20 жніўня 2011 г. Ваша Эксцэленцыя, Дарагія браты біскупы, Паважаныя святары і кансэкраваныя асобы з Ордэна Гаспітальераў Святога Яна Божага, Паважаныя ўлады, Дарагія юнакі і дзяўчаты, сем’і і валанцёры,
я шчыра дзякую вам за вашае ласкавае прывітанне і сардэчны прыём.
Сёння вечарам, якраз перад малітоўным чуваннем з моладдзю з усяго свету, сабранай у Мадрыдзе на гэты Сусветны дзень моладзі, у нас ёсць магчымасць правесці час разам, як спосаб прадэманстраваць блізкасць Папы і павагу да кожнага з вас, да вашых сем’яў і ўсіх тых, хто дапамагае і клапоціцца аб вас ў Фундацыі Інстытута святога Юзафа.
Маладосць, як я ўжо казаў некалькі разоў, — гэта ўзрост, калі жыццё раскрываецца перад намі з усімі яго багатымі магчымасцямі, натхняючы нас шукаць высокіх мэтаў, якія надаюць яму значэнне. Таму, калі на гарызонце маладога жыцця з’яўляюцца пакуты, мы ўзрушаны; магчыма, мы задаём сабе пытанне: «Ці можа жыццё быць чымсьці узвышаным, нават калі нечакана ў яго ўваходзіць пакута?» У маёй энцыкліцы аб хрысціянскай надзеі я заўважыў, што «сапраўдная мера чалавецтва істотна адрозніваецца ў адносінах да пакутаў і пакутуючых ... Грамадства, якое не можа прыняць яго пакутуючых членаў і не здольнае дапамагчы раздзяліць іх пакуты і адносіцца да іх з унутраным суперажываннем, з’яўляецца жорсткім і бесчалавечным грамадствам» (Spe Salvi, 38). Гэтыя словы адлюстроўваюць даўнія традыцыі чалавецтва, якое ўзнікае з уласнай адданасці Хрыста на крыжы за нас і дзеля нашага адкуплення. Езус, яго Балесная Маці і святыя з’яўляюцца сведкамі, якія паказваюць нам, як перажыць трагедыю пакуты для нашага ж дабра і для выратавання свету.
Гэтыя сведкі кажуць нам, перш за ўсё, пра годнасць чалавечага жыцця, створанага па вобразу і падабенству Бога. Няма пакуты, якая можа сцерці гэты чароўны вобраз, захаваны ў глыбінях нашага чалавецтва. Больш за тое: паколькі Сын Божы хацеў свабодна прыняць пакуты і смерць, мы таксама здольныя бачыць вобраз Божы ў твары тых, хто пакутуе. Гэтая вялікая любоў Госпада да пакутуючых дапамагае нам убачыць іншых людзей больш выразна і даць ім, вышэй і па-за іх матэрыяльнымі патрабаваннямі, позірк любові, які ім патрэбны. Але гэта можа адбыцца толькі як плён асабістай сустрэчы з Хрыстом. Вы самі, як рэлігійныя асобы, члены сям’і, работнікі сферы аховы здароўя і валанцёры, якія штодня жывяце і працуеце з гэтымі маладымі людзьмі, гэта добра ведаеце. Ваша жыццё і ваша дасканалае служэнне абвяшчаюць веліч, да якой пакліканы кожны чалавек: паказваць спагаду і любоў пакутуючым, як гэта рабіў сам Бог. У вашай высакароднай справе мы чуем рэха слоў з Евангелля: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх найменшых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40).
У той жа час вы таксама з’яўляецеся сведкамі велізарнага дабра, якое прадстаўляе жыццё гэтых маладых людзей, для тых, хто любіць іх, і для ўсяго чалавецтва. Таямнічым і адначасова рэальным чынам іх прысутнасць абуджае ў нашых часта разлютаваных сэрцах пяшчоту, якая з’яўляецца шляхам да выратавання. Жыццё гэтых маладых людзей, безумоўна, закранае чалавечыя сэрцы і па гэтай прычыне мы ўдзячныя Пану за тое, што ведаем іх.
Дарагія сябры, наша грамадства, якое вельмі часта задае пытанні наконт бясцэннай каштоўнасці жыцця, наконт кожнага жыцця, патрабуе вас: рашучым чынам вы дапамагаеце будаваць цывілізацыю любові. Больш таго, вы адыгрываеце вядучую ролю ў гэтай цывілізацыі. Як сыны і дочкі Касцёла, вы прапануеце Пану ваша жыццё, з усімі ўзлётамі і падзеннямі, супрацоўнічаючы з Ім і пэўным чынам становячыся «часткай скарбніцы спагады, якая вельмі моцна неабходна чалавечаму роду» (Spe Salvi, 40). З вялікай любоўю і праз заступніцтва святога Юзафа, святога Яна Божага і Святога Бэніто Мэнні, я клічу вас да Бога Пана нашага: няхай Ён будзе вашай сілай і вашай ўзнагародай. У знак Яго любові я сардэчна ўдзяляю вам, вашым сем’ям і сябрам, маё апостальскае благаслаўленне. Вялікі дзякуй.
|