Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
2 лютага — свята Ахвяравання Пана
Калі свята прыпадае на будні дзень,
перад Евангеллем чытаецца толькі адно чытанне

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Мал 3, 1–4

Прыйдзе ў сваю святыню Пан, якога вы шукаеце

Чытанне кнігі прарока Малахіі.

Так кажа Пан Бог:

Вось Я пашлю анёла майго, і ён падрыхтуе дарогу перада Мною. І нечакана прыйдзе ў сваю святыню Пан, якога вы шукаеце, і анёл запавету, якога вы чакаеце. Вось Ён ідзе. І хто вытрывае ў дзень Ягонага прыйсця, і хто ўстаіць, калі Ён з’явіцца? Бо Ён, як агонь плавільшчыка, і як луг, што ачышчае. І сядзе, як плавільшчык і як той, хто ачышчае серабро, і ачысціць сыноў Левія, і пераплавіць іх, як золата і серабро, і яны будуць прыносіць Пану ахвяру ў справядлівасці. Тады спадабаецца Пану ахвяра Юды і Ерузалема, як у дні даўнія і як у мінулыя гады.

Гэта слова Божае.

а

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
         Пс 24 (23), 7–8. 9–10 (Р.: 10b)

Рэфрэн: Пан Магуццяў, Ён кароль славы.

7. Падыміце, вярхі вашыя, брамы, †
узніміцеся, адвечныя вароты, *
каб увайшоў кароль славы.
8. Хто ж гэты Кароль славы? †
Пан, моцны і магутны, *
Пан, магутны ў барацьбе.

Рэфрэн:

9. Падыміце, вярхі вашыя, брамы, †
узніміцеся, адвечныя вароты, *
каб увайшоў кароль славы.
10. Хто Ён, гэты Кароль славы? *
Пан Магуццяў, Ён кароль славы.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Гбр 2, 14–18

Ён павінен быў ва ўсім прыпадобніцца да братоў

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Паколькі дзеці маюць удзел у целе і крыві, таму ў іх падобным чынам прыняў удзел таксама Езус, каб праз смерць нізрынуць таго, хто мае ўладу над смерцю, гэта значыць, д’ябла, каб збавіць тых, хто ўсё жыццё быў зняволены страхам перад смерцю. Бо, сапраўды, Ён дапамагае не анёлам, а патомству Абрагама. Таму Ён павінен быў ва ўсім прыпадобніцца да братоў, каб стаць міласэрным і верным першасвятаром у справах Божых для ўміласціўлення за грахі народа. Бо, як Ён цярпеў, праходзячы праз выпрабаванні, так можа дапамагчы тым, каго выпрабоўваюць.

Гэта слова Божае.

а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Лк 2, 32
Святло для асвятлення язычнікаў
і хвала народа Твайго Ізраэля.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 2, 22–32

Вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі Езуса прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць перад Панам, як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або два галубкі.

Жыў у Ерузалеме чалавек, імя якога Сімяон. Быў гэта чалавек праведны і пабожны, які чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы спачываў на ім. Адкрыў яму Дух Святы, што ён не ўбачыць смерці, пакуль не ўбачыць Месію Пана. І прыйшоў, натхнёны Духам, у святыню. І калі бацькі прынеслі Дзіця Езуса, каб учыніць з Ім паводле звычаю Закона, ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў:

Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару,
паводле слова Твайго, у спакоі;
бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё,
якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў:
святло для асвятлення язычнікаў
і хвалу народа Твайго Ізраэля.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 02.02.2010 11:21
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.