Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цэтлік [Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус]
Завяршальная канферэнцыя а. Пятра Фраштэнгі, прысвечаная св. Тэрэзе ад Дзіцятка Езус
2012-01-16 10:02:47

12 студзеня 2012 г.

Чаму св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус з’яўляецца Апякункай місій


Ізноў вяртаемся да разважанняў пра св. Тэрэзу ад Дзіцятка Езус. Сёння другая частка канферэнцыі на тэму: «Чаму св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус з’яўляецца Апякункай місій». Калі казаць пра саму істоту Касцёла і адкрываць у ёй сваё пакліканне, тады на другасны план адыходзіць канкрэтная форма апостальскай дзейнасці. Інакш кажучы, пакліканы прымае тую форму дзейнасці, якая дасканала адпавядае стылю жыцця яго ўласнай манаскай сям’і.

 
Канферэнцыя а. Пятра Фраштэнгі OCD на сустрэчы прыхільнікаў духоўнасці Кармэлю
2011-11-24 09:37:05

22 лістапада 2011 г., Мінск, парафія Божага Цела

Чаму св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус з’яўляецца апякункай місій?

Пытанне, вынесенае ў загаловак, можа нас здзівіць. Біскуп Гай Гаўчэр фармулюе гэтае здзіўленне наступным чынам: «Дзіўны парадокс: манашка, якая з 15 гадоў жыцця ніколі не пакінула кляўзуры, была пастаўлена нароўні з іспанскім езуітам, які аддаў сваё жыццё ля межаў Кітаю». Каб адказаць на пастаўленае вышэй пытанне, недастаткова пазнаць толькі жыццё Тэрэзы, варта таксама вывучыць праблему місій Касцёла.

 
Канферэнцыя а. Пятра Фраштэнгі OCD «Тэрэза з Лізьё — апякунка місій»
2011-10-28 09:26:19

Мінск, парафія Божага Цела

Мэтай жыцця Тэрэзы з’яўляецца любоў Езуса і намаганне, каб Езуса любілі. Тэрэза, чым больш узрастае і ідзе наперад у сваім жыцці, тым часцей паўтарае, што менавіта гэта і ёсць мэта яе жыцця. У ахвяраванні сябе Міласэрнай Любові скажа: «О Божа! Бязмежная Тройца! Прагну любіць Цябе і старацца, каб Цябе любілі». Яе жыццё з’яўляецца непадзельным сузіраннем і апостальствам; сузіранне — любоў да Езуса, апостальства — намаганне, каб Езуса любілі. У яе жыцці нараджаюцца думкі аб місіях, аб пасланніцтве.

 
Канферэнцыя а. Пятра Фраштэнгі OCD «„Маленькі шлях духоўнага сыноўства” св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус»
2011-10-06 13:40:10

Мае дарагія! Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус прыходзіць да нас, каб прынесці нам нешта найкаштоўнейшае ў жыцці чалавека, а менавіта радасць быцця дзіцём Пана Бога. Сёння я хацеў бы больш засяродзіцца на дарах, якія нам пакідае, каб кожны з нас адчуў блізкасць прабывання разам з Тэрэзай пры сэрцы добрага Айца, каб кожны з нас адчуў, што добры Айцец трымае яго ў сваіх абдымках. Гэта маё прагненне.

 
Даклад а. Пятра Фраштэнгі OCD падчас сустрэчы, прысвечанай духоўнасці Кармэлю
2011-05-27 11:26:20
Дарога да святасці паводле св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус


Добры Бог не дае прагненні, якія нельга рэалізаваць у жыцці.

Кожны з нас у сваім жыцці хоча чагосьці дасягнуць, кімсьці стаць. Аднак здараюцца моманты, калі мы расчароўваемся, а нашыя самыя запаветныя планы не рэалізоўваюцца. Чаму так? Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус паказвае нам дарогу, як знайсці паўнату свайго жыцця. Яна, кармэлітанка, якая пастаянна жыла ў кляштары, стала місіянеркай. Як гэта? Сваё сэрца св. Тэрэза даверыла Богу, а Ён напоўніў яго Сабою і сваімі дарамі, учыніў плённным і руплівым так, што яна, ніколі не выходзячы з кляштара, несла дапамогу, суцяшэнне і падтрымку.

Што зрабіла яе здольнай да такога апостальства, нягледзячы на свае абмежаваныя магчымасці? Гэта жывое, дзейснае, глыбокае прагненне Бога. Менавіта яно вызначыла святой Тэрэзе накірунак, у якім яна здабыла вяршыню чалавечнасці, паклікання і святасці.

Прагненне з’яўляецца першай і адзінай матывацыяй у імкненні да Бога, да поўні жыцця. Жывое прагненне Бога з’яўляецца элементам сапраўднага імкнення да еднасці з Ім, што здзяйсняецца праз любоў.

«Мы — дзеці, якія крочым да Бога — падкрэслівае Тэрэза, — і Бог ніколі не дае нам такіх прагненняў, якія б не маглі быць рэалізаванымі. Таму ў адказ на Яго заклік да святасці трэба з надзеяй і даверам дазволіць Богу дзейнічаць у нашым жыцці».

Першым заданнем на гэтым шляху з’яўляецца так званае ачышчэнне поля бою праз тое, што мы вызваляем гэтае наша прагненне ад усяго, што можа яго заглушыць, каб яно стала адзінай крыніцай усіх нашых дзеянняў. Нам трэба ўвайсці ў Божую рэчаіснасць, у план Божага стварэння, жадаючы зрабіць смелы выбар паміж усім і нічым. І гэтае абсалютнае першынство Бога ёсць фундаментам духоўнасці.

Тэрэза была запалена прагненнем рэалізацыі вялікіх рэчаў, каб для Хрыста быць кармэлітанкай, нявестай, маці, ваяўніцай, святаром, апосталам, мучанікам. Кожнае з гэтых пакліканняў яна жадала перажываць вельмі глыбока ў прасторы і часе. Аднак яна пытала ў Езуса: «О, мой Езу, што ты адкажаш на гэта маё вар’яцтва? Ці ёсць яшчэ душа меншая і больш няздольная ад маёй?»

Духоўны рэалізм Тэрэзы ставіць яе ў праўдзе перад сваімі магчымасцямі. Таму для нас яна з’яўляецца дасканалым узорам прыняцця Божага закліку тут і цяпер.

Тэрэза знайшла адказ у Божым слове. Першае пасланне святога Паўла да Карынцянаў адкрыла перад ёй таямніцу Касцёла. У яго сэрцы ўсё яднае любоў.

Тэрэза піша: «Я зразумела, што любоў заключае ў сабе ўсе пакліканні, з’яўляецца ўсім, ахінае ўсе часы і ўсе месцы… Адным словам, любоў з’яўляецца вечнай!»

Агонь прагненняў, які палаў у сэрцы Тэрэзы, перамяніўся ў вогнішча любові і адданасці, калі яна адкрыла сваё месца ў Касцёле і паўнату свайго паклікання, якую выказала з вялікай і невыказнай радасцю, як сама аб гэтым піша: «У сэрцы Касцёла буду любоўю».

Шуканне спосабу рэалізацыі ўсіх сваіх прагненняў прывяло Тэрэзу да поўнага пазнання свайго паклікання, сваёй дарогі да Бога. І менавіта ад гэтага моманту яна вызначыла прагненне як першы і галоўны імператыў сваёй малой дарогі ў духу дзіцячага даверу Богу.

Яна адкрыла, што прагненне Бога ёсць нічым іншым, як моцным даверам да Яму. І прагненне атрымала ў яе асаблівае значэнне, таму што яно дазволіла Тэрэзе здзейсніць радыкальны выбар самога Бога і адкрыць, што крыніцай усякага дзеяння ёсць любоў і толькі яна надае сэнс усяму, што мы робім, усім нашым учынкам. Тэрэза не баіцца цалкам давяраць гэтаму прагненню і не дапускае, каб агонь яго згаснуў. Яна сцвярджае, што Пан Бог даваў ёй прагненне таго, чым хацеў яе адарыць.

Калі Тэрэзе было чатырнаццаць год, яна перажыла пэўны досвед, які натхніў яе адносна прагнення. Некалькі дзён яна апекавалася двума дзецьмі. Калі хацела, каб дзяўчынкі добра сябе паводзілі, яна казала ім аб вечнай узнагародзе. І такі падыход аказаўся вельмі эфектыўным. Такая атмасфера схіляе да задумы, што прагненне дабра і шчасця ў нейкай ступені перамяняе нас. А добра накіраваныя прагненні вызваляюць у нас новыя магчымасці, адвагу і мужнасць, каб змагацца за здзяйсненне гэтых духоўных натхненняў.

Прагненне стварае прастору для дзейнасці Божай ласкі, якая, запальваючы ў нас гэтыя ўзнёслыя памкненні, адначасова дае сродкі і заданні. Адкрытасць на тое, каб нас вёў Бог, і ўслухоўванне ў Яго слова, дазваляе нам адкрыць гэтую ўнутраную крыніцу натхнення, якая ўзносіць нас да Бога праз адданне, самавырачэнне і шчыры давер да Яго.

Вельмі важнай справай з’яўляецца ўпарадкаванне сваіх прагненняў. Тэрэза вельмі часта казала сваім сёстрам-навіцыянткам: «Адзіны ёсць толькі Езус, а ўсё іншае не істотна».

Свае прагненні заўсёды трэба распазнаваць, каб адкідваць тое, што не ад Бога і што Яго засланяе і з’яўляецца толькі амбіцыйным імпульсам. Трэба і варта зрабіць свабодную прастору для сапраўднай, аўтэнтычнай рэчаіснасці. Кожны з нас, нягледзячы на тое, што ўсё вакол хутка прамінае, мае настальгію па чымсьці вечным, неабсяжным. Можна выпрацаваць у сабе гэтую здольнасць імкнуцца да самой мэты прагненняў, каб мець магчымасць аддаць усё за тую адзіную каштоўную пярліну.

Адкрыццё святой Тэрэзы грунтуецца на Божым слове. Як для яе, так і для нас, яно можа стаць жыццядайнай крыніцай пазнання і дзейнасці, што вядзе да Бога. Каб адкрыць сваё пакліканне, трэба яго спачатку прагнуць, жадаць яго. Калі прагненне ўзнікла, трэба пачаць шукаць дарогу яго рэалізацыі, абапіраючыся на Божае слова, у якім Бог у поўнай меры дае адказ на сэнс нашай дарогі.

Кожны з нас ідзе непаўторнай сцежкай да Хрыста. Тэрэзе было недастаткова быць толькі кармэлітанкай, маці душаў, каб па-сапраўднаму рэалізаваць сваё пакліканне. Яно існуе не толькі ў нас, але і па-за намі. Жыццё святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус было кароткім, не было ў ім сенсацыйных падзеяў, але нягледзячы на гэта, пражыла яна яго з незвычайнай духоўнай інтэнсіўнасцю. А ўсё гэта дзякуючы любові.

Яе прагненне поўнай шчырасці ў адносінах да Бога не дазволіла ні на хвіліну адмовіцца ад унутраннай працы і змаганняў з сабою, каб заўсёды безупынна шукаць дарогу да поўнага дару з сябе, каб стаць святой па меры сваёй магчымасці. Гэта доказ таго, што цяжкасці ў адкрыцці сэнсу прагненняў не толькі могуць быць звязаны з эгаізмам і амбіцыямі, але перш за ўсё з пошукам для сябе дарогі да паўнаты гэтай мэты.

Хрыстус ставіць вымаганні для таго, каб абудзіць прагненні. Ён адзін ведае сэрца і багацце чалавечай асобы і бачыць здольнасці чалавека, каб той пакінуў усё дзеля Таго, хто яго кліча. Прыклад Тэрэзы, прагненні якой  узнімаліся па-над звычайным жыццём, няхай будзе для нас узорам, як належыць шукаць адказы на ўнутранныя памкненні сэрца і ўсёй сваёй асобай адказваць на Божы заклік.

Малітва св. Тэрэзы:

О, Найсвяцейшая Тройца, прагну Цябе любіць і пабуджаць іншых, каб любілі Цябе, хачу працаваць на хвалу святога Касцёла, ратуючы душы, якія жывуць на зямлі і якія церпяць пакуты ў чысцы. Прагну дасканала выконваць Тваю волю і дайсці да той хвалы, якую Ты для мяне падрыхтаваў у сваім Валадарстве. Хачу быць святой, але адчуваю сваю нямогласць і прашу Цябе, Божа, стань маёю святасцю.
Ахвяруючы Табе скарбы і заслугі Твайго Сына, з радасцю прашу, каб Ты ўзглянуў на мяне праз аблічча Езуса і праз Яго сэрца, палаючае любоўю. Прагну, каб усё маё жыццё стала актам дасканалай любові, аддаюся Табе на ахвяру ўсеспалення Тваёй міласэрнай любові.


Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус, маліся за нас.

 
Cвятая Тэрэза ад Дзіцятка Езус, панна і доктар Касцёла
2008-10-01 11:46:42
Cвятая Тэрэза ад Дзіцятка Езус, панна і доктар КасцёлаТэрэза Мартэн нарадзілася 2 студзеня 1873 г. у Алянсоне (Францыя). У пятнаццацігадовым узросце здзейснілася яе самае вялікае жаданне: нягледзячы на вельмі малады ўзрост, ёй было дазволена ўступіць у кармэліцкі кляштар у Лізьё. Сёстры з супольнасці часта яе не разумелі і ставіліся да яе скептычна. Духоўныя пакуты Тэрэзы абцяжарваліся пакутамі фізічнымі, якія яна цярпела з-за цяжкай формы сухотаў, на якія захварэла ў кляштары. Гэтыя цярпенні Тэрэза жадала ахвяраваць за грэшнікаў.
 

Усяго 6 матэрыялаў адзначана цэтлікам Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус.

<< Start < Previous 1 Next > End >>
Page 1 Of 1
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.