацыяльна-эканамічныя адрозненні, бо ад вырашэння гэтага пытання залежыць як агульнае развіццё чалавецтва, так і захаванне міру. Гэтае імкненне Касцёла не адрозніваецца ад імкнення да Божага Валадарства18.

2.6. Апошнія два раздзелы Пастырскай канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes» звяртаюць увагу на палітычнае жыццё і захаванне міру ў свеце. Касцёл, заклікаючы будаваць палітычнае жыццё і імкнуцца да міру на прынцыпах Евангелля, можа адыграць вяліку ролю ў вырашэнні гэтых праблем. Сабор падкрэслівае, што Касцёл не займаецца палітыкай, аднак у той жа час ён падае не толькі прынцыпы, але і метады вядзення справядлівай палітыкі і дасягнення трывалага міру. Для гэтага перш за ўсё трэба весці дыялог у духу свабоды і чалавечай годнасці. Касцёл можа быць добрым пасрэднікам у вядзенні такога дыялога19.


Заключэнне

Прадстаўленыя вышэй агульная характарыстыка і галоўныя элементы навучання Пастырскай канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes» дапамагаюць паглядзець праз прызму навучання Касцёла на свет, а таксама праз прызму сучаснага свету з яго выклікамі — на Касцёл. У навучанні канстытуцыі праяўляецца клопат Касцёла аб чалавечай асобе і аб найбольш актуальных праблемах свету. Касцёл, як паўсюдны сакрамэнт збаўлення20, у святле навучання гэтай канстытуцыі адкрывае свой пастаральны і дынамічны стыль вядзення дыялога са светам, што нагадвае аб тым, якім павінен быць Касцёл, а менавіта — святлом свету і соллю зямлі (пар. Мц 5, 13–14).

Такім чынам, у саборным навучанні ясна праглядваецца дэцэнтралізацыя Касцёла ў накірунку свету. Сабор як быццам пацвердзіў словы свайго ініцыятара благаслаўлёнага папы Яна XXIII, што Касцёл не з гэтага свету, але ў гэтым свеце. Таму Касцёл павінен жыць ягонымі праблемамі і весці з ім дыялог, каб здабыць лекі для вылячэння ягоных хваробаў і адказу на выклікі часу, каб разам са светам ісці ў напрамку «новай зямлі» і «новага неба» (пар. Апк 21, 1).

Працы над Пастырскай канстытуцыяй пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes» і яе навучанне паказваюць новае аблічча жывога Касцёла — дынамічнага, які вядзе дыялог са светам у пошуку праўды. Паслясаборны Касцёл паказаў сябе іншым. Аднак «іншы» ён не ў дактрыне, дагмаце або веры, але ў адкрытасці на свет. Праз гэта Сабор яшчэ раз пацвердзіў вядомы прынцып: «Ecclesia semper reformanda» — «Касцёл заўсёды сябе рэфармуе».

Гэты прынцып пацвердзіла і паслясаборнае развіццё Касцёла. Колькі сацыяльных энцыклік выйшла за гэты час! Колькі разоў Касцёл быў пасрэднікам у вырашэнні цяжкіх міжнародных праблем! Якія велічныя яго заслугі ў захаванні міру! Колькі Касцёл учыніў у справе сацыяльнай справядлівасці! Як многа зроблена для абароны годнасці чалавека!

Гэты працэс працягваецца і будзе працягвацца, бо новыя часы нясуць свае новыя праблемы і выклікі часу, і на іх трэба адказваць. Таму ў адносінах да развіцця дыялога са светам можна працытаваць словы св. Бэрнарда: «Sit finis libri, sed non finis querendi» — «Няхай будзе заканчэнне кнігі, але не канец даследаванняў»21. Касцёл, рэфармуючы сябе, ідзе праз гісторыю чалавецтва шляхам, вызначаным Богам. Распачаты Другім Ватыканскім Саборам, багацце і сэнс якога раскрыты яшчэ далёка не да канца (як на гэта ўказваў Слуга Божы Ян Павел II і ўказвае Бэнэдыкт XVI), працэс «aggiornamento» — «approfondimento» працягваецца і Касцёл усё больш адкрываецца на свет.

Дзякую за ўвагу.


Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

  1. Susirinkimo dokumentai, III, p. 61. 64-66; EnchVat, I, p. 94-104.
  2. EnchVat, I, p. 104-119; Susirinkimo dokumentai, III, p. 66-75; Documenti-CVat II, p.336-340.
  3. Другі Ватыканскі Сабор, Дагматычная канстытуцыі пра Касцёл “Lumen gentium” (LG), LG 4.
  4. LG 9.
  5. LG 8.
  6. Другі Ватыканскі Сабор, Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes» (GS), GS 4.
  7. Enchiridion Vaticanum, Documenti ufficiali del Concilio Vaticano II, Bologna 1981 ss. (EnchVat, I, p. 986-988).
  8. GS 2.
  9. GS 3.
  10. GS 12.
  11. GS 12.13.15-17.19.21-22.
  12. GS 24-32.
  13. GS 33-39.
  14. GS 40-44.
  15. GS 45.
  16. GS 49-51.
  17. GS 53-62.
  18. GS 63-72.
  19. GS 73-93.
  20. LG 48.
  21. CTh 37 (1967) fasc. I, s. 22 (s. Bernardinus, De considertatione, PL 182, p. 808).
  22. V. Valčiunas ir kt. (red.), II Vatikano Susirinkimo dokumentai, III, Popiežių kalbos ir raštai, Boston 1969 (Susirnkimo dokumentai, III).
Адноўлена 07.10.2010 17:24
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску