Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
14 верасня — свята Узвышэння Святога Крыжа

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Ліч 21, 4b–9

Кожны ўкушаны застанецца жыць

Чытанне кнігі Лічбаў.

У тыя дні:

Людзі ў дарозе пачалі губляць цярплівасць. Яны казалі супраць Бога і супраць Майсея: Навошта вывелі нас з Егіпту, каб мы памерлі ў пустыні? Бо няма хлеба, няма вады, і надакучыла нам гэтая нікчэмная ежа.

Тады спаслаў Пан на людзей ядавітых змеяў, якія кусалі народ, і шмат людзей з Ізраэля памерла. Прыйшлі людзі да Майсея і сказалі: Зграшылі мы, бо казалі супраць Пана і супраць цябе. Памаліся да Пана, каб Ён аддаліў ад нас змеяў. І памаліўся Майсей за народ.

І сказаў Пан Майсею: Зрабі сабе змея і павесь яго на жэрдзі. Тады кожны ўкушаны, калі паглядзіць на яго, застанецца жыць. І зрабіў Майсей меднага змея, і ўзняў яго на жэрдзі. А калі ядавітая змяя кусала чалавека, ён глядзеў на меднага змея і заставаўся жывы.

Гэта слова Божае.

а

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Пс 78 (77), 1–2. 34–35. 36–37. 38 (Р.: пар. 7c)

Рэфрэн: Не будзем забываць пра справы Пана.

1. О, мой народ, слухай закон мой,
схіліце свае вушы да слоў маіх вуснаў.
2. У прыпавесцях я адкрыю свае вусны
і раскажу пра таямніцы даўняга веку.

Рэфрэн:

34. Калі Пан забіваў іх, тады Яго шукалі,
вярталіся і зноў шукалі Бога.
35. І ўспаміналі, што Бог — іхняя скала,
што Найвышэйшы Бог — іх Збаўца.

Рэфрэн:

36. І ліслівілі Яму сваімі вуснамі,
і языкамі сваімі хлусілі Яму.
37. Іх сэрцы не былі шчырыя з Ім,
і не захоўвалі вернасць Яго запавету.

Рэфрэн:

38. Але Бог міласэрны,
Ён дараваў ім несправядлівасць і не знішчаў іх.
Ён часта адварочваў гнеў свой
і не запальваў усёй лютасці сваёй.

Рэфрэн:

ф ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Флп 2, 6–11

Прынізіў сябе, Таму Бог узвысіў Яго

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.

Езус Хрыстус, будучы ў постаці Бога, не палічыў патрэбным быць на роўні з Богам, але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, прыпадобніўшыся да людзей. І з выгляду стаўшы, як чалавек, прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай. Таму Бог  узвысіў Яго, і даў Яму імя па-над усялякае імя, каб на імя Езуса схілілася кожнае калена стварэнняў нябесных, зямных і падземных, і каб кожны язык вызнаваў, што Панам ёсць Езус Хрыстус дзеля хвалы Бога Айца.

Гэта слова Божае.а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Кланяемся Табе, Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе:
бо праз крыж свой Ты свет адкупіў.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 3, 13–17

Павінен быць узвышаны Сын Чалавечы

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў Нікадэму: Ніхто не ўзышоў на неба, акрамя таго, хто сышоў з неба, Сына Чалавечага. І як Майсей узвысіў змяю ў пустыні, так павінен быць узвышаны Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго меў жыццё вечнае. Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго.

Гэта слова Пана.

Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 13.08.2010 17:38
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.