Моладзь Пінскай дыяцэзіі сабралася на калядную сустрэчу |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
07.01.2013 11:20 |
У першую суботу месяца, дзень асаблівым чынам прысвечаны Беззаганнаму Сэрцу Маці Божай, моладзь з усёй Пінскай дыяцэзіі сустрэлася ў Баранавічах у касцёле св. Зыгмунта, каб супольна памаліцца, падзяліцца аплаткай, сустрэцца з Езусам падчас адарацыі і св. Імшы, а таксама даверыць сваё жыццё Марыі. Менавіта ў гэты год — Год веры — у Беларусі адзначаецца 400-годдзе прыбыцця цудоўнага абраза Маці Божай у Будслаў. І ў дзень дыяцэзіяльнай сустрэчы моладзі, 5 студзеня, распачалася перэгрынацыя копіі абраза па Пінскай дыяцэзіі. Яго прыбыццё ў парафію Св. Зыгмунта ўзбагаціла малітоўную сустрэчу. Падчас сустрэчы моладзь мела магчымасць праз чытанне слова Божага, абмеркаванне яго ў групах і ўдзел у тэматычных сцэнках больш глыбока зразумець актуальнасць Евангелля ў жыцці кожнага чалавека. А дзякуючы цікавым канферэнцыям святароў для ўдзельнікаў сустрэчы больш блізкай і зразумелай стала постаць Марыі, якая адзначалася асаблівым даверам Пану Богу. Скончылася сустрэча вясёлым вечарам, забаўляльнай праграмай, танцамі ды надзеяй на хуткае новае спатканне з сябрамі.
Алена Ярмак OCDS Вераніка Сідарэня
|
Фотарэпартаж |