Юбiлей капуцынаў у Пераломе |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
03.07.2012 13:14 |
15-годдзе заснавання Вiцэправiнцыi капуцынаў у Беларусi адсвяткавалі ў мясцовасцi Пералом (на тэрыторыi парафii Гожа Гродзенскага р-на) 26–27 чэрвеня 2012 г. Браты з усiх куткоў нашай краiны, а таксама шматлiкiя госцi з-за мяжы з’ехалiся ў гэты прыгожы куток каля Нëмана, каб падзякаваць Богу за ласку адраджэння ордэна ў апошнiя дзесяцiгоддзi i за новыя паклiканнi. Менавiта ў Пералом 27 чэрвеня 1938 г. прыбылi капуцыны i пабудавалi тут кляштар — першы ў межах сучаснай Беларусi. Далейшая гiсторыя заняпаду кляштара i цяжкага жыцця братоў, якія засталіся ў БССР, імкнулася зрабiць своеасаблiвы «гроб» для капуцынаў. Аднак сучасныя браты ўсë часцей называюць гэтае месца «калыскай» іх ордэна ў Беларусi, бо тут гiсторыя яшчэ раз абвясцiла перавагу Божых планаў над чалавечымi. Сёння ў Пераломе знаходзіцца маленькі драўляны касцёл, пабудаваны ў 90-я гады, і домік-пустэльня брата Якуба. Першы дзень юбiлею арганiзатары прапанавалi братам правесцi ў лесе на самотнай малiтве. Iндывiдульнаму спатканню з Богам дапамагалi дзве канферэнцыi, прысвечаныя вопыту пустэльнi ў Касцёле i Ордэне Меншых Братоў Капуцынаў. Увечары адбылася святая Iмша з Нешпарамі. Казанне прамовiў а. Марэк Пасют OFM Cap з Докшыц, якi на працягу дзевяцi гадоў узначальваў ордэн у Беларусi. Пасля св. Iмшы адбылася сустрэча капуцынаў з жывымi сведкамi гiсторыi — мясцовымi жыхарамi, якiя памятаюць i 27 чэрвеня 1938 года, i iншыя падзеi з прысутнасцi братоў у Пераломе. Некаторыя з удзельнiкаў юбiлею ўпрыгожылi гэты час спевамi. 27 чэрвеня ў касцёле адбывалiся малiтвы Лiтургii Гадзiнаў, а таксама тры канферэнцыi: адна была прысвечана гiсторыi паўстання Вiцэправiнцыi, а дзве іншыя — апекуну капуцынаў на Беларусi бл. Ганарату Казмiнскаму, жыццë якога i сучасных яму братоў, чымсьцi нагадвае трыванне i мужнае сведчанне бр. Крыспiна Чышака i бр. Караля Шчэпанка, якія ў пасляваенны час ва ўмовах атэiстычнага рэжыму засталіся на тэрыторыі Беларусі. Галоўнай цэлебрацыяй юбiлею была ўрачыстая святая Iмша, якую ад iмя бiскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ўзначалiў кс. прэлат Юзаф Станеўскi, рэктар Вышэйшай духоўнай семiнарыi ў Гродне. Казанне аб ролi Найсвяцейшай Мацi ў гiсторыi Пералому, капуцынаў i кожнага з нас прамовiў а. Ян Фiбэк OFMCap, першы мiнiстр вiцэправiнцыi ў Беларусi. На заканчэнне св. Iмшы ўпершыню за больш чым 15 гадоў адбылася працэсiя вакол касцëла. Святкаванне завяршылася вячэрай на ўлонні прыроды, на якую былi запрошаны ўсе прысутныя. З нагоды юбілею Віцэправінцыі капуцынаў у Беларусі быў выдадзены каляндар на 2013 год, які можна будзе набыць падчас урачыстасцяў Маці Божай у Будславе. У палатцы, якая будзе змяшчацца ў парку перад базылікай, можна будзе таксама больш даведацца пра капуцынаў і пачаставацца кавай капучына з пірагом ад бр. Войцеха з Докшыц. Бр. Яраслаў Крыловіч OFMCap |
Фотарэпартаж |