Уважлівы чытач Бібліі адразу заўважыць, што тэма плоднасці і ўсяго, што звязана з размнажэннем, з’яўляецца адной з галоўных у Кнізе кніг. Ужо першыя словы Бога, звернутыя да чалавека, непасрэдна датычацца плоднасці: «пладзіцеся і размнажайцеся, напаўняйце зямлю і валодайце ёю». Бог хоча, каб нас было шмат і каб мы карысталіся пладамі зямлі. Ужо ў самым пачатку стварэння таямнічым чынам аказваюцца звязанымі плоднасць чалавека і ўрадлівасць зямлі.