У мінскай архікатэдры ўрачыста адкрыўся Год веры |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
14.10.2012 15:08 |
14 кастрычніка ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ўрачыста адкрыўся Год веры. Святую Імшу ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч. Літургію канцэлебравалі кусташ Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай а. Віктар Бурлака, пробашч архікатэдральнай парафіі кс. Антоні Клімантовіч, кс. доктар Ян Крэміс і дырэктар Душпастырскага цэнтра Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кс. Эдмунд Друз. Падчас набажэнства былі ўрачыста інтранізаваны Святое Пісанне, Катэхізіс Каталіцкага Касцёла і Дакументы Другога Ватыканскага Сабору. У пачатку Імшы да вернікаў звярнуўся пробашч парафіі кс. Антоні Клімантовіч. «Сёння мы далучаемся да Святога Айца і да супольнасці Касцёла, распачынаючы Год веры», — адзначыў святар і заахвоціў прысутных прасіць Бога аб тым, каб «гэты год мы не пражылі дарма, а былі сапраўднымі сведкамі веры і ўвайшлі ў супольнасць святых». Гамілію прамовіў кусташ санктуарыя ў Будславе а. Віктар Бурлака. Святар падкрэсліў, што на пачатку Года веры «варта паставіць сабе пытанне: што гэты год значыць для ўсіх нас?». Тое, што вернікі прыйшлі на святую Імшу, азначае, працягваў а. Бурлака, што яны шукаюць Бога, аднак Год веры патрабуе, каб «кожны з нас паглядзеў у сваё сэрца і адказаў, якое месца ў маім жыцці займае Бог, на якое месца я стаўлю збаўленне». Кусташ санктуарыя нагадаў, што Другі Ватыканскі Сабор, які адкрыўся 50 гадоў таму, кардынальным чынам змяніў пункты гледжання на многія справы, а 20 гадоў таму быў выдадзены Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, які высвятляе галоўныя моманты нашай веры. «Кажучы пра Год веры, важна, каб мы ведалі, дзе шукаць добрыя прыклады веры», — працягваў а. Бурлака. Першым з такіх прыкладаў, па словах святара, з’яўляецца Найсвяцейшая Панна Марыя, якая не пабаялася даверыць сваё жыццё Богу і заўсёды імкнулася выконваць Яго волю. Наша воля, падкрэсліў кусташ санктуарыя, часта бывае эгаістычнай і грэшнай, таму, каб стаць на шлях веры, неабходна шукаць Божай волі. Перэгрынацыя копіі абраза Маці Божай Будслаўскай «гарманічна ўключаецца ў Год веры». 400 гадоў таму гэта абраз быў прывезены ў Будслаў. Як адзначыў а. Віктар Бурлака, «мы павінны вучыцца ў Марыі быць моцнымі ў веры, бо яна паказвае самую пэўную дарогу да Бога». Кусташ санктуарыя распавёў таксама гісторыю таго, як абраз Маці Божай Будслаўскай дапамог аднаму мусульманіну прыняць хрысціянства. Як дадаў святар, каб прывесці да веры іншых людзей, неабходна сведчыць сярод іх сваім прыкладам аб тым, што дае нам вера. «Няхай Год веры дапаможа нам у тым, каб наша вера была добрым прыкладам для тых, хто побач з намі, а Найсвяцейшая Панна Марыя ў Будслаўскім абразе няхай заўсёды захоўвае нас пад плашчом сваёй апекі», — пажадаў а. Бурлака. Падчас святой Імшы быў здзейснены сакрамэнт хросту. Пасля літургіі копія абраза Маці Божай Будслаўскай была перададзена ў мінскую парафію Св. Яна Хрысціцеля. Адначасова малая копія абраза пачала перэгрынацыю па сем’ях архікатэдральнай парафіі. Таксама вернікі ўбачылі відэазварот Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які зараз знаходзіцца на Сінодзе Біскупаў па новай евангелізацыі ў Ватыкане. Жадаючы злучыцца з беларускімі католікамі ў распачацці Года веры, іерарх пажадаў, каб гэты год дапамагаў нашаму народу будаваць сённяшні дзень і будучыню на хрысціянскіх каштоўнасцях. Анастасія Грышан |