Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Канферэнцыя Мітрапаліта Кандрусевіча падчас адвэнтовага чування моладзі

Мінская архікатэдра, 11 снежня 2010 г.

КІРАВАЦЦА ДУХОЎНЫМІ ДАРОЖНЫМІ ЗНАКАМІ

Глыбокапаважаная моладзь!

1. Мы ўваходзім у другую палову Адвэнту, у час асаблівай падрыхтоўкі да ўрачыстасці Божага Нараджэння, калі штодня біблійныя чытанні непасрэдна вядуць нас да таямніцы ўцелаўлення Пана.


Падчас усяго Адвэнту нам спадарожнічае св. Ян Хрысціцель, заданнем якога было непасрэдна падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Пану. Калі ж мова ідзе пра дарогу, то мы размаўляем не толькі пра якасць яе асфальтавага пакрыцця ці асвятленне, але і пра дарожныя знакі, якія павінны быць на ёй. Калі іх няма, то гэта не зусім добрая і сучасная дарога. Тады невядома, куды ехаць, можна лёгка заблукаць, трапіць у аварыю або іншую складаную сітуацыю. Дзякуй Богу, дарогі ў Беларусі з кожным годам становяцца лепшымі і наша краіна можа імі ганарыцца.

2. Сёння, падчас традыцыйнага адвэнтовага чування моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, засяродзім сваю ўвагу на знаках, якія Бог паставіў на нашым духоўным шляху. Каб лепш зразумець іх значэнне, выкарыстаем стандартныя дарожныя знакі.

Але перад гэтым правядзем даследаванне на тэму матарызацыі:
- няхай падымуць рукі тыя, хто мае вадзіцельскія правы;
- цяпер тыя, у сем’ях якіх ёсць аўтамабілі;
- а цяпер тыя, хто мае свой аўтамабіль.

Як бачна, сучасны малады чалавек сур’ёзна ўспрымае справу матарызацыі, бо ведае, што без яе амаль што немагчыма сучаснае жыццё. Аб гэтым нагадвае найперш вялікая колькасць маладых людзей, не толькі хлопцаў але і дзяўчат, якія маюць вадзіцельскія правы, што дазваляюць ім кіраваць аўтамабілем. Натуральна, што яшчэ не ўсе сем’і маюць сваё аўто, аднак статыстыка паказвае, што іх колькасць павялічваецца з кожным днём. Яшчэ менш людзей мае свой уласны атамабіль. Аднак і тут Беларусь займае высокае месца ў рэйтынгу, бо па статыстыцы амаль што кожны другі жыхар нашай краіны ўжо мае аўтамабіль.

У часы Езуса Хрыста не было аўтамабіляў, веласіпедаў ці нават ролікаў, але гэта не мае значэння для нашага разважання. Я асабіста часта езджу веласіпедам па вельмі прыгожай веласіпеднай сцежцы ў Мінску, большая частка якой праходзіць над Свіслаччу. Бачу на ёй шмат людзей, асабліва маладых, якія ездзяць на веласіпедах ці роліках. Гэта добры і вельмі даступны від спорту, які паказвае, што многія людзі імкнуцца весці здаровы стыль жыцця. Стараюцца яго весці і святары. Так, напрыклад, у мінскай архікатэдры цяпер на самой справе ёсць свой велапарк.    

Гэта такое не вялікае і нават не лірычнае адступленне, аднак звязанае з дарогай. І тут трэба падкрэсліць, што Евангелле, як з аўтамабілем, так і без яго, як з веласіпедам, так і без яго, як з ролікамі, так і без іх з’яўляецца вечным і змяшчае ў сабе знакі духоўнага жыцця, якія заўсёды актуальныя і якімі трэба кіравацца. Таму засяродзім увагу на некаторых з іх, выкарыстоўваючы пры гэтым як прыладу сапраўдныя дарожныя знакі.

3. Найперш знак «Стоп», які наказвае спыніцца. Напэўна, гэта найважнейшы знак, хоць аўтамабіль і прызначаны, каб на ім ехаць. Гэты знак даволі незвычайны па выглядзе і адрозніваецца ад іншых. Чаму? Таму, каб можна было яго заўважыць на адлегласці і распазнаць нават пры дрэнным надвор’і. Дзе ён устанаўліваецца? Там, дзе вадзіцеля можа напаткаць нябяспека, напрыклад, перад небяспечным чыгуначным пераездам ці рухлівым скрыжаваннем і г.д.

