Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Уступнае слова Мітрапаліта Кандрусевіча на адкрыцці ўрачыстасцяў, прысвечаных 10-годдзю адраджэння семінарыі ў Пінску


Пінск, 29 верасня 2011 г.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі

У новы шлях «Alma Mater Piskensis»

Вашыя Эксцэленцыі, рэктар і прафесары Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, выпускнікі, семінарысты, госці.

Ад усяго сэрца вітаю ўсіх вас і дзякую за тое, што прынялі нашае запрашэнне на свята 10-годдзя адраджэння семінарыі.

2011 год — год беатыфікацыі вялікага прарока нашага часу папы Яна Паўла II, які залатымі літарамі ўпісаўся ў гіcторыю Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, год круглых дат у жыцці сучаснага Касцёла ў Беларусі. 19 чэрвеня перад касцёлам свв. Сымона і Алены ў Мінску з удзелам старшыні Папскай рады «Cor unum» кардынала Робэра Сара, біскупаў з Беларусі, Украіны, Латвіі і Расіі, прадстаўнікоў Праваслаўнай Царквы і дзяржаўнай улады, шматлікіх святароў і шматлікіх вернікаў мы ўрачыста адзначалі 20-годдзе адраджэння структур Каталіцкага Касцёла і заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі ў нашай Бацькаўшчыне. Гэта быў дзень, калі Касцёл у Беларусі спяваў «Te Deum» і дзякаваў Богу за вялікія справы, якія ён учыніў і чыніць у ім.

Сёння на берагах ціхай Піны, у гістарычным будынку пінскай духоўнай семінарыі мы ізноў спяваем нашае «Te Deum» за яе адраджэнне і дзесяцігадовую дзейнасць. У гэты дзень мы дзякуем Богу за дар і ласку аднаўлення яе дзейнасці пасля 60 гадоў. Дзякуем Яго Эмінэнцыі кардыналу Казіміру Свёнтку, якога нядаўна Бог паклікаў да сябе, за яго смелае рашэнне адкрыць семінарыю, за рэстаўрацыю яе будынкаў, за падбор прафесараў і кіраванне ўстановай. Дзякуем таксама біскупу Віцебскаму Уладзіславу Бліну, які разам з кардыналам Казімірам Свёнткам стаяў ля вытокаў гэтай семінарыі, бо яна заснавана для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій. Дзякуем спонсарам, усім, хто клапаціўся і працягвае клапаціцца аб тым, каб яна магла дзейнічаць, дзякуем кіраўніцтву, прафесарам і ўсім працаўнікам. Дзякуем таксама выпускнікам і семінарыстам, якія захацелі тут, на берагах Піны, атрымаць фармацыю да святарства.

Сярод шматлікіх гасцей, якія прыбылі на нашу ўрачыстасць дазволю сабе адзначыць некаторых.

Знакам супольнай адказнасці за падрыхтоўку новых святароў і знакам салідарнасці з’яўляецца прысутнасць ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі біскупа Уладзіслава Бліна, для якога пінская семінарыя з’яўляецца сваёй, дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Велікасельца, а таксама прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў кармэлітаў і арыяністаў, семінарысты якіх праходзяць святарскую фармацыю у гэтай «Alma Mater».

Важным з’яўляецца прысутнасць дэлегацыі з Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі на чале з яе рэктарам. Менавіта ў ёй ужо больш за два дзесяцігоддзі таму распачалася падрыхтоўка новых святароў з нашай зямлі для Касцёла ў Беларусі. Мы павінны карыстацца іх досведам і практыкай, а таксама абменьвацца вопытам.

Цешуся з таго, што ўводную лекцыю нам прачытае кс. прэлат Юры Стэцкевіч, пробашч прафіі св. Войцеха (Адальберта) у Калінінградзе. Менавіта ён стаяў ля вытокаў адраджэння Каталіцкага Касцёла ва Усходняй Прусіі і заснаваў у Калінінградзе Каледж каталіцкай тэалогіі.

Семінарыя — гэта сэрца мясцовага Касцёла, і яно павінна біцца рытмічна, каб сілкаваць яго жывы арганізм новымі святарамі, што і з’яўляецца яе заданнем. Каб яго можна было выканаць, найперш патрэбны новыя пакліканні. Не дастаткова мець добра адноўлены будынак. У ім павінны быць кандыдаты да святарства. Пакліканне да святарства — гэта задача ўсяго Касцёла, у тым ліку і семінарыі. Мы ўдзячныя Богу, што ў гэтым годзе Ён асабліва благаславіў нас новымі пакліканнямі. Аднак спыняцца на дасягнутым нельга. «Qui non progregit — regredit» — «Хто не імкнецца наперад, той ідзе назад». А мы павінны ісці наперад. Касцёл у Беларусі, які адраджаецца, і новыя выклікі сучаснасці патрабуюць новых, добра падрыхтаваных і святых слугаў алтара.  

Пінская духоўная семінарыя пачынае пісаць новую старонку сваёй гісторыі. Выказваю надзею, што сённяшнія ўрачыстасці, з аднаго боку, стануць знакам удзячнасці Богу за ўсе Яго дабрадзействы як у галіне адраджэння семінарыі, так і яе дзейнасці, а таксама знакам падвядзення вынікаў і рахунку сумлення, а з іншага — дадуць новыя сілы і ўпэўненасць у выкананні закліку Хрыста: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё» (Мц 9, 37–38).

З гэтымі пажаданнямі і воклічам «у новы шлях „Alma Mater Pinskensis“» аб’яўляю ўрачыстасці, прысвечаныя 10-годдзю адраджэння Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, адкрытымі.

Адноўлена 29.09.2011 15:44
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску