Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цэтлік [Салезіянскі сімпозіум]
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас святой Імшы ў рамках сімпозіума, прысвечанага 150-годдзю заснавання Таварыства святога Францішка Сальскага (салезіянаў)
2009-11-20 15:10:26
Мінск, касцёл св. Яна Хрысціцеля, 20 лістапада 2009 г.

З моманту заснавання Таварыства святога Францішка Сальскага прайшло шмат гадоў, а супольнасць працягвае існаваць і развівацца. Гэта адбываецца таму, што члены таварыства ва ўсім свеце вельмі актыўна ўключыліся ў выхаванне моладзі да адказнага жыцця ў грамадстве. Якое ж значэнне мы надаем паняццю выхавання?

Выхаваны чалавек патрэбны усім групам людзей. Такі чалавек патрэбны грамадству, сям’і, народу. Будучыня гэтых груп у многім залежыць ад таго, якое выхаванне атрымае падрастаючае пакаленне. Прадстаўнікі роду, нацыі, грамадства могуць дасягнуць вышыні чалавечых магчымасцяў, але таксама могуць прынесці чалавецтву нямала праблем сваімі адмоўнымі паводзінамі, якія выхавацелі не змаглі змяніць у працэсе фарміравання асобы.

Выхаванне — сістэма працэдур, якія маюць на мэце сфарміраваць чалавека ў фізічным, маральным, духоўным і пачуццёвым сэнсе, а таксама падрыхтаваць яго да жыцця сярод іншых: у сям’і, грамадстве, свеце. Яно з’яўляецца па сутнасці давядзеннем кагосьці да асабовай сталасці, умення шанаваць спадчыну бацькоў, выконваць у асяроддзі людзей адказныя заданні, прымаць рашэнні, займацца творчасцю.

Выхаванне адрозніваецца ад гадавання, якое мае на мэце забяспечыць раслінам і жывёлам належны біялагічны рост, а таксама ад дрэсіроўкі, ці прывучэння звяроў да належнага рэагавання на знешнія раздражняльнікі. Выхаванне адносіцца выключна да чалавека і заклікана сфарміраваць у ім разумныя, годныя і амбітныя паводзіны, уменне рабіць жыццёвы выбар, заснаваны на светапоглядзе, маральных нормах, палітычным пункце гледжання. Выхаванне вучыць таксама прытрымлівацца адназначнай і празрыстай паставы, не зважаючы на тое, што прыніжае чалавечую істоту і кампраметуе яе.

Хоць выхаванне падобна да адукацыі, аднак не ідэнтычна яму. Адукацыя мае на мэце перадачу ведаў, выпрацоўку прафесійных навыкаў, выхаванне ж ідзе далей і фарміруе цэласную ў адносінах да асяроддзя і свету асобу, якая разумеецца ў шырокім гістарычным сэнсе. Паняцце выхавання ўключае працэс фарміравання і іншага чалавека, і самога сябе, г. зн. свядомы ўплыў на асабістае развіццё. І першае, і другое працягваецца ўсё жыццё. Па меры сталення асобы павялічваецца роля самавыхавання.

У Святым Пісанні выхавацелем у поўным значэнні гэтага слова з’яўляецца Бог, які сам або праз сваіх пасярэднікаў, праз павучэнні і іспыты з бацькоўскім клопатам і любоўю вядзе народ Ізраэля да навяртання і духоўнай дасканаласці. Гэта знайшло адлюстраванне ў Кнізе Другазаконня: «І ведай, што ў сэрцы тваім, што Гасподзь, Бог твой, вучыць цябе, як чалавек вучыць сына свайго» (пар. Дрг 8, 5). Гэта адгалосак ранейшых слоў прарока аб любові Бога да сваіх дзяцей: «Калі Ізраіль быў дзіцём, Я палюбіў яго… Я сам вучыў Эфраіма хадзіць, насіў яго на сваіх руках… Я прыцягваў яго повязямі чалавечнасці, повязямі любові… схіляўся над ім і карміў яго» (пар. Ос 11, 1–4).

Біблейская педагогіка з’яўляецца сямейнай педагогікай, пабудаванай па прынцыпу «бацька — сын», а яе мэта — мудрасць, якая жывіцца Божай моцай і з’яўляецца люстэркам Усемагутнага, вобразам Яго бачання свету і людзей.

Учынкі Езуса адначасова выхоўваюць вучняў і натоўп, які збіраецца вакол Яго, паступова раскрываючы перад імі Божы план збаўлення, пасланніцкую місію Хрыста, уводзіць людзей у новае вымярэнне жыцця згодна з законам любові. Езус як дасканалы выхавацель не абмяжоўваецца павучэннямі, а дае прыклад жыцця, якое раскрывае перад вучнямі ў словах. Ён атаясамлівае сябе з тымі, каго выхоўвае, прымае на сябе іх слабасці і аддае за іх уласнае жыццё.

Выхаваўчую справу Бога, якая была рэалізавана у Хрысце, канчаткова рэалізуе Дух Святы Суцяшыцель. З гэтага моманту Права перастае быць педагогам (пар. Гал 3, 19; 4, 2), бо Дух, які знаходзіцца ў чалавеку, робіць так, што той кліча: «Абба, Ойча!» (пар. Гал 4, 6).

Касцёл — супольнасць веры — мае на мэце выхаванне сваіх членаў да поўнай адкрытасці на Бога і дарастання да пазнання Хрыста, да таго, каб быць дарослымі сынамі Бога. У рэальнасці парафіі гэта здзяйсняецца праз слуханне Божага слова, удзел у сакрамэнтах і супрацоўніцтва парафіянаў у розных сферах (Słownik teologiczny, 2).

Бацькі маюць права і абавязак выхаваць сваіх дзяцей. Яны валодаюць першапачатковым правам, якое не можа быць перададзена нікому, і прыярытэтам у выхаванні сваіх дзяцей, таму яны павінны быць прызнаны першымі і асноўнымі выхавацелямі. Сям’і — згодна з сучасным вучэннем Касцёла — надаецца галоўнае месца, таму што яна забяспечвае дабрабыт кожнай чалавечай супольнасці і ляжыць у іх аснове. З пункту гледжання характару міжчалавечых сувязяў, якія ў ёй рэалізуюцца, сям’я прадстаўляе сабой найбольш поўнае адзінства з найбольш глыбокімі і цэласнымі адносінамі.

Як прадпісанні сужэнскага права (пар. кан. 1055 п.1; 1136), так і вучэнне Касцёла аб сужэнстве падкрэсліваюць, што недастаткова нарадзіць патомства, але трэба яго выхаваць, каб яно мела магчымасць развівацца натуральным для чалавека спосабам і ўключыцца ў грамадскае жыццё. Выхаванне мае на мэце сфарміраваць асобу так, каб у ёй маглі гарманічным чынам развіцца прыроджаныя фізічныя, інтэлектуальныя, сацыяльныя, маральныя і духоўныя якасці. Гэтае выхаванне павінна ісці ў кірунку канчатковай мэты чалавека, а таксама мець на ўвазе дабрабыт грамадства і Касцёла.

У пераліку правоў сям’і, абвешчаным Апостальскай Сталіцай, гаворыцца аб правах бацькоў у выхаванні сваіх дзяцей. У якасці самых галоўных названы:
  1. права выхоўваць дзяцей згодна са сваімі маральнымі і рэлігійнымі перакананнямі, з улікам культурных традыцый сям’і, якія спрыяюць дабрабыту і годнасці дзіцяці;
  2. права свабоднага выбару школ і іншых сродкаў, неабходных для выхавання дзяцей згодна з уласнымі перакананнямі. Пры гэтым бацькі не павінны быць змушаны да дадатковых выдаткаў, што было б перашкодай ці абмежаваннем мажлівасці карыстацца гэтым правам;
  3. права на тое, каб дзеці не павінны былі наведваць школы, навучанне ў якіх разыходзіцца з іх уласнымі маральнымі і рэлігійнымі перакананнямі;
  4. права на належнае сексуальнае выхаванне, якое павінна заўсёды выконвацца пад кіраўніцтвам бацькоў, як дома, так і ў выбраных і кантралюемых імі выхаваўчых цэнтрах;
  5. права на рэлігійнае выхаванне: дзяржава не можа навязваць такой сістэмы выхавання, у якой адсутнічала б рэлігійная фармацыя;
  6. права на атрыманне дапамогі ў выхаванні дзяцей у выглядзе рознабаковых формаў супрацоўніцтва і сумеснага прыняцця рашэнняў з боку школ і інстытутаў адукацыі;
  7. права на тое, каб сродкі масавай інфармацыі служылі пазітыўнай прыладай і дапамогай у падтрымцы асноўных каштоўнасцяў сям’і; права на абарону сваіх самых малодшых членаў ад злоўжыванняў з боку сродкаў інфармацыі.
Права бацькоў на выхаванне сваіх дзяцей бярэ пачатак з натуральнага права, якое ўзнікла раней, чым дзяржаўнае, якое ў сваю чаргу павінна дапамагаць сям’і, а не замяшчаць яе пры ўмове, што бацькі жывыя і могуць з адказнасцю апекавацца дзецьмі.

Права бацькоў на прыняцце рашэнняў ад імя дзяцей працягваецца да моманту дасягнення дзецьмі жыццёвай і духоўнай самастойнасці. Але гэтае права не можа мець характар дэспатызму і павінна быць падпарадкавана канчатковай мэце чалавечага жыцця, натуральнаму і Божаму праву (Słownik małżeństwa i rodziny).

Клопат аб выхаванні датычыць таксама ўсіх людзей. Касцёл імкнецца выканаць місію, якую атрымаў ад Хрыста: навучыць, выхаваць чалавека. Клопат аб выхаванні датычыць у першую чаргу ахрышчаных, ускосна — усіх іншых. Ён ахоплівае чалавека поўнасцю ў індывідуальным і грамадскім жыцці і носіць рэлігійна-маральны характар. Праз навучанне Божай праўдзе і ўмацоўванне волі верных такое выхаванне дапамагае стварыць чалавечую супольнасць паводле Божага закону. Выхаваўчая дзейнасць Касцёла мае на мэце напаўняць жыццё вернікаў духам Хрыста, дапамагаць кожнаму чалавеку імкнуцца да поўнай дасканаласці, а таксама аказваць дапамогу грамадству у справах адзінства і сталасці сям’і, зачацця, нараджэння і выхавання патомства. У цэнтры ўвагі выхаваўчай дзейнасці Касцёла знаходзяцца таксама правы і сістэма грамадства, праца і адпачынак, веды і адкрыцці, справядлівы падзел матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў, пакой і бяспека.
Права Касцёла на выхаванне, рэалізацыя гэтага права, ужытыя сродкі, а таксама прадметы права не падлягаюць свецкай уладзе, таму што Касцёл ахоўвае маральнасць і валодае неабходнымі сродкамі ў дастатковай меры для яе ўдасканалення. Таму Касцёл мае абавязак клапаціцца аб выхаванні верных. Ён падтрымлівае ў гэтым бацькоў, якія праз сакрамэнт сужэнства ўдзельнічаюць у выхаваўчай паслузе Касцёла адносна сваіх уласных дзяцей. У веруючых бацькоў, якім дапамагаюць душпастыры, ёсць права і абавязак выбару такіх сродкаў і інстытутаў, пры дапамозе якіх яны маглі б лепш забяспечыць каталіцкае выхаванне сваіх дзяцей (Słownik małżeństwa i rodziny).

Шматлікія групы ў Касцёле дапамагаюць маладым людзям сфарміраваць адпаведны рэлігійны светапогляд, здабыць патрэбныя якасці для найлепшага служэння Богу ў Касцёле і чалавеку ў грамадстве.

Сёння мы дзякуем Богу за Таварыства святога Францішка Сальскага, якое ўжо 150 год так актыўна і дзейсна дапамагае Касцёлу, бацькам, грамадству ў адпаведнай падрыхтоўцы маладога чалавека да заданняў, якія чакаюць яго ў будучыні, каб ён не быў знішчаны або духоўна надламаны з прычыны адсутнасці патрэбных якасцяў характару і веры.

У спадчыне хрысціянскага выхавання св. Ян Боска вылучаўся не толькі як адзін з самых вялікіх педагогаў у гісторыі Касцёла. Гэты святы пакінуў пасля сябе школу пад назвай «сістэма папярэджвання», якая стала сапраўдным пераваротам у тагачасным выхаванні (Ks. Wincenty Zaleski. Święci na każdy dzień. Św. Jan Bosko). Гэтая сістэма застаецца дзейснай і ў наш час. Вельмі карысна прымяняць яе ва ўмовах, калі назіраецца так званы разрыў пакаленняў. Старэйшае пакаленне па прычыне аддаленасці ўнукаў не можа ва ўсёй паўнаце перадаць багаты вопыт веры і маральнасці нашчадкам. Здараецца, што розныя групоўкі і арганізацыі, выкарыстоўваючы ўзроставыя змены асобы маладога чалавека, імкнуцца адарваць яго ад бацькоў і асяроддзя і прывіваюць свае ідэі і паводзіны, часта вельмі чужыя для навукі Касцёла і далёкія ад хрысціянскіх адносінаў. Некаторыя робяць гэта дзеля выкарыстання такога чалавека ў сваіх не заўсёды гуманных мэтах.

Сімпозіум з нагоды 150-годдзя заснавання Таварыства святога Францішка Сальскага нагадвае аб важнасці выхавання чалавека, асабліва падрастаючага пакалення, на чым грунтуецца хрысціянскае выхаванне. Гэтае мерапрыемства гаворыць і аб тым, што абавязак выхавання дзяцей ляжыць на бацьках (у аднолькавай ступені на бацьку і маці), якія маюць права выхаваць дзяцей згодна з перакананнямі і традыцыяй продкаў. Дзяржава, школа, грамадства павінны дапамагаць бацькам у такой высакароднай справе, якой з’яўляецца выхаванне дзяцей. Касцёл таксама далучаецца да працэсу выхавання пры дапамозе парафіі, манаскіх супольнасцяў і іншых груп, якія дапамагаюць сям’і, а ў асобных выпадках прымае на сябе большую адказнасць за выхаванне маладога пакалення або поўнасцю займаецца ім.

Дзякуем Богу за дзейнасць салезіянаў у нашым горадзе і жадаем, каб іх намаганні выхавацеляў прынеслі выдатны плён для Касцёла, сям’і і грамадства.

 
Гамілія Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Імшы на завяршэнне сімпозіума «Ксёндз Ян Боска — учора, сёння і заўтра»
2009-11-21 20:00:45

Значэнне і неабходнасць прысутнасці манаскіх супольнасцяў у жыцці лакальнага Касцёла

Мінск, парафія Святога Яна Хрысціцеля, 21 лістапада 2009 г.

1. Вялікае ўчыніў мне Усемагутны!
Глыбокапаважаныя браты і сёстры! Сёння, ва ўспамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Ерузалемскай святыні, гэтымі словамі рэфрэна рэспансарыйнага псальма мы праслаўляем Багародзіцу. У іх выказана радасць Марыі, якая становіцца і нашай радасцю.

Галоўная думка сённяшняй літургіі — гэта ахвяраванне Марыі на выключнае служэнне Богу. Прыкладам Марыі павінны ісці ўсе людзі. Кожнага чалавека Бог паклікаў да нейкай канкрэтнай місіі: кагосьці да сямейнага жыцця, кагосьці да святарства, а кагосьці да законнага жыцця.

2. Паводле навучання Другога Ватыканскага Сабору, Касцёл — гэта Народ Божы: духоўныя, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі. Гэтае азначэнне Касцёла, разам з многімі іншымі, з’яўляецца зваротам да крыніцы нашай веры, да Святога Пісання і Традыцыі. У самым пачатку хрысціянства Касцёл успрымаўся як адкуплены Народ Божы, якім з’яўляюцца усе людзі. Гэтая ідэя Касцёла была пацверджана і Другім Ватыканскім Саборам, як найбольш адпаведная для апісання складанай боска-духоўнай рэчаіснасці, якой з’яўляецца Касцёл.

3. Сёння на заканчэнне сімпозіума «Ксёндз Ян Боска — учора, сёння і заўтра», прысвечанага 150-годдзю заснавання Таварыства святога Францішка Сальскага і 70-годдзю праслаўлення св. Яна Боска, хацелася б паразважаць аб значэнні і неабходнасці служэння манаскіх супольнасцяў у лакальным Касцёле.

Кансэкраваныя асобы або члены розных манаскіх супольнасцяў, з’яўляючыся членамі Касцёла, моцаю сваёй кансэкрацыі атрымліваюць спецыяльную місію ў ім. Езус Хрыстус у сваім Евангеллі прадстаўляе евангельскія парады чысціні, паслухмянасці і беднасці.

Пакліканне да кансэкраванага жыцця, як і пакліканне да святарства — гэта вялікі дар Божы. Бог кліча яшчэ ва ўлонні маці. Нашым заданнем з’яўляецца пачуць голас Пана, які кліча, і адказаць Яму: Вось я, Пане, той, які хоча Табе служыць. Жадаю несці служэнне як дыяцэзіяльны святар або ў манаскай супольнасці.

У сучасным свеце відавочны недахоп святароў і пакліканняў да святарскага і кансэкраванага жыцця. Сучаснаму маладому чалавеку ў гомане свету, які вабіць і абяцае лёгкае шчасце, нялёгка пачуць голас Пана, які кліча, і згадзіцца з Яго воляй. Таму неабходны вялікія намаганні ў выхаванні чалавека, а таксама малітва, якая можа дасягнуць нябёсаў і выпрасіць новых работнікаў на жніво Пана. Аб гэтым мы ўсе павінны памятаць заўсёды, а асабліва ў Год святара.

Трэба маліцца аб пакліканнях да святарства і законнага жыцця, якое заўсёды займала і займае асаблівае месца ў жыцці як паўсюднага, так і лакальнага Касцёла.

4. Мы добра ведаем, як шмат зрабіў для Касцёла св. Францішак Асізскі, якога паклікаў Хрыстус, каб той адбудаваў Касцёл. Духоўна зруйнаваны Касцёл, дзякуючы яго служэнню, атрымаў другую маладосць — стаў Касцёлам, які не толькі навучае, але перш за ўсё служыць.

Новы дух у жыццё Касцёла, у якім пад уплывам рэфармацыі зацямнілася вера, а любоў і руплівасць замяніліся ў абыякавасць, унёс заснавальнік езуітаў св. Ігнацы Лаёла.

Святая Тэрэза Авільская ўвайшла ў гісторыю Каталіцкага Касцёла як рэфарматар кармэлітанскай законнай супольнасці і кармэлітанскай духоўнасці. Гэта святая — першая жанчына-тэолаг за парадай да якой звярталіся многія знакамітыя асобы.

Святы Ян Боска — рэфаматар у галіне выхавання моладзі. Яго ідэі жывуць і сёння і могуць стаць грунтоўнай дапамогай у выхаванні сучаснай моладзі, якая страціла надзею.

5. Падобна многім кансэкраваным асобам, якія ўнеслі вялікі ўклад у жыццё Касцёла, унеслі і ўносяць яго цэлыя манаскія супольнасці. Гэта відавочна і ў нашым геапалітычным регіёне. У Беларусі ёсць шмат гарадоў, у якіх амаль усе касцёлы, якія там ёсць або некалі былі, належалі пэўным манаскім супольнасцям. І толькі адзін або два былі парафіяльнымі.

Пачатак гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Маскве звязаны з францішканамі і езуітамі. У Кіеве — з дамініканамі. У Сярэдняй Азіі — з францішканамі. У Аўстраліі і Акеаніі — з езуітамі. У Амерыцы — з францішканамі і езуітамі. У Кітаі — з езуітамі. Гэты спіс можна яшчэ доўга працягваць, бо сапраўды ў многіх месцах пачатак рэлігійнага жыцця звязаны менавіта са з’яўленнем там манаскіх супольнасцяў.

У некаторых краінах, напрыклад, у Аўстрыі існуе даўні звычай, што адна манаская супольнасць ці кляштар абслугоўвае некалькі парафій.

Калі браць пад увагу сучасную гісторыю адраджэння Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, Украіне, Расіі і іншых краінах былога Савецкага Саюза, то ў гэтым працэсе нельга пераацаніць ролю манаскіх супольнасцяў, як мужчынскіх, так і жаночых. Пасля сацыяльна-палітычных зменаў 90-х гг. мінулага стагоддзя ўзнікла вялікая патрэба ў святарах, якія маглі б служыць у некалі зачыненых касцёлах і ў новых парафіях. Таму біскупы звярнуліся не толькі да дыяцэзій, але і да манаскіх супольнасцяў. І яны не адмовілі. Больш таго, манаскія супольнасці абслугоўвалі адразу па некалькі парафій, бо кожная манаская супольнасць складаецца з некалькіх асобаў.

Вялікую працу здзяйсняюць законныя сёстры. Практыка адраджэння веры пасля многіх дзесяцігоддзяў пераследу веры паказвае, што там, дзе ёсць працуюць законныя сёстры, гэты працэс ідзе больш дынамічна.

Кансэкраваныя асобы паводле харызмаў сваіх заснавальнікаў актыўна  ўключаюцца ў пастырскую дзейнасць у многіх кірунках, што спрыяе больш гарманічнаму развіццю Касцёла, а таксама дазваляе ахапіць сваёй дзейнасцю большую колькасць людзей.

Асаблівай увагі заслугоўвае дабрачынная дзейнасць манаскіх супольнасцяў, якая мае вялікае значэнне і ў справе евангелізацыі. Нездарма Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваёй першай энцыкліцы «Бог ёсць любоў» падкрэслівае, што дабрачыннасць належыць да прыроды Касцёла.

5. Дарагія браты і сёстры!
Незвычайную прыгажосць мае поле, на якім растуць кветкі. Напрыклад, у Галандыі ёсць палі, цалкам засеяныя цюльпанамі. Але яшчэ прыгажэй выглядае поле, на якім растуць розныя кветкі.
Падобна і ў Касцёле. Розныя манаскія супольнасці разам з дыяцэзыяльным духавенствам утвараюць прыгожае поле — Касцёл.

У 1994 г. у Ватыкане адбыўся Сінод Біскупаў, прысвечаны кансэкраванаму жыццю ў Касцёле. Падчас Сіноду была выказана вельмі важная думка: як няма Касцёла без кансэкраванага жыцця, так і кансэкраванага жыцця няма па-за Касцёлам. Мы ўсе супольна з’яўляемся Касцёлам.

Няхай жа праз заступніцтва Марыі, успамін Ахвяравання якой мы адзначаем сёння, і св. Яна Боска, 70-годдзе кананізацыі якога адзначаецца ў гэтым годзе, Касцёл — гэтае прыгожае поле — яшчэ буйней квітнее і развіваецца на славу Божую і дзеля збаўлення чалавека. Амэн.

 
Прывітальнае слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас сімпозіума «Ксёндз Ян Боска — учора, сёння і заўтра»
2009-11-20 20:04:47

20 лістапада 2009 г., Мінск

Глыбокапаважаныя святары, законнікі і законніцы, браты і сёстры!

Ад усяго сэрца вітаю ўдзельнікаў сімпозіума «Ксёндз Боска — учора, сёння і заўтра», прысвечанага 150-годдзю заснавання Таварыства св. Францішка Сальскага і 70-годдзю кананізацыі Яна Боска.

Дзякую салезіянам за арганізацыю гэтага сімпозіума. Заўсёды важна памятаць аб сваіх каранях і вяртацца да іх. Тым больш у жыцці рэлігійнай ці манаскай супольнасці трэба жыць харызмай свайго заснавальніка. У мітусні гэтага свету яе нельга страціць, наадварот — трэба яшчэ больш яе развіваць у адпаведнасці з патрабаваннямі і выклікамі часу.

Напэўна, пачатак XXI ст. — гэта не XIX ст, калі дзейнічаў св. Ян Боска. Сёння чалавек перажывае не толькі тэхнічную рэвалюцыю, калі дасягненні навукі і тэхнікі сапраўды захапляюць. Сёння трэба казаць таксама аб рэвалюцыі ў адносінах чалавека да Бога і рэлігіі, калі ўсё перавярнулася з ног на галаву.

Калі ў часы св. Яна Боска, сучаснікам якога быў Карл Маркс, гаварылася, што па Еўропе блукае прызрак камунізму, то сёння постмадэрнісцкі свет аб’яў прызрак секулярызму, маральнага рэлятывізму, рэлігійнай індыферэнтнасці і абсалютнай безадказнай свабоды. Рэлігія — гэта праслаўленне Бога чалавекам. У наш жа секулярны час усё наадварот: чалавек ставіць сябе на месца Бога і імкнецца толькі да сваёй славы.

Чаму так ёсць? Дзе шукаць прычыну гэтай вельмі небяспечнай з’явы?  Чаму чалавек адракаецца ад сваіх хрысціянскіх каранёў і духоўных каштоўнасцяў?

Сярод многіх спробаў знайсці сапраўдны адказ на гэтыя і падобныя пытанні, прыклад дае св. Ян Боска.

Падчас тэхнічнай рэвалюцыі XIX  ст. паміж ніжэйшым (працоўным) і вышэйшым (прадпрымальнікі і ўладальнікі прадпрыемстваў) класам узнік канфлікт. Як заўсёды падчас кожнага канфлікта і сутыкнення інтарэсаў церпяць слабейшыя. У выніку сацыяльна-палітычных працэсаў і беднасці працоўнага люду ў часы св. Яна Боска на вуліцы аказалася многа беспрытульных дзяцей і моладзі — перспектывай якіх былі злачынствы і турма.

Святы Ян Боска, добра прааналізаваўшы ўсю гэту складаную сітуацыю, зразумеў, што далей так працягвацца не можа. Нават так званая цяжкая моладзь мае права на нармальнае жыццё, на адукацыю, выхаванне і г.д. Ад таго, як будзе выхавана моладзь залежыць і свет, бо моладзь — гэта яго будучыня.

Атрымаўшы ад Бога вялікі дар і харызму выхавацеля, св. Ян Боска прысвяціў сябе гэтай цяжкай, але вельмі адказнай і неабходнай місіі. Яго унікальная папераджальная сістэма выхавання абапіраецца на розуме, рэлігіі і выхаваўчай любові, калі выхавацель з’яўляецца сябрам, а не надзірацелем, калі ён вытрымаў выпрабаванне часам і прыняты моладдзю. Дэвіз св. Яна Боска — «Дайце мне душы, а ўсё іншае забярыце», — не менш актуальны і сёння, хоць і прайшло з таго часу паўтара стагоддзі.

Сёння дарослыя, як ім здаецца, клапоцяцца аб усім неабходным для сваіх дзяцей — аб здароў’і, добрай адукацыі, матэрыяльным забяспячэнні і г.д. Пры гэтым яны вельмі часта забываюць пра душу чалавека, пра фармаванне асобы як чалавека. У выніку ў сучасным грамадстве шмат добра адукаваных маладых людзей, аднак паводзіны і стыль іх жыцця выклікаюць жах. Такім чынам узнікае навая постмадэрнісцкая культура абсалютнай свабоды ад усяго і ўсяму, узрастае непавага да чалавечай асобы, замест цывілізацыі жыцця практыкуецца цывілізацыя смерці.

Постмадэрнісцкая культура — гэта як быццам новы выбух грыпу, ад якога вельмі цяжка вылечыцца. Аднак трэба памятаць, што вакцына ад гэтай эпідэміі ёсць. Яна была распрацавана 150 гадоў таму св. Янам Боска. Яе сутнасць заключаецца ў хрысціянскім выхаванні моладзі, у такім выхаванні, якое дасць надзею, нават насуперак надзеі.

Выказваю надзею, што сімпозіум «Ксёндз Ян Боска — учора, сёння і заўтра» дапаможа яшчэ больш ацаніць уклад і методыку гэтага святога чалавека ў сістэму выхавання моладзі, а таксама будзе спрыяць ў прыняцці яго ідэй у наш час.

Дзякую за ўвагу.

 
Прывітальнае слова кс. Віктара Гайдукевіча SDB падчас сімпозіума «Ксёндз Ян Боска — учора, сёння і заўтра»
2009-11-20 19:58:43

20 лістапада 2009 г., Мінск

Паважаныя Эксцэленцыі,
шаноўныя прадстаўнікі ўлады,
сродкаў масавай інфармацыі,
дарагія браты салезіяне, сёстры салезіянкі,
салезіяне-супрацоўнікі,
паважаныя госці,
дарагая моладзь!

Дазвольце шчыра прывітаць усіх Вас на нашым сімпозіуме. Сёння асаблівая падзея для салезіянаў, таму ад імя паслядоўнікаў св. Яна Боска хачу выказаць вялікую радасць з вашай прысутнасці.

Некаторыя падзеі заслугоўваюць таго, каб іх адзначалі асаблівым чынам. Калі сёння мы сабраліся на гэтым сімпозіуме дзеля таго, каб прыпомніць сабе постаць св. Яна Боска, заснавальніка Таварыства св. Францішка Сальскага, убачыць, што адбылося у гісторыі заснаванага ім таварыства за 150 гэтыя гадоў, і чынім гэта з Божым благаслаўленнем і Яго дапамогаю, а таксама пад апекаю Марыі Успамогі Хрысціянаў, — то можам сказаць, што гэта сапраўды асаблівая падзея.

Святы Ян Боска быў цудоўным чалавекам і застаецца такім да сённяшняга дня. У асобе гэтага святара спалучыліся розныя харызмы. Сваё жыццё і працу ён прысвяціў збаўленню моладзі.

Святы Ян Боска быў цалкам адданы святому Касцёлу і яго кіраўніку, а сваё таварыства ён заснаваў у цесным супрацоўніцтве са Святым Айцом. Таму ад імя ксяндзоў салезіянаў хацеў бы прывітаць прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Сардэчна вітаем прысутнага сярод нас нашага глыбокапаважанага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антонія Дзям’янку, Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў у Беларусі Архімандрыта Сяргея Гаека.

Пастырскую дзейнасць св. Яна Боска, яе ўзнікненне і развіццё неабходна разглядаць у кантэксце грамадска-палітычнай сітуацыі той эпохі, у якую ён жыў. Ксёндз Боска быў чалавекам свайго часу, заўсёды падтрымліваў кантакт з прадстаўнікамі палітыкі і ўлады, а таксама знаходзіў агульную мову з прадстаўнікамі іншых веравызнаннў. Таму з вялікай радасцю вітаем першага намесніка старшыні Хрысціянскага Адукацыйнага цэнтра імя св. Кірыла і Мяфодзія, дырэктара Інстытута рэлігійнага дыялога спадара Даўгялу Грыгорыя Антольевіча.

«Быць для маладых людзей» — гэта кароткая формула духоўнай спадчыны св. Яна Боска. Да сённяшняга дня яна  застаецца актуальнай для тых, хто ў духу св. Яна Боска працуе і выхоўвае моладзь. Таму шчыра вітаем братоў салезіянаў, якія прыбылі ў Мінск з розных куткоў Беларусі, а таксама з-за мяжы, каб прыняць удзел у гэтым сімпозіуме. Сёння сярод нас кс. Аўгустын Дзендзель, віцэ-інспектар Усходняй салезіянскай акругі (Масква, Расія), кс. Норберт Вольф, прарэктар Салезіянскага тэалагічнага універсітэта (Бэнэдыктбойерн, Германія), кс. Станіслаў Зімняк, прафесар салезіянскай духоўнасці, кансультант Аддзела па справах святых салезіянскай сям’і (Рым, Італія), кс. Зэнон Клавікоўскі, рэктар Салезіянскай духоўнай вышэйшай семінаріі (Лёнд, Польшча). Шчыра таксама вітаем усіх братоў салезіянаў з Украіны і Беларусі.

Справа св. Яна Боска не атрымала б такога развіцця, калі б ад самага пачатку, падтрымліваючы яго ідэю, з ім не супрацоўнічалі сёстры законныя і шматлікія свецкія асобы. Таму з вялікай радасцью вітаем на нашым сімпозіуме сясцёр Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў, засавальнікам якой з’яўляецца св. Ян Боска. Вітаем свецкіх салезіянаў з Адэсы, Смаргоні і Мінска, якія з’яўляюцца членамі Таварыства салезіянаў-супрацоўнікаў, заснаванага св. Янам Боска.

«Я хачу, каб вы былі збаўлены» — гэта словы, якія св. Ян Боска нястомна паўтараў сваім выхаванцам. На спартыўнай пляцоўцы, у араторыі, касцёле або падчас выпадковай сустрэчы — Дон Боска быў нібы апантаны тым, каб даць моладзі перпектыву, будучыню. Ксёндз Боска жадаў, каб моладзь праз выхаванне і добрую адукацыю стала адказнымі грамадзянамі сваёй краіны і добрымі хрысціянамі. Вельмі радасна, што сёння мы не толькі гаворым пра асобу св. Яна Боска і пра яго выхаванцаў, але таксама бачым тут, сярод нас, сучаснае маладое пакаленне. Шчырае вам прывітанне!

Тое, што сёння для многіх надзённа і зразумела, у часы Дона Боска было сапраўды новым. Гэта асабліва датычыць працы з мас-медыямі. Ксёндз Боска з’яўляецца заснавальнікам шматлікіх выдавецтваў, аўтарам вялікай колькасці адукацыйнай і духоўнай літаратуры, ініцыятарам выдання часопісаў. Ужо тады св. Ян Боска быў упэўнены, што такім чынам ён зможа дастукацца да многіх сэрцаў і распаўсюдзіць сваю ідэю збаўлення маладых людзей. Сёння мы жывём у свеце, які нерэальна ўявіць без сродкаў масавай інфармацыі. Таму вітаю прадстаўнікоў перыядычнага друку і тэлебачання.

Святы Ян Боска — святар, таленавіты суразмоўца з палітычым светам, заснавальнік салезіянскага таварыства, сябра маладых людзей, чалавек мас-медый. Усё гэта толькі некаторыя якасці яго асобы. Мы вельмі цешымся, што можам прывітаць прадстаўнікоў усіх гэтых сфер, з якімі перасякалася дзейнасць нашага заснавальніка. Яшчэ раз шчыра ўсіх вітаю і запрашаю падчас гэтага сімпозіма бліжэй пазнаёміцца з асобай св. Яна Боска — айца, настаўніка і «апостала ўсёй моладзі».

Шчыра дзякую!

 

Усяго 4 матэрыялаў адзначана цэтлікам Салезіянскі сімпозіум.

<< Start < Previous 1 Next > End >>
Page 1 Of 1
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.