Капуцын з Беларусі прымае ўдзел у Генеральным капітуле ордэна |
Беларусь |
19.09.2012 12:39 |
З 20 жніўня па 22 верасня 2012 года ў будынку Міжнароднай Калегіі імя св. Лаўрэнція ў Рыме адбываецца вельмі важная падзея для жыцця братоў з ордэна капуцынаў. Прадстаўнікі ўсіх структур амаль адзінаццацітысячнага ордэна, прысутнага ва ўсіх кантынентах свету, у складзе каля двухсот чалавек сабраліся на 84-ы Генеральны капітул. З Віцэ-правінцыі ордэна ў Беларусі на капітуле прысутнічае віцэ-правінцыял а. Андрэй Жылевіч OFMCap, які прадстаўляе інтарэсы капуцынскіх супольнасцяў у нашай краіне. Генеральны капітул у ордэне капуцынаў адбываецца раз на шэсць год і займаецца найважнейшымі справамі, якія датычаць жыцця братоў. У першую чаргу выбіраецца Генеральны міністр ордэна, якім 27 жніўня быў абраны на чарговы тэрмін а. Маўро Ёры OFMCap (швейцарац), а таксама 30 жніўня былі абраны дзевяць іншых братоў, якія будуць належаць да Рады ордэна. Пасля заканчэння капітула яны застануцца ў генеральнай курыі ў Рыме і будуць займацца справамі жыцця братоў ва ўсім свеце. Галоўнымі тэмамі сёлетняга, 84-га капітула, з’яўляюцца: рэвізія Канстытуцыі ордэна, а таксама супольнае шуканне новых сродкаў і магчымасцяў новай евангелізацыі сучаснага грамадства ва ўсім свеце, галоўнай праблемай якога з’яўляецца крызіс веры і хрысціянскіх каштоўнасцяў. Амаль адразу пасля абрання цэнтральнага кіраўніцтва ордэна — 1 верасня — сабраныя на капітуле браты наведалі «калыску» ордэна — мясцовасць Асізі, дзе ў базіліцы св. Францішка, заснавальніка ордэна, цэлебравалі супольную святую Імшу. Падчас літургіі дзякавалі Богу за ласку паклікання, а таксама давяралі Божаму Провіду новаабранае кіраўніцтва супольнасці. Пасля заканчэння літургіі браты капуцыны ўсе разам пайшлі да гробу свайго святога Францішка, дзе Генеральны міністр склаў вызнанне веры і ўдзяліў братам благаслаўленне рэліквіярыем, у якім знаходзіцца памятны ліст св. Францішка да брата Льва. Пасля абеду ў кляштары «Sacro convento» ў Асізі браты наведалі базыліку Маці Божай Анёльскай з маленькім касцёлам у сярэдзіне. Святыня была адбудавана рукамі самога св. Францішка. Там законнікі аднавілі манаскія абяцанні, давяраючы ордэн заступніцтву благаслаўлёнай Дзевы Марыі. Чарговай адметнай падзеяй капітула стала агульная аўдыенцыя ў Ватыкане у зале Паўла VI, якая адбылася ў сераду 12 верасня. Звяртаючыся да братоў капуцынаў, папа Бэнэдыкт XVI заклікаў іх да вернасці харызме і гатоўнасці да новай евангелізацыі. Напрыканцы аўдыенцыі Генеральны міністр ордэна супольна з Радай ахвяравалі Пантыфіку копію крыжа, якую св. Лаўрэнцій з Брындызі насіў з сабой падчас сваіх місійных вандровак. Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў з’яўляецца наймалодшай галіной францішканскай супольнасці і быў зацверджаны булай «Religionis zelus» папы Клімента VII 3 ліпеня 1528 года. На тэрыторыі сучаснай Беларусі капуцыны працуюць з 1938 года. У Пераломе (Гродзенскі р-н) быў пабудаваны першы кляштар, які пасля апошняга падзелу межаў аказаўся на тэрыторыі Савецкай Беларусi. Браты, якія засталіся ў нашай краіне, мужна давалi сведчанне манаскага жыцця ў цяжкiя часы дзяржаўнага атэiзму. Браты капуцыны ў Пераломе жылi як супольнасць да 1955 года. Пазней касцёл і кляшар былі зруйнаваны савецкай уладай. На сённяшні дзень, дзякуючы Божай ласцы, капуцыны ў Беларусі жывуць і працуюць у дзевяці мясцовасцях. Віцэ-правінцыя тут была створана ў 1997 годзе і налічвае ўжо каля 40 братоў. Дадатковую інфармацыю і фотаздымкі пра падзеі на 84-м Капітуле Ордэна Капуцынаў можна знайсці на сайце: http://www.capitulum2012.info. А. Андрэй Жылевіч OFMCap |
Фотарэпартаж |