Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Крыжовы шлях. Малітва маці за дзяцей
09.03.2012 15:13


Езу Хрыстэ, наш Збавіцель! На гэтым Крыжовым шляху мы даручаем Табе нашых дзяцей і ўсіх дзяцей з нашай парафіі.

Мы дзякуем Табе за нашых дзяцей, яны — каштоўны дар для нас.

Пане, нашы дзеці жывуць у неспакойным свеце: у свеце, які не заўсёды прызнае Цябе, у свеце, які часам смяецца над імі, калі яны вызнаюць сваю веру ў Цябе. Дапамажы ім быць мужнымі, Пане. Дапамажы нам адчуць, што Ты заўсёды побач.

aСтацыя 1. Езус асуджаны на смерць

Мой Збавіцель несправядліва асуджаны на смерць. Прымае гэта з вялікай пакорай. …З-за бязмежнай любові да мяне, да маіх дзяцей, да ўсяго людскога роду.

Езу, Збавіцель мой, прабач маю пыху, навучы згаджацца з воляю Божай. Навучы любіць маіх дзяцей так моцна, каб іх слабасці, падзенні былі як кропля ў моры маёй любові.

aСтацыя 2. Езус бярэ крыж

Езу! Ты ўзяў крыж на свае святыя плечы. Крыж цяжкі. Гэта мае цяжкія грахі. Прабач за парушаныя Божыя запаведзі. За чужаложства, за ненароджаных дзяцей, за гнеў. За грахі нашых дзяцей. Калі яны знаходзяцца ў залежнасцях, парушаюць запаведзі, тады крыж маці здаецца непад’ёмным. Але дапамажы заўсёды памятаць, што, калі я з Табой, а Ты ўва мне, крыж мае сэнс.

Дзякую, што не пагардзіў мною, а ўсклаў усё на свае плечы, каб мне было лягчэй. Прашу Цябе, калі да мяне прыйдзе думка, што быць маці — гэта цяжкі крыж, нагадай, што, давяраючы Табе, я зноў адчую радасць мацярынства.

a3. Езус падае першы раз

Крыж такі цяжкі, што Езус падае. Падае, знясілены грахамі. Мае грахі маюць вагу. Можа, каб не яны, то Езус не ўпаў бы.

Дарагі Езу! Дапамажы нам, маці, малітвай падымаць сваіх дзяцей з розных упадкаў, хвароб. Дай нам моцную веру, надзею, любоў, каб падымацца і несці разам з Табою свой крыж.

aСтацыя 4. Езус сустракае сваю Маці

На Крыжовым шляху Езуса стаіць Яго святая Маці. Яна раздзяляе прыгнечанасць, боль, самоту свайго Сына. Сын Божы церпіць, бо прыняў цела чалавека. Маці церпіць разам з Ім. Яна не ўпала ў роспач.

Найсвяцейшая Панна Марыя, навучы нас быць цярплівымі. Навучы шукаць збаўленчыя ласкі ў лучнасці з табою і тваім Сынам, калі нашыя дзеці хворыя альбо знаходзяцца ў складаных абставінах, ці калі папалі ў залежнасць ад алкаголю, наркотыкаў, камп’ютара...

aСтацыя 5. Сымон Кірынэец дапамагае Езусу несці крыж

Бог ніколі не пакідае нас сам-насам з цяжкасцямі. Абавязкова знойдуцца людзі, якія скажуць добрае слова, выкажуць спачуванне.

Дзякую, Божа, за ўсіх гэтых людзей, праз якіх прыходзіць дапамога нашым дзецям. За выхаваўцаў у дзіцячым садку, за настаўнікаў у школе, за святароў, за сясцёр законных, за ўсіх добрых людзей, якіх яны спаткалі і будуць сустракаць у сваім жыцці.

Прабач мне, калі я магла дапамагчы бліжняму і не выкарыстала гэты шанец.

aСтацыя 6. Вераніка выцірае твар Езуса

Вераніка не звяртала ўвагі на іншых, не турбавалася, што пра яе скажуць. Яна бачыла перад сабой Тваё святое аблічча.

Езус! Дапамажы нам быць мужнымі, калі трэба вызнаваць сваю веру там, дзе Цябе не прызнаюць. Каб, гледзячы на нас, маці, нашыя дзеці пазналі Тваё аблічча.

aСтацыя 7. Езус падае другі раз

Мой Збавіцель! Ты ўпаў пад цяжарам крыжа. Ужо каторы раз я паўтараю свой грэх. Ты прабачыў мне яго ў сакрамэнце пакаяння. А мая грэшная, слабая натура зноў паддалася спакусе. Ты нанова падымаеш. Навучы нас, маці, так любіць сваіх дзяцей, каб заўсёды падаваць ім руку дапамогі, у якіх бы абставінах яны не знаходзіліся і колькі б разоў не памыляліся.

aСтацыя 8. Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын

Збавіцель! Ты паказаў мне прыклад мужнасці. Церпячы ад ранаў, якія Табе нанеслі бічаваннем, несучы крыж на зраненым целе, Ты суцяшаеш жанчын. Ты прагнеш вечнага шчасця для нас і нашых дзяцей. Дазволь нам і нашым дзецям знаходзіцца каля Цябе …блізка-блізка.

aСтацыя 9. Езус падае трэці раз

Каб па-сапраўднаму быць моцным, трэба пазнаць сваю слабасць. Знясілены Езус падае трэці раз — такі вялікі цяжар грахоў чалавецтва, нашых грахоў. Але зноў падымаецца, каб здзейсніць справу збаўлення нас, чые грахі прыціскаюць Яго да зямлі.

О, Езу, найцярплівейшы! Тваё трэцяе падзенне — найвялікшая пакора. Твая любоў не ведае межаў. Ты заўсёды прабачаеш нам, калі мы спатыкаемся. Не пакінь мяне, Пане, калі ахопяць роспач і сумненне.

Дапажы нам і нашым дзецям заўсёды памятаць, што Ты невычарпальная крыніца ласкаў!

aСтацыя 10. З Езуса здзіраюць адзенне

Ты дазволіў зняць вопратку. Аголены стаіш перад сваімі катамі. Аддаў нам усё, нават вопратку са свайго святога цела. Каб мы, веруючыя ў Цябе, маглі падымацца з самых цяжкіх грахоў.

Абарані нашых дзяцей ад бессаромнасці, распусты, пажадлівасці, каб яны перад Тваім судзейскім тронам прадсталі ў беззаганным адзенні.

aСтацыя 11. Укрыжаванне Езуса

Езу мілы! Цябе прыбіваюць цвікамі да крыжа. Як так можа быць, каб у чалавека ўбівалі цвікі? Як часта мы, Езу, не ўсведамляем, што сваімі грахамі ўбіваем цвікі ў Тваё святое цела.

Азіраючыся на сённяшні свет, мы бачым, як Цябе ўкрыжоўваюць сучасныя людзі. Прабач нам, выратуй нас!

У гэтым свеце, які не заўсёды прызнае Цябе, дапамажы нашым дзецям быць мужнымі, дай ім моцную веру, каб яны адважыліся ісці за Табой.

aСтацыя 12. Езус памірае на крыжы

Ты не захацеў быць паслухмяным Езусу Хрысту. І вось цяпер мы бачым Яго на крыжы. Воля Айца здзейснілася. Ці ты задаволены сваёй перамогай? Там, на крыжы, і тваё месца. Твая злосць пакуль што перамагла дабрыню Божую, але ці надоўга? Хутка ты павінен будзеш прасіць прабачэння ў Хрыста — у сваім жыцці альбо ў хвіліну смерці, а калі не захочаш — будзеш шкадаваць усю вечнасць.

Для сапраўднай маці няма нічога даражэй за сваё дзіця. Нашыя сэрцы напоўнены трывогай за будучыню нашых дзяцей. І самая лепшая дапамога — малітва.

Езу! Дай нам такую ласку, каб мы заўсёды памяталі, як моцна Ты нас палюбіў.

Магутны Божа! Ты любіш нашых дзяцей значна больш, чым мы, таму што гэта Твае дзеці. Ты хочаш і можаш ім дапамагчы.

Даручаем Табе нашых дзяцей, вазьмі іх у свае рукі, вядзі іх добрымі шляхамі, абараняй ад усялякага зла. А мы, занепакоеныя маці, нічога не можам, толькі прасіць Цябе, Магутны Божа. Хай станецца Воля Твая!

aСтацыя 13. Езуса здымаюць з крыжа

Мёртвае цела Збавіцеля ў руках Святой Маці… Маці Божая дала нам Езуса здаровага і поўнага сіл. Мы аддаем у яе рукі мёртвага сына — збічаванага, скрываўленага, у цярновай кароне, з прабітым сэрцам. Маці Журботная — гэта Сын твой…

Меч пранікае ў тваё сэрца. Душу захлынула мора горычы. Але ты не скардзішся. Такая воля Бога…

Усемагутны Божа! Дапамажы нам, маці, распазнаць і з пакораю прыняць Тваю святую волю. Асабліва адносна жыцця нашых дзяцей. Навучы нас, Божа, давяраць Табе. Дапамажы нам пазбавіцца ад страхаў і перакласці ўсе свае боязі за нашых дзяцей у Твае рукі. Мы пацвярджаем нашу залежнасць ад Цябе. Таму кожны з нас гаворыць: «Пане! Мне цяжка. Я прашу Цябе, дапамажы мне!»

aСтацыя 14. Езуса кладуць у грабніцу

Збавіцель роду людскога ляжыць у грабніцы. Скончыліся пакуты, набліжаецца Змёртвыхпаўстанне. Так і мы тут, на зямлі, жывём свой адрэзак часу. Мы таксама часовыя апекуны душаў нашых дзяцей.

Езу, дапажы нам, каб гэты адрэзак часу, які даў нам Бог, мы не змарнавалі, але заслужылі Валадарства Тваё і прывялі да Цябе нашых дарагіх дзяцей.

Паводле brest.catholic.by

Адноўлена 09.03.2012 15:25
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме