Кусташ санктуарыя ў Будславе: «Умацаванне ў веры — галоўнае, што нам трэба ўзяць ад перэгрынацыі» |
Беларусь |
16.01.2013 16:10 |
Чацвёрты месяц у парафіях Беларусі трывае перэгрынацыя копіі абраза Маці Божай Будслаўскай. За гэты час абраз пабываў у дзясятках парафій. Пра тое, як сустракаюць абраз Маці Божай вернікі, а таксама пра гісторыю перэгрынацыі абраза расказаў кусташ Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе а. Віктар Бурлака OFM. «У кожнай парафіі абраз вітаюць не так, як у папярэдняй, — заўважае а. Віктар. — У кожнай з парафій — свой малітоўны дух. Бачна, што людзі чакаюць абраз і што да гэтай падзеі яны духоўна рыхтуюцца». — Копію абраза Вы перавозіце на звычайным аўтамабілі. Як рэагуюць на гэта аўтамабілісты? — Памятаю, калі пераязджалі па Мінску, то на адным са светафораў я спыніўся акурат каля тралейбуса. Рэакцыя пасажыраў тралейбуса была цікавая. Заглядаючы мне ў салон, яны здзіўляліся, але рэагавалі пазітыўна. Я не ведаю, ці здагадаўся хто з іх, у чым была справа: хто я такі і што за каштоўнасць вязу. — Ці часта абраз Маці Божай Будслаўскай пакідаў святыню? — Арыгінал выязджаў з Будслава ў 1991-1992 гг. на рэстаўрацыю. Іншым разам выязджалі толькі яго копіі. Перэгрынацыя копіі абраза Маці Божай Будслаўскай праходзіла ў Беларусі ў 1992-м, 1994-м гадах. Сёння – гэта ўжо паўторная перэгрынацыя, прысвечаная юбілею 400-годдзя прысутнасці абраза ў Будславе. Копій ёсць шмат. Тая, якая ўдзельнічае ў сёлетняй перэгрынацыі, намалявана ў 2007 годзе ў Мінску, пасля чаго яе падарылі нашаму санктуарыі. З таго часу мы яе выкарыстоўваем падчас працэсіі ва ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай. — Якія моманты Вы адзначылі падчас перэгрынацыі? — Калі бачыш, з якой шчырасцю і цеплынёй вітаюць абраз людзі, то ўласнае адчуванне абраза толькі ўзбагачаецца. Абраз Маці Божай Будслаўскай, якому амаль 400 гадоў, праз стагоддзі ўвабраў у сябе ўсе смуткі і радасці, якія людзі прыносілі Маці Божай на працягу гэтага часу. Абраз намолены – для вернікаў гэта вялікая сіла, вялікая дапамога. Самае галоўнае, што мы можам узяць ад гэтай перэгрынацыі, -- гэта ўмацаванне ў нашай веры. Ілья Лапато OCDS |