Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні Папскай рады «Iustitia et pax» у Ватыкане
Беларусь
02.10.2014 12:51

Пленарнае пасяджэнне Папскай рады «Iustitia et pax», членам якой з’яўляецца і Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, распачалося ў Ватыкане 1 кастрычніка.

Як перадае спецыяльны карэспандэнт Catholic.by з Рыма, у пасяджэнні, якое сёлета праходзіць у 28-мы раз, прымаюць удзел 36 біскупаў. Пасяджэнне прысвечана тэме развіцця сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла ў апошнія дзесяць гадоў.

Удзельнікі пленарнага пасяджэння правялі ацэнку сацыяльнага вучэння Касцёла з улікам вучэння такіх дакументаў, як энцыкліка Папы Бэнэдыкта ХVI «Caritas in veritate» («Любоў у праўдзе») і Апостальская адгартацыя Папы Францішка «Evangelii gaudium» («Радасць Евангелля») для таго, каб вырашыць, ці прыйшоў час падрыхтаваць новае дапоўненае выданне Кампендыя Каталіцкага Касцёла.

На пачатку пасяджання сакратар Папскай рады арцыбіскуп Марыё Тозо прадставіў галоўныя пункты дзейнасці Рады за апошнія два гады. Падчас дыскусіі, якая прайшла пасля яго выступлення, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выказаў пажаданне, каб Рада ў сваёй дзейнасці выказала заклапочанасць сітуацыяй ва Украіне і ролі Беларусі ў міратворчым працэсе ў гэтай краіне.


«Украіна — паўднёвы сусед Беларусі і беларускі Касцёл пастаянна моліцца аб хутчэйшым мірным вырашэнні канфлікту ў гэтай краіне, — перадае словы беларускага іерарха карэспандэнт Catholic.by. — Мірныя ініцыятывы Беларусі і сустрэчы зацікаўленых бакоў, якія праходзілі ў Мінску, ужо прынеслі свае пазітыўныя вынікі». Заўвага беларