Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Канферэнцыя а. Пятра Фраштэнгі OCD «Тэрэза з Лізьё — апякунка місій»

Мінск, парафія Божага Цела

Мэтай жыцця Тэрэзы з’яўляецца любоў Езуса і намаганне, каб Езуса любілі. Тэрэза, чым больш узрастае і ідзе наперад у сваім жыцці, тым часцей паўтарае, што менавіта гэта і ёсць мэта яе жыцця. У ахвяраванні сябе Міласэрнай Любові скажа: «О Божа! Бязмежная Тройца! Прагну любіць Цябе і старацца, каб Цябе любілі». Яе жыццё з’яўляецца непадзельным сузіраннем і апостальствам; сузіранне — любоў да Езуса, апостальства — намаганне, каб Езуса любілі. У яе жыцці нараджаюцца думкі аб місіях, аб пасланніцтве.

Сям’я Мартэн думала, што двое іх сыноў стануць святарамі і выедуць на місіі, але абое заўчасна памерлі. Варта памятаць, што гэта час вялікай экспансіі Касцёла. Шматлікія святары вырушаюць у розныя бакі свету: Афрыка, Азія (асабліва Кітай). У школах і парафіях людзі моляцца і фінансава падтрымліваюць місіі. Тэрэза, маючы чатырнаццаць гадоў, збіраецца ў сваё вялікае падарожжа ў Рым. Цэліна паказвае ёй місійныя часопісы, выдадзеныя арганізацыяй «Прапаганда веры», што азначае справу распаўсюджвання веры. Тэрэза не хоча гэтага чытаць. «Ці гэта цябе не цікавіць?» — пытаецца Цэліна. «Не, наадварот, мяне гэта вельмі цікавіць. Не хачу іх чытаць, бо маю ў сабе занадта вялікае прагненне быць місіянеркай і адправіцца на місіі. Я паступлю ў Кармэль, каб там больш быць місіянеркай», — адказвае Тэрэза.

Святая Тэрэза Авільская рэфармуе Кармэль, калі перажывае ваенную завіруху. Гэтыя абставіны выштурхваюць яе з кляштару Уцелаўлення, каб заснаваць невялічкі кляштар — «Галубятню Маці Божай». У гэтай плыні ўзнікае новае вымярэнне манаскага жыцця, заснаванае на больш сціслым евангельскім жыцці, жыцці ў малітве і ва ўзаемнай братняй любові. Маці Тэрэза кажа: «Свет у агні», маючы на ўвазе рэлігійныя войны, якія ў гэты перыяд адбываюцца, між іншым, у Францыі. Гэта адначасова час адкрыцця Амерыкі. Бачачы свет у цяжкай сітуацыі, св. Тэрэза ад Езуса пытаецца сама ў сябе: «Што я, будучы ўбогай і слабай жанчынай, магу зрабіць? Не магу абвяшчаць Слова, не магу быць місіянеркай, але магу інтэнсіўна жыць Евангеллем разам з маімі сёстрамі, каб такім чынам быць карыснай для Касцёла».

Тэрэза з Лізьё скажа: «Хачу быць дачкой Вялікай Тэрэзы, якая, калі б магла, то аддала б у ахвяру тысячу сваіх жыццяў, каб быць карыснай для душ, каб збаўляць душы». Асаблівым чынам моліцца за святароў і кажа: «Наколькі святымі будуць святары, настолькі плённымі будуць місіі». У сваіх лістах часта паўтарае: «Молімся за святароў». У сваім жыцці часта мела магчымасць сустракацца са слабымі святарамі; ведала сітуацыі, у якіх жыццё святароў было для яе згаршэннем. Ніколі, аднак, у сваім жыцці Тэрэза не сустрэла кармэліта — у ХІХ ст. у Францыі іх было мала. Чула, аднак, пра аднаго айца, які выклікаў вялікі скандал ва ўсёй Еўропе. Гэта быў а. Гіяцынт Лойсан з парыжскай правінцыі, які абвяшчаў Божае слова ў катэдры Нотр-Дам у Парыжы. Ён адкінуў догму пра беспамылковасць Папы, абвешчаную ў 1870 г. на Першым Ватыканскім Саборы, пакінуў Каталіцкі Касцёл, узяў шлюб з маладой амерыканскай пратэстанткай, з якой пазней меў сына. У 1879 г. стварыў каталіцкі англіканскі касцёл, які называў «Касцёлам Вольнага Духа». Падарожнічаў па Францыі, абвяшчаючы канферэнцыі, і дамагаўся адмены цэлібату. Тэрэза, не ўзгадваючы ягонага імя, кажа Цэліне, што моліцца за аднаго духоўнага брата. У той час, калі сёстры размаўляюць пра гэтага чалавека, Тэрэза, не ствараючы шуму, моліцца за яго, ахвяруецца Пану ў гэтай інтэнцыі. Раней, памятаем, яна моліцца аб збаўленні злачынцы Пранзіні, у той час, калі ўвесь свет патрабуе для яго смяротнага пакарання. Кажа нават: «Гэта маё першае дзіця». Падобным чынам, калі а. Лойсан быў экскамунікаваны, Тэрэза акружае яго сваёй малітвай. Апошнюю святую Камунію (19 жніўня 1897 г.) ахвяруе менавіта за яго. Пасля смерці Тэрэзы маці Агнешка высылае айцу Гіяцынту «Дзеі душы». Памірае ён у 1910 г. адлучаны ад Касцёла (у Швейцарыі да сённяшняга дня існуе заснаваны ім касцёл).

У 1895–97 гг. Тэрэза перажывае новыя досведы, якія яшчэ больш кіруюць яе да місій. У чарговы раз атрымала просьбу ад сваіх настаяцельніц, маці Агнешкі і маці Ганзагі, маліцца ў інтэнцыі сваіх новых духоўных братоў — святароў, што збіраюцца працаваць на місіях. Імі з’яўляюцца кс. Маўрыцый Бельер — кандыдат на місіянера ў Афрыцы, і кс. Адольф Роланд — будучы місіянер у Кітаі. Тэрэза ніколі не мела блізкіх адносінаў са святарамі, асабліва маладымі. Вельмі моцна і глыбока, але адначасова з вялікай жаночай інтуіцыяй і з вялікім прадчуваннем уключаецца ў гэтае духоўнае сяброўства і ў вынікаючую з яго карэспандэнцыю. Лісты да гэтых святароў пад канец яе жыцця належаць да найбольш выбітных. Тэрэза ўносіць нешта асаблівае ў жыццё гэтых святароў, і яны таксама шмат уносяць у яе жыццё. Ксёндз Роланд дорыць ёй кнігі місійнай тэматыкі, а сваю першую святую Імшу цэлебруе ў Лізьё і сустракаецца з Тэрэзай непасрэдна перад тым, як сядзе на карабель у Марсэлі, каб накіравацца ў Кітай. З гэтага моманту Тэрэза асабліва моліцца за Афрыку і Кітай. Падчас карэспандэнцыі са сваімі братамі дорыць ім сваю «малую дарогу». Цяпер яна адказная за сем чалавек: пяць паслушніц і двух місіянераў.

Напярэдадні смерці Тэрэзы кс. Бельер просіць, каб яна напісала да яго ліст, бо гэта стварае для яго прыемнасць і добра на яго ўздзейнічае. У гэты час ён яшчэ быў семінарыстам. Тэрэза ўжо вельмі хворая і не піша ніякіх лістоў. Аднак пры дапамозе алоўка піша некалькі слоў свайму духоўнаму брату: «Не трывай у неспакоі, не паддавайся неспакою, калі адыду і буду ў небе, змагу дапамагаць табе больш, чым тут, на зямлі». Яна добра ўсведамляе, што неўзабаве памрэ, і пытаецца сама ў сябе: «Што мне ўчыніць адносна гэтага святара? Ці мая місія на гэтым павінна скончыцца?» Яна разумее, што яе праца на карысць місій будзе працягвацца, надалей будзе развівацца. У яе сэрцы нараджаецца моцнае прагненне, каб чыніць дабро на зямлі пасля сваёй смерці, яна моліцца аб гэтым і адначасова разважае: «Што робяць анёлы ў небе? Яны перажываюць вялікую нябесную літургію, якая праслаўляе Бога, і адначасова робяць нешта добрае на зямлі. Ёсць вельмі важныя анёлы: Габрыэль, Міхал, Рафал — якія чыняць шмат дабра на зямлі, а ёсць анёлы менш важныя, якія з’яўляюцца анёламі-ахоўнікамі кожнага чалавека. Паколькі анёлы адначасова сузіраюць Бога і дапамагаюць людзям на зямлі, то чаму я не магу рабіць нечага падобнага?» Тэрэза чытае навэнну, у якой просіць Бога, каб пасля сваёй смерці магла рабіць дабро на зямлі: «Гэта маё найбольшае прагненне. Паколькі Бог заўсёды выслухоўваў мае прагненні, веру, што і гэтае маё прагненне будзе выслухана».

Тэрэза з Лізьё паўтарае за Тэрэзай Авільскай: «Я дачка Касцёла», і далей: «буду маліцца ва ўсіх паўсюдных універсальных інтэнцыях Папы. Душа, ахінутая любоўю Бога, не можа быць бяздзейснай». Таму яна не робіць розніцы паміж місіянерамі, якія працуюць на абшарах, і асобамі, трываючымі на малітве ў Кармэлі.

Тэрэза, якая мела цэлы шэраг балесных перажыванняў, цэлы шэраг страхаў, а нават скрупулаў, паміраючы ва ўзросце няпоўных 24 гадоў, становіцца Тэрэзай ад Дзіцятка Езус і Найсвяцейшага Аблічча і клапоціцца пра ўвесь свет. «Я ніколі нічога іншага не шукала, апрача праўды, калі ж памыляюся, Пане, пакажы мне мае памылкі».

У 1927 годзе Тэрэза была абвешчана апякункай місій па просьбе шасцісот святароў і місійных біскупаў, якія адчувалі яе дапамогу ў розных кутках свету.

Адноўлена 28.10.2011 12:36
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску