Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара
08.06.2017 08:47

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Гбр 10, 11–18

Ён адной ахвярай назаўсёды зрабіў дасканалымі асвячаных

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Кожны святар штодзённа стаіць у служэнні і шмат разоў прыносіць адны і тыя ж ахвяры, якія ніколі не могуць знішчыць грахоў.

А Езус Хрыстус, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога, чакаючы таго часу, калі ворагі Ягоныя будуць пакладзены як падножжа ног Ягоных. Бо Ён адной ахвярай назаўсёды зрабіў дасканалымі асвячаных.

Пра гэта сведчыць нам і Дух Святы, бо сказана: Вось запавет, які ўстанаўлю з імі пасля гэтых дзён, — кажа Пан: укладу законы Мае ў іхнія сэрцы, і запішу іх у розуме іхнім, а грахоў і беззаконняў іх больш не ўспомню.

А дзе ёсць прабачэнне грахоў, там ужо няма ахвяры за іх.

Гэта слова Божае.


РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 110 (109), 1. 2. 3–4  (Р.: 4bc)

Рэфрэн: Ты святар навекі на ўзор Мэльхізэдэка.

1. Пан сказаў майму Пану: *Сядай праваруч мяне, пакуль не пакладу ворагаў Тваіх *да падножжа Твайго.

Рэфрэн:

2. Жазло сілы Тваёй *спашле Пан з Сіёну: будзеш валадарыць *сярод ворагаў Тваіх.

Рэфрэн:

3. З Табою панаванне ў дзень Тваёй моцы, у бляску святасці, *з улоння перад світаннем нарадзіў Цябе.4. Пан прысягнуў і не пашкадуе: *Ты святар навекі на ўзор Мэльхізэдэка.Рэфрэн:


СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Пар.: Флп 2, 8-9

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Для нас Хрыстус прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай.

Таму Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усялякае імя.Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.


ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 14,22–25

Гэта Цела Маё. Гэта Мая Кроў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

І калі яны елі, Езус, узяўшы хлеб, благаславіў, ламаў і даваў ім, кажучы: Бярыце, гэта Цела Маё. І, узяўшы келіх, падзякаваў і даў ім; і пілі з яго ўсе. І сказаў ім: Гэта Мая Кроў запавету, якая за многіх праліваецца. Сапраўды кажу вам, што ўжо не буду піць ад плоду вінаграднай лазы да таго дня, калі буду піць яго новым у Валадарстве Божым.

Гэта слова Пана.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.