Даклад а. Пятр Фраштэнгі OCD падчас сустрэчы, прысвечанай духоўнасці Кармэлю |
Усё з любові — св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус Кожны з нас неаднойчы сустрэў у жыцці чалавека, які, робячы пэўнае дабро, хацеў адначасова быць вельмі дыскрэтным. Шмат такіх людзей і, як гэта кажуць, толькі зло з’яўляецца крыклівым, а дабро ціхае, не любіць разгалосся. Я таксама ў сваім жыцці зведаў такія дапаможныя далоні, часам нават не ведаючы, ад каго прыйшла гэтая зычлівасць і каму павінен быў выказаць сваю ўдзячнасць. Але сустрэў асаблівую асобу ў гэтым сэнсе, шмат разоў чытаючы «Дзеі душы». Гэта была і ёсць св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус. Схіляючыся над яе перажываннямі, запісанымі ў «Дзеях душы», адназначна пачуў словы, скіраваныя да мяне і да кожнага чалавека: палюбі малыя рэчы, палюбі штодзённасць. Сёння так і хочацца сказаць, што Тэрэза хацела, каб усё было малым і ўсё сваё жыццё хацела ўчыніць малым. Як сама сцвярджала, яна не мела здольнасці да вялікіх цнотаў, а выбірала «маленькае» дабро. Каб не быць галаслоўным, дазволю сабе ўзгадаць, як часта яна любіла дыскрэтна складаць плашчы сясцёр пасля начной малітвы, калі тыя хутчэй спяшаліся спаць. Так, быццам бы сама разумела, што шчасце ляжыць ва ўкрытасці. Якое ж гэта шчасце быць так укрытым, каб ніхто пра нас не падумаў! Тэрэза адкрывала дыскрэцыю сэрца. Быў такі час, калі, як Марыя Магдалена шукала ля магілы адказу на пытанне, чым ёсць яе пакліканне, якім яно павінна быць, якім чынам яго рэалізаваць. Усцяж не магла знайсці гэтага адказу. Хачу быць місіянеркай, святаром, апосталам, але ж як гэта магчыма? Як магчыма, каб быць усім адразу, калі св. Павел кажа пра падзел абавязкаў у Касцёле. Як гэта магчыма? Урэшце адкрые сэрца Касцёла, сэрца як дыскрэтнае і найбольш шляхетнае месца, і што гэтае сэрца палае любоўю, і што толькі любоў пабуджае яго да жыцця. Мае дарагія, паглядзіце, якім геніяльным і цудоўным ёсць адкрыццё, якое знаходзіць Тэрэза. Тут, у сэрцы Касцёла, магу быць усім: і святаром, і місіянерам, і доктарам, бо ў сэрцы, перапоўненым любоўю, усе гэтыя пакліканні змяшчаюцца. У сэрцы Касцёла хачу любіць і сыпаць кветкі да трону Умілаванага. Такім чынам, чым будуць гэтыя кветкі, пра якія кажа Тэрэза? Усё тое, што выходзіць з любячага сэрца, менавіта малыя нагоды, позіркі, словы, найменшыя жэсты. Гэтая святая верыць, што найменшы акт чыстай любові ёсць большы, чым усе справы Касцёла разам узятыя. Дзіўна, як можна некага так любіць, каб перанесці нават найбольшыя пакуты. Чытаем у Евангеллі, што ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў. «Баюся ўсяго таго, што ты любіш», — сказала адна з сясцёр Тэрэзе. Але ж яна любіла толькі тыя рэчы, якія былі каштоўнымі для яе Абранніка. Яна хоча цалкам аддавацца пяшчотам Хрыста і выражае жаданне быцця мучаніцай любові. Хоча паміраць ад любові, веручы, што нішто так не патрэбна, ні вялікія справы, ні велізарныя маніфестацыі, нішто так не патрэбна, як наша любоў. З’яўляецца вучаніцай св. Яна ад Крыжа, які падказвае ёй, але не толькі ёй, але і кожнаму чалавеку, каб задумаўся, калі яго паглынае гарачка дзейнасці. Няхай задумаюцца тыя, каго паглынае гарачка дзейнасці і якія хочуць напоўніць свет сваім прапаведваннем і знешнімі справамі, што нашмат больш карысці прынеслі б Касцёлу і мілейшымі былі б Богу, калі б палову свайго часу прысвяцілі малітве і прабыванню з Богам. Прабыванне з Богам, які спальвае яе да рэшты, было для Тэрэзы асабліва блізкім падчас апошніх дзён яе жыцця, калі выпрабоўвалася хваробай. Дазвольце, што тут аднясуся да слоў благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ, які, звяртаючыся да хворых і церпячых, казаў, што гэта яны з’яўляюцца найкаштоўнейшай і ўмілаванай часкай Касцёла, а іх ложкі, на якіх церпяць, з’яўляюцца быццам бы алтарамі, на якіх здзяйсняецца штодзённая ахвяра іх пакутаў. Напэўна, свет пра іх сёння забыўся. Забыўся, што цярпенне мае найглыбейшы сэнс і заўсёды прадказвае змёртвыхпаўстанне і лепшае заўтра. Гэта дасканала разумела св. Тэрэза і ўчыніла з цярпення самы каштоўны скарб для сябе. І кажа нам, што цярпенне з’яўляецца нечым вельмі істотным, калі накіруем яго ў адпаведным напрамку. Але часта не ёсць так. Цярпенне як скарб неаднойчы прайграе, становячыся жалем, абвінавачваннем, роспаччу. Прайграе, калі канцэнтруецца на сабе і шукае сабе апраўдання. І тады Бог падасца тым, хто з’яўляецца ворагам чалавечага шчасця. А на самой справе гэта не так, бо «Бог найбольшы гонар робіць не тады, калі шмат дае, але калі шмат патрабуе». Але не толькі. Тым, хто канцэнтруецца на сваіх няўдачах і трагедыях, падказвае, што гэта мы павінны суцяшаць Езуса. Паглядзіце, якая цудоўная гэтая пастава: не закрывацца ва ўласнай прыгнечанасці і пакутах, але аддаваць гэта Богу, суцяшаць Яго, жыць Ягонымі перажываннямі. А перажыванняў Бог мае досыць. Бо шмат грэшных людзей, а кожны з іх з’яўляецца Яго асаблівай часткай, і кожнага з іх Ён асабліва палюбіў. Тэрэза ведае пра гэта і кажа, што хацела б прымусіць Бога, бо для Яго ўсё магчыма, каб збавіў усіх людзей. Але цярпенне можа мець таксама іншае вымярэнне і можа прыняць паставу штодзённага клопату. Устаючы раніцай, казала Езусу: «Ты ўжо напрацаваўся, досыць наплакаўся падчас трыццаці трох гадоў свайго жыцця на зямлі. Сёння адпачні сабе. Цяпер мая чарга змагацца і пакутаваць». Сама, дарэчы, спаглядае на сваё жыццё не інакш, як у перспектыве вечнасці. «Не ведаю, што можна мець пасля смерці больш, чым тое, што маю ў гэтым жыцці. Калі маю быць з Езусам, то я ўся Ягоная на зямлі». Будучы ў небе, будзе яшчэ бліжэй нам, бо неба блізка, бо неба — гэта любоў, бо неба — гэта не ўцёк ад свету, але спосаб, каб яшчэ больш любіць сваіх братоў і сясцёр, а перадусім тых, якія сталіся марнатраўнымі сынамі. Святая Тэрэза не хоча ў небе браць, але хоча на зямлі рабіць шмат дабра. Хоча на зямлі правесці свой рай так доўга, як душы будуць патрабаваць збаўлення, аж да сканчэння свету. Адпачне тады, кажа, калі лічба збаўленых будзе поўнай. Яна хоча быць у небе, як кажа, не дзеля таго, каб адпачываць, але каб гэтае неба наблізіць для кожнага чалавека, затрымаць адкрытае неба так доўга, як гэта будзе патрэбна, ажно да апошняга. Гэта цудоўны плён быцця любоўю ў сэрцы Касцёла, каб ніхто не быў асуджаны. «Хачу маё неба перажыць на зямлі, аж да сканчэння свету. Так, хачу, каб маім небам было чыніць дабро на зямлі… Не змагу спыніцца да канца свету, пакуль душы будуць патрабаваць збаўлення, пакуль лічба выбраных будзе поўнай». Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус! |
Адноўлена 17.06.2011 14:40 |