На шляху нашага жыцця Бог таксама паставіў такі знак, паставіў там, дзе нам пагражае небяспека. Нездарма Езус кажа: калі твая рука вядзе цябе да граху, адсячы яе, і калі тваё вока з’яўляецца нагодай да граху, вырві яго. Езус не хоча, каб мы былі інвалідамі без рукі і з закрытым пірацкай павязкай зраненым вокам. Але Ён жадае, каб у сваім жыцці мы не трапілі ў небяспечную духоўную сітуацыю, таму евангельскім знакам «Стоп» Ён кажа нам устрымацца ад таго ці іншага ўчынку, які вядзе да граху і да духоўнай катастрофы.

4. Цяпер наступны знак «Разварот забаронены». Ён забараняе разварочвацца ў канкрэтным месцы. У Евангеллі Езус часта заклікае да вытрываласці. Ён вучыць, што недастаткова толькі мець добрыя намеры. Іх яшчэ неабходна ажыццявіць, што патрабуе шмат працы над сабой. Таму трэба заўсёды памятаць пра гэты знак, асабліва калі нам надакучыць або расхочацца паступаць паводле Божага закону. Нездарма Езус перасцерагае, што калі нехта прыкладае руку да плуга і потым аглядваецца, то не варты быць Яго вучнем.

Так ужо ёсць у жыцці. Каб мець штосьці сапраўды каштоўнае, трэба шмат працаваць. Сучасная моладзь у большасці добра ведае замежныя мовы. Але гэтыя веды не даюцца адразу. Колькі трэба штодзённых высілкаў і вытрываласці! І толькі той, хто не зверне з абранага шляху, зможа свабодна валодаць замежнай мовай. Так і ў кожнай галіне навукі і працы. Нездарма кажуць, што геній — гэта 5% таленту і 95% працы. Нездарма таксама лацінская прыказка кажа: «Per aspera ad astra» — «Праз церні да зорак».

5. Наступны знак «Заезд забаронены». Ён не дазваляе заязджаць у тую ці іншую вуліцу, падворак і г.д. У духоўным сэнсе ён азначае, што трэба мець свой асабісты спіс месцаў, куды мы не павінны хадзіць; спіс газет і часопісаў, якія мы не павінны чытаць; спіс камп’ютэрных праграм, якімі мы не павінны карыстацца; спіс напояў, якія мы не павінны піць; спіс псіхатропных прэпаратаў, якія не прызнаны лекамі і якія мы не павінны ўжываць і г.д.

На жаль, маладыя людзі вельмі часта хваляцца адно перад адным, дзе яны толькі не былі і чаго толькі не бачылі, што не спрабавалі і якіх эмоцый не перажывалі. Не аднойчы хвалімся тым, чаго, на самой справе, трэба было б саромецца.

Затым, у будучыні, мы выказваем жаль за такія паводзіны, за тое, што пайшлі туды, куды не павінны былі ісці, ці паспрабавалі тое, чаго не трэба было спрабаваць. Бывае, здзейсненае зло можна паправіць, а часам гэта проста немагчыма. Таму, калі ў нас з’яўляюцца сумненні, пайсці кудысьці ці не, зрабіць нешта ці не, спрабаваць штосьці ці не, то спытаемся саміх сябе: ці маглі б мы запрасіць з сабой Езуса, ці маглі б паказаць Яму, якія праграмы глядзім у Інтэрнэце ці па тэлебачанні, што п’ем, чым захапляемся? А можа, мы саромеліся б гэтага?

6. Цяпер наступны знак «Толькі прама». Яго сустракаем на скрыжаваннях. Ён інфармуе, што можам ехаць толькі наперад і нельга павярнуць ні ўправа, ні ўлева. Можа, нам хацелася б звярнуць убок, але гэты знак не дазваляе.

Ён з’яўляецца добрай ілюстрацыяй слоў Езуса Хрыста: Я — дарога, праўда і жыццё. Езус заклікае нас, каб мы ішлі за Ім і наследавалі Яго. Ён кажа: калі мы хочам быць Ягонымі вучнямі, то павінны ўзяць свой крыж і наследаваць Хрыста. Нельга адначасова ехаць прама, направа і налева, бо так нікуды не даедзем, а нават можам трапіць у аварыю. На мінулых Зімовых Алімпійскіх гульнях у Канадзе Беларусь атрымала першую залатую медаль. А магла быць і другая. Не атрымалася, бо наш спартсмен пераблытаў дарогу і быў дыскваліфікаваны. Калі мы ў сваім жыцці пераблытаем наш духоўны шлях, то таксама будзем дыскваліфікаваны і не дасягнем мэты нашага жыцця.

7. Чарговы знак «Галоўная дарога». Ён нагадвае пра тое, што, калі мы знаходзімся на гэтай дарозе, то маем права ехаць першымі. Гэта, аднак, не азначае, што няма патрэбы зважаць на іншых вадзіцеляў, бо часам яны могуць не захоўваць правілаў руху і можа здарыцца аварыя.

Гэты знак вельмі сімвалічны. У духоўным сэнсе ён нагадвае пра жаданне Езуса быць найважнейшым у нашым жыцці. Езус заклікае любіць Бога і бліжняга. Калі будзем так паступаць, то ўсё ў нашым жыцці будзе добра. Калі Езус будзе займаць у ім першае месца, тады ўсе іншыя справы, такія, як школа, універсітэт, спорт, праца і г.д., будуць на сваім месцы.

Пра гэты знак трэба памятаць, калі прыйдзе спакуса, каб, нягледзячы на яе, на першае месца паставіць Езуса. А менавіта кожную нядзелю прымаць удзел у св. Імшы, адмовіцца ад алкаголю, наркотыкаў, дашлюбнага  і пазашлюбнага сексуальнага жыцця, амаральных фільмаў, амаральных тэле- і камп’ютэрных праграм і г.д.

8. А цяпер «Светлафор»! Мы добра ведаем, навошта ён патрэбны. Светлафор рэгулюе рух на скрыжаваннях. Чырвоны колер — нельга ехаць ці ісці. Нельга — і ўсё. Няма і не можа быць ніякіх дыскусій, бо інакш здарыцца бяда. Жоўты — трэба быць уважлівым, прытармазіць або падрыхтавацца да руху. І толькі калі гарыць зялёны, можны ехаць або ісці.

Светлафор не абмяжоўвае нашу свабоду, але толькі дапамагае нам, каб мы маглі шчасліва і бяспечна ехаць або ісці. Евангельскія наказы — гэта евангельскія дарожныя знакі і евангельскі светлафор. Яны таксама не абмяжоўваюць нашу духоўную свабоду, але дапамагаюць у жыцці, каб не здарылася духоўная катастрофа.    

Усё гэта не азначае, што Езус не жадае, каб мы прыемна праводзілі час, але Ён хоча толькі яго ўпарадкаваць. Калі дадзім Яму столькі часу, колькі Ён патрабуе, то ўбачым, што будзем мець дастаткова часу і на тое, каб па- Божаму прыемна і радасна жыць. А калі не маем часу для Хрыста, то на самой справе не маем яго і для сябе. Тады яго нам заўсёды не хапае. Трэба памятаць, што валадаром часу з’яўляецца Бог.

Глыбокапаважаныя юнакі і дзяўчаты!

Праз два тыдні Божае Нараджэнне. Праз два тыдні будзем спяваць радасны гімн «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі». Будзем віншаваць адно аднаго са збаўчым святам Уцелаўлення, якое якасна змяніла бег гісторыі чалавецтва.

Мы павінны зрабіць адпаведны добры рахунак сумлення, каб паглядзець, як выглядае наш жыццёвы шлях, ці няма на ім часам завалаў і перашкодаў для прыходзячага Пана. Трэба паглядзець, ці не трапілі мы ў нейкую залежнасць. А трапіць туды вельмі лёгка, асабліва калі не прытрымлівацца духоўных дарожных знакаў.

Сучасны свет націскае на чалавека ўсё мацней і ставіць усё большыя патрабаванні, якім трэба супрацьстаяць. Здаецца, што адказнасць пачынае перарастаць магчымасці чалавека і ён пачынае думаць, што яму патрэбны рэлакс.    

На пачатку ўсё выглядае вельмі прыемна і здаецца добрым выйсцем з нетыповых і трудных сітуацый: грыль, піва, камп’ютэр, секс без адказнасці, азартныя гульні і г.д. Гэта як быццам канал уцёку ад праблем. З часам незаўважальна ён перарастае ў бурлівую раку, якая ўносіць нас, і мы самі ўжо не здольны вырвацца з яе. І тады ўжо не мы, але гэтая рака залежнасці вырашае, у якім накірунку мы будзем плысці, гэта азначае, якім будзе наша жыццё. Часам здаецца, што яшчэ ёсць магчымасць выйсці з гэтай ракі. Аднак чым далей, тым больш гэтая мара становіцца ілюзіяй, бо асоба, якая плыве ў плыні залежнасці, ужо не бачыць сваёй праблемы і паддаецца ёй зноў і зноў.

Усё гэта наступствы таго, што ў сваім жыцці чалавек не кіраваўся духоўнымі дарожнымі знакамі. Не зважаў, калі з’яўлялася духоўная нябеспека, а ціснуў на газ; не ехаў прама паводле наказаў Евангелля, а зварочваў убок.  

Услухоўваючыся ў голас св. Яна Хрысціцеля, учынім усё ад нас залежнае, каб правесці астатні час Адвэнту згодна з патрабаваннямі духоўных дарожных знакаў і належным чынам падрыхтаваць шлях прыходзячаму Збаўцу, а потым, кіруючыся імі заўсёды, быць шчаслівымі ў гэтым жыцці і дасягнуць вечнага. Амэн.  

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску