12 студзеня 2012 г.
Чаму св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус з’яўляецца Апякункай місій
Ізноў вяртаемся да разважанняў пра св. Тэрэзу ад Дзіцятка Езус. Сёння другая частка канферэнцыі на тэму: «Чаму св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус з’яўляецца Апякункай місій». Калі казаць пра саму істоту Касцёла і адкрываць у ёй сваё пакліканне, тады на другасны план адыходзіць канкрэтная форма апостальскай дзейнасці. Інакш кажучы, пакліканы прымае тую форму дзейнасці, якая дасканала адпавядае стылю жыцця яго ўласнай манаскай сям’і.
Гэта зразумела таксама Тэрэза: «Падчас ранішняй падзякі Езус паказаў мне просты спосаб выканання майго задання; дазволіў зразумець мне гэтыя словы Песні песняў: „Прыцягні мяне, пабяжым разам да паху тваіх алеяў“ (Пп 1,4). О Езу, няма патрэбы казаць: „Прыцягваючы мяне, прыцягні таксама душы, якія люблю!“ Хопіць гэтага простага слова: „Прыцягні мяне“. Пане, я разумею, што, калі душа паддаецца зняволенню пахам тваіх алеяў, то не пабяжыць адна, але пацягне за сабою ўсе душы, якія любіць; гэта дзеецца без прымусу, без высілку, гэта натуральнае наступства імкнення да Цябе. Як струмень, што хутка ўпадае ў акіян, забірае з сабой усё, што сустракае на сваім шляху, таксама, мой Езу, душа, якая акунаецца ў бязмежны акіян Тваёй любові, прыцягвае за сабой усе свае скарбы…»
Тэрэза перад абліччам пачуцця ўласнай немачы і ўбоства цалкам канцэнтруецца на Хрысце і Ягонай ласцы. Прасіла Езуса, каб любіць Яго яшчэ больш, каб стаць нявольніцай Ягонай любові. Любячая душа не магла б бегчы адна. Прыцягвае за сабой іншых. Гэта цудоўнае акрэсленне логікі аўтэнтычнай апостальскай дзейнасці. Апостал ёсць чалавекам, які цалкам належыць Хрысту, цалкам канцэнтруецца на Хрысце і такім чынам, нібыта спантанна, прыцягвае іншых да Хрыста. Выніковасць ягонага дзеяння залежыць звычайна ад яго асабістай святасці. Гісторыя вялікіх святых апосталаў пацвярджае такую логіку евангелізацыі: Ян Боска, пробашч з Арс, св. Дамінік, св. Тэрэза Авільская, Кацярына Сіенская… Любоў прыцягвае любоў.
Дзякуючы любові, Тэрэза ўмела надаць сваім пакутам апостальскае вымярэнне. Гэта датычыць як духоўных пакутаў (ноч веры), так і фізічных. Свае пакуты, звязаныя з ачышчэннем веры, ахвяруе за няверуючых. Тэрэза можа адважна паўтарыць за вялікім апосталам Хрыста, Паўлам, што з’яўляецца «другім Хрыстом». Сапраўдную апостальскую зацікаўленасць Тэрэзы можна акрэсліць так: любіць і цярпець для Хрыста, каб магчы супрацоўнічаць у збаўленні свету. Такі быў спосаб яе евангелізацыі ў Кармэлі.
Яшчэ больш пазнаём місійную душу Тэрэзы праз прызму некалькіх лістоў, напісаных да сваіх духоўных братоў місіянераў. Пра першага паклапацілася для яе маці Агнешка ў кастрычніку 1895 г. Гэта быў будучы айцец белы, кс. Бэльер. У 1896 г. маці Марыя Ганзага даручае ёй другога духоўнага брата, айца Раланда. Тэрэза падтрымлівае з імі карэспандэнцыю. З шаснаццаці лістоў да місіянераў пяць напісала ў апошнія тры месяцы жыцця. Быццам бы спяшалася з перадачай свайго духоўнага пасланніцтва.
У першым лісце, адрасаваным брату Раланду перад яго святарскім пасвячэннем, у сярэдзіне заключана амаль усё: «Я была б сапраўды шчаслівай, калі б магла разам з Табой працаваць дзеля збаўлення душ. З гэтай мэтай я стала кармэліткай, а, не могучы быць місіянеркай, хацела стаць місіянеркай любові і пакуты, як св. Тэрэза, мая вялікая Маці». Пазней просіць яго, каб падчас першай св. Імшы выпрасіў для яе ў Езуса дар распальвання душы любоўю, каб магла абуджаць яе ў іншых душах: «Прашу, каб брат выпрасіў для мяне таксама гэтую любоў, каб магла плённа падтрымліваць цябе ў тваёй апостальскай дзейнасці. Вядома, што кармэлітка, якая не была б апосталам, аддалілася б ад мэты свайго паклікання і перастала б быць дачкой вялікай св. Тэрэзы, якая прагнула тысячу разоў аддаць жыццё, каб збавіць хоць адну душу».
У лістах да місіянераў знаходзім якасці місійнай душы Тэрэзы. Яе адкрыццё істоты свайго паклікання прымае канкрэтныя формы: душой апостальства ёсць любоў да Езуса. У гэтай справе Тэрэза з’яўляецца сапраўднай дачкой св. Яна ад Крыжа: «…кавалачак гэтай чыстай любові мае большую вартасць перад Богам і адносна душы, і болей карысці прыносіць Касцёлу, чым усе іншыя справы, узятыя разам, хаця і магло б здавацца, што душа нічога не робіць». Любоў да Езуса прысутнічае ў сэрцы Тэрэзы, прыцягваючы яе да малітвы аб збаўленні душаў.
15 мая ў Novissimaverba маці Агнешка напісала яе словы: «Я б вельмі хацела быць пасланай у Кармэль у Ганову і шмат цярпець для добрага Бога. Я б хацела туды паехаць, калі выздаравею, каб быць адной, не мець суцяшэння і радасці на зямлі». Праўдзівасць любові ацэньваецца здольнасцю да ахвяры.
Ян Павел ІІ у энцыкліцы «Redemptorismissio» піша дакладна тое ж самае: «Любоў з’яўляецца сілай, якая пабуджае да місій».
Наступнай рысай яе місійнай душы з’яўляецца прагненне з’яднання ў малітве, удзел у радасцях і пакутах сваіх двух братоў місіянераў. Чытаючы лісты, якія Тэрэза да іх піша, адкрываем душу, поўную любові. Уласную любоў прагне спалучыць з іхняй пастырскай любоўю, каб такім чынам працаваць у справе збаўлення: «Усё, аб чым прашу Езуса для сябе, прашу Яго таксама для цябе, а калі ахвярую сваю слабую любоў майму Умілаванаму, то дазваляю сабе ахвяраваць адначасова і тваю, Ойча».
Сваю місію прагне працягваць у небе. Не ўяўляе сабе жыцця ў небе ў выглядзе адпачынку, але як нічым не абмежаваную місійную дзейнасць. Будучы ў сэрцы Бога, будзе палаць паўсюднай любоўю, і яе місійнае пакліканне дасягне сваёй паўнаты. Прагне быць у небе менавіта такім сябрам усіх людзей. Выражае гэта ў лісце да а. Раланда ў сакавіку 1897 г. «Я не паміраю, але ўваходжу ў жыццё, а ўсё, чаго не магу табе тут сказаць, дам табе да разумення на вышынях неба». У ліпені піша, што ўжо хутка будзе ля яго.
У сэрцы любові і ў сэрцы вечнага шчасця Тэрэза заўсёды з’яўляецца місіянеркай.
Шукаючы матывы абвяшчэння св. Тэрэзы апякункай місій каталіцкага Касцёла, паслухаем самога Пія ХІ, прамаўляючага ў дзень кананізацыі, а таксама абвяшчаючага дэкрэт у гэтай справе 14 снежня 1927 г.: «З такога плённага ўдзелу ў святле Божым і ў Божай ласцы палаў у Тэрэзе такі вялікі жар любові, што няспынна, быццам вызваляючыся з цела, урэшце цалкам вынішчыў яе… Вядома таксама, што з гэтай гарачай любові нарадзілася ў панне з Лізьё пастанова і намаганне „працаваць з любові да Езуса, каб толькі Яму падабацца, каб суцешыць Яго Найсвяцейшае Сэрца і пашырыць збаўленне душаў, якія б любілі Хрыста навекі“. А што пачала гэтае абяцанне выконваць і гэта чыніць, калі толькі ўвайшла ў нябесную Айчыну, гэта лёгка можна пазнаць па гэтым містычным дажджы ружаў, які, праз ласку Бога, як гэта пры жыцці цудоўна прадказвала, ужо спаслала на зямлю і няспынна надалей спасылае».
Вось папскі дэкрэт: «Якім радасным рэхам адгукнулася ва ўсіх верніках навіна пра кананізацыю св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, сведчыць культ, які сёння існуе ва ўсім свеце; нават у найбольш аддаленых краінах гэтая святая панна кармэлітка не перастала спасылаць абяцанага „дажджу ружаў“. З гэтай прычыны шматлікія Арцыпастыры адчулі, што большыя плёны можна было б сабраць у вінаградніку Пана, калі б св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус, якая такой гарачай руплівасцю палала ў пашырэнні святой веры і цудоўны ўплыў якой на язычнікаў паўсюдна вядомы, была абвешчана нябеснай апякункай усіх місіянераў, на якіх бы місіях яны не працавалі; таму пакорна прапанавалі Святому Айцу Пію ХІ адусюль сабраныя просьбы, каб іх супольныя пажаданні ўвянчала найвышэйшае яго Апостальскае зацверджанне. Дзякуючы чаму, Яго Святасць, ласкава прыхіляючыся за прадстаўленых Яму ніжэйпадпісаўшымся кардыналам прэфектам святой Кангрэгацыі абрадаў, шматлікіх прашэнняў біскупаў, меў ласку абвясціць св. Тэрэзу ад Дзіцятка Езус Апякункай усіх місіянераў, мужчын і жанчын, а таксама існуючых у свеце місій, Асаблівай Апякункай нароўні са св. Францішкам Ксавэрыем, з усімі правамі і літургічнымі прывілеямі, якія належаць гэтаму тытулу». 14 снежня 1927 г.
Пій ХІ скіроўвае ўвагу спачатку да яе асабістага жыцця. Жыццё Тэрэзы было ўкаранёна ў Богу і заглыблена ў Яго любові, якая стала крыніцай яе шчасця і велізарнай руплівасці аб збаўленні душаў. Тэрэза праз адкрытасць на Божае дзеянне прывяла сваю любоў на вышыні, якія ў Каталіцкім Касцёле называецца гераізмам. Гэта першы матыў абвяшчэння яе апякункай місій. Тэрэза ад Дзіцятка Езус была абвешчана Апякункай каталіцкіх місій, бо была святой. Калі б яе жыццё не было ўзорам для ўсіх хрысціянаў, то яе місійныя прагненні, нават самыя ўзнёслыя, не былі б дастатковымі, каб надаць Тэрэзе Папам тытул «апякункі місій».
На працягу некалькіх гадоў, якія мінулі ад яе смерці, яна дала незлічоныя доказы свайго клопату пра народ Божы ва ўсім свеце. Паказвае доказы таго, што яе заступніцтва перад Богам з’яўляецца дзейсным, што сапраўды працягвае сваю місію з неба, як абяцала пры жыцці. Таму другі матыў — гэта «дождж ружаў», спасланы Тэрэзай на людзей усяго свету.
Чарговым матывам з’яўляецца воля Касцёла — пачынаючы ад вернікаў, праз біскупаў і заканчваючы Папам, які меў уладу задаволіць гэтае прагненне, абвяшчаючы адпаведны дэкрэт. Матыў, прадстаўлены Папу біскупамі, гэта большая паспяховасць місійнай дзейнасці ў Касцёле — яны адчулі, што нашмат большыя плёны можна сабраць у вінаградніку Пана. Голас Божага народа, які паўплываў на рашэнне біскупаў, сведчыць пра тое, што Тэрэза была для ўсіх незвычайна папулярнай святой і блізкай кожнаму, дзякуючы сваёй простай душы, простай «малой дарозе», дарозе бязмежнага даверу Міласэрнай Любові Бога.
|