19 студзеня 2013 г., мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі
Вандруючы разам з Богам
Глыбокапаважаныя браты і сёстры, прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій!
1. Нягледзячы на немалыя дасягненні ў галіне адзінства хрысціянаў за апошняе стагоддзе, тым не менш падзелы існуюць, і часамі нават вельмі сур’ёзныя. Іх крыніцай з’яўляюцца як дактрынальныя, так і гістарычныя, нацыяналістычныя, каставыя, расавыя і г.д. прычыны. Усё гэта становіцца вялікім выклікам як для саміх хрысціянскіх Касцёлаў і супольнасцяў, так і для неабходнасці маральнага сведчання Касцёла як адзінага Цела Хрыста. Сёлетні Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў заклікае нас засяродзіцца над пытаннем з кнігі прарока Міхея: «Чаго Бог чакае ад нас?» (пар. Міх 6, 6-8)
2. Для адказу на гэтае пытанне мы звяртаемся да прадстаўленай тым самым прарокам метафары вандравання: «О, чалавеча! Сказанага табе, што — дабро, і чаго патрабуе ад цябе Пан: дзейнічаць справядліва, любіць справы міласэрнасці і пакорна і мудра хадзіць перад Богам тваім» (Міх 6, 8). Марш да Бога — гэта марш да еднасці. Зразумела, што калі мы ўсе будзем імкнуцца да Бога, то, нягледзячы на існуючыя розніцы, мы, набліжаючыся да Яго, будзем бліжэй адзін да аднаго. Як Хрыстус не падзелены, але адзіны (пар. 1 Кар 1, 13), таксама і мы павінны быць адзінымі (пар. Гал 3, 28). Таму сённяшняя малітва аб адзінстве, якога сам Хрыстус чакае ад нас, павінна дапамагчы збурыць муры падзелаў паміж намі.
Для пакорнага вандравання з Богам неабходна слухаць Яго заклік і выйсці з месца нашай асабістай і супольнай выгоды, каб спадарожнічаць іншым, асабліва тым, хто патрабуе нашай дапамогі, у тым ліку ў справе ажыццяўлення запавету Хрыста, каб усе былі адно (пар. Ян 17, 21).
3. Хаця нярэдка нам здаецца, што няма надзеі на лепшае, у тым ліку і на еднасць хрысціянаў, тым не менш прарок Эзэкііль, як гэта мы пачулі ў першым чытанні, яе вяртае, бо Бог ажыўляе нават сухія косці (пар. Эз 37, 1-12). У словах прарока Эзэкііля мы знаходзім гісторыю і вопыт многіх народаў, у тым ліку і нашага. Яшчэ зусім нядаўна здавалася, што гэтая спаленая атэістычным Чарнобылем зямля больш не ажыве да духоўнага жыцця. Аднак Бог учыніў інакш.
Падобна адбываецца і з імкненнем да адзінства хрысціянаў: калі здаецца, што ўсе высілкі дарэмныя, нельга апускаць рук, неабходна даверыцца Хрысту, які можа ўчыніць цуд. Але для гэтага трэба следаваць за Ім.
Жыццё хрысціянаў напоўнена праўдай крыжа, і яны пакліканы да крыжовага шляху. Пасланне да Габрэяў, якое мы пачулі ў сённяшнім другім чытанні, тлумачыць нам збаўчы характар цярпенняў Хрыста за іншых людзей, якія Ён меў «за брамай» (маецца на ўвазе брама горада Ерузалема). Далей аўтар гэтага Паслання заклікае нас выйсці «за табар» — гэта азначае за сваю браму, і далучыцца да церпячых і патрабуючых нашай дапамогі, каб ім дапамагчы (Эз 13, 12-17).
У святле навучання прарока Эзэкііля трэба бачыць неабходнасць супольнай малітвы і супольнага дзеяння ў інтэнцыі адзінства хрысціянаў. Гэта нялёгкі і нават крыжовы шлях. Але як праз крыж мы былі збаўлены, таксама і праз крыж мы можам прыйсці да еднасці. Неабходна выйсці за «сваю агароджу» і за «свой падворак», памятаючы аб тым, што іншыя хрысціянскія Касцёлы і супольнасці здзяйсняюць многія хрысціянскія рэлігійныя дзеянні, якія, у залежнасці ад розных умоваў кожнага Касцёла або супольнасці, могуць розным чынам абудзіць жыццё ласкі і здольныя адкрыць доступ да збаўлення, — як навучае Другі Ватыканскі Сабор у Дэкрэце пра экуменізм «Unitatis redintegratio» (пар. UR 3).
У імкненні да еднасці асабліва важным з’яўляецца тэкст сённяшняга Евангелля аб устанаўленні Эўхарыстыі. Цела Хрыста было выдадзена на дрэве крыжа «за нас» і за нашы грахі (пар. Лк 22, 14-23). Апісанне Апошняй Вечары апярэджвае крыжовую муку і смерць Хрыста. І ад гэтага моманту мы цэлебруем яе падчас кожнай Эўхарыстыі як перамогу Хрыста над смерцю. У гэтай цэлебрацыі выдадзенае за нас Цела Хрыста з’яўляецца Яго праслаўленым і ўваскросшым целам, мы яго ламаем, каб прымаць удзел у жыцці Збаўцы і ў Ім быць адзіным целам.
Для нас, хрысціян, Эўхарыстыя акурат і з’яўляецца тым, што найбольш сутнасна выяўляе глыбіню падзелаў, бо мы не можам супольна яе цэлебраваць і прымаць. Асэнсаванне гэтай сітуацыі павінна схіляць нас да большых высілкаў у імкненні да адзінства.
4. Вандраванне з выдадзеным за нас Целам Хрыста ў святле навучання папы Бэнэдыкта XVI павінна весці да сапраўды эўхарыстычнага жыцця. У Апостальскай адгартацыі пра Эўхарыстыю «Sacramentum caritatis» Папа навучае аб усеахопнай плённасці эўхарыстычнага культу. Між іншым, ён кажа, што гэты культ «ахоплівае кожны аспект існавання, перамяняючы яго: „Таму ці ясцё, ці п’яцё, ці што іншае робіце, усё рабіце на хвалу Божую“ (1 Кар 10, 31). У кожным праяўленні свайго жыцця хрысціянін пакліканы да праўдзівага Божага культу. Адсюль набывае ўнутраную форму эўхарыстычная прырода хрысціянскага жыцця. Наколькі Эўхарыстыя актывізуе чалавечую рэчаіснасць верніка ў яе штодзённай канкрэтнасці, настолькі робіць магчымым, дзень за днём, паступовую перамену чалавека, пакліканага праз ласку да таго, каб быць вобразам Божага Сына (пар. Рым 8, 29 і наст.). Няма нічога найбольш аўтэнтычнага для чалавека — думак і пачуццяў, слоў і чынаў, — што не знаходзіла б у сакрамэнце Эўхарыстыі адпаведнай формы поўнай іх рэалізацыі. Тут выяўляецца ўся антрапалагічная каштоўнасць радыкальнай навізны, якую прынёс Хрыстус у Эўхарыстыі: пакланенне Богу не можа ў чалавечым існаванні абмяжоўвацца канкрэтным прыватным момантам, але па сваёй сутнасці павінна пранікаць у кожны аспект чалавечай рэчаіснасці. Культ, прыемны Богу, становіцца такім чынам новым спосабам успрыняцця ўсіх абставінаў жыцця, дзе кожная дробязь вылучана, бо разглядаецца ў кантэксце сувязі з Хрыстом, як ахвяра, прынесеная Богу. Хвала Бога — гэта жывы чалавек (пар. 1 Кар 10, 31). А жыццё чалавека — гэта бачанне Бога» (SC 71).
Усё гэта азначае, што справа не ідзе выключна аб веры ў Эўхарыстыю і яе цэлебрацыі, але і аб жыцці ёю.
5. Гэтае жыццё павінна таксама праяўляцца і ў імкненні да хрысціянскай еднасці, аб чым сведчыць наша сённяшняя супольная малітва. Сведчыць аб гэтым і ўжо 105-гадовая практыка падобных малітоўных сустрэч. Сведчыць таксама і праца Тэалагічнай каталіцка-праваслаўнай камісіі. Сведчыць і мінулы Сінод Біскупаў, які праходзіў у Ватыкане 7–28 кастрычніка 2012 г. і быў прысвечаны новай евангелізацыі для перадачы веры. У працах Сіноду прынялі ўдзел прадстаўнікі многіх хрысціянскіх Касцёлаў і супольнасцяў. Сярод іх неабходна назваць Патрыярха Канстацінопальскага Барталамея, старшыню Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліта Іларыёна, кіраўніка Англіканскай Царквы Вялікабрытаніі і духоўнага лідара сусветнай англіканскай супольнасці архіепіскапа Кентэрбэрыйскага Роўэна Уільямса. Усе яны выказалі сваю занепакоенасць станам веры і адназначна выказаліся за неабходнасць сумеснага абвяшчэння Евангелля і абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў. Мітрапаліт Іларыён нават заклікаў да стварэння сумеснага праваслаўна-каталіцкага альянсу.
Адна з прапаноў Сіноду заахвочвае больш увагі прысвячаць экуменічнаму вымярэнню новай евангелізацыі. Пры гэтым падкрэсліваецца, што давер нашага служэння Евангеллю будзе значна большы, калі мы пераможам існуючыя падзелы (пар. NEaChFT, propositio 52).
6. Дык чаго ж Бог жадае ад нас, хрысціян ужо трэцяга тысячагоддзя? У першую чаргу еднасці, як запавету Збаўцы. А каб дасягнуць яе, нам неабходна вандраваць разам з Хрыстом і такім чынам быць разам з Ім, што будзе знакам нашага адзінства. Вандраваць, нягледзячы на цяжкасці, бо Бог можа ўчыніць цуд. Вандраваць, несучы свой крыж і адкрываючыся на іншых. Вандраваць, будучы ў сваім жыцці эўхарыстычнымі, служачымі і дапамагаючымі іншым.
У сучасным падзеленым свеце, які пастаянна змяняецца, заклік Хрыста да адзінства павінен стаць прыярытэтам у абвяшчэнні Евангелля і ўмацаванні веры з мэтай змянення гэтага свету на лепшае. Рэальнасць, у якой мы жывём, патрабуе ад нас навяртання і аўта-крытычнай рэфлексіі аб нашых памылках з мэтай вылечыць крывавячыя раны падзелу на містычным Целе Хрыста. Нам неабходна выбіраць тое, што нас аб’ядноўвае, замест таго, што раздзяляе. Часта мы баімся выйсці за агароджу сваёй супольнасці, бо думаем, што наша дзейнасць абмежавана толькі ёю, што гэта цэнтр нашага жыцця. У такой сітуацыі мы павінны ўзяць натхненне ў Хрыста, які пакінуў свой нябесны дом і пайшоў у свет, каб сваёй любоўю ахапіць яго. Таксама і мы павінны выйсці за межы цэнтра нашага жыцця і пайсці да іншых, каб там учыніць эпіцэнтр нашай дзейнасці. Гэта найлепшы шлях перадаць пасланне Езуса аб еднасці.
Калі нашы звычкі паўтараюць нам словы Каіна: «ці я вартаўнік майму брату?» (пар. Быц 4. 9), то гэта азначае, што мы не жадаем дазволіць Духу Хрыста дзейнічаць у нас. У той жа час адкрыццё на іншых вядзе да еднасці, братэрства і аўтэнтычнага жыцця Евангеллем, чаго патрабуе сучасны свет.
Таму, дарагія браты і сёстры, нягледзячы на існуючыя паміж намі адрозненні, будзем памятаць аб тым, што ўсе мы хрысціяне і таму нам усім разам неабходна вандраваць па нашым жыцці з Богам, каб быць сведкамі хрысціянства і ажыццяўляць так жаданую Хрыстом ідэю нашага адзінства, каб свет паверыў (пар. Ян 17, 21) і вераю быў збаўлены. Амэн.
Выкарыстаная літаратурa і прынятыя скарачэнні:
- Другі Ватыканскі Сабор. Дэкрэт пра экуменізм «Unitatis redintegratio» (UR).
- Бэнэдыкт XVI. Апостальская адгартацыя пра Эўхарыстыю «Sacramentum caritatis» (SC).
- Nova Evangelizatio ad Christianam Fidei Tradendum. Elenchus unicum propositionum, Typis Vaticanis, 23. XI. 2012 (NEaChFT).
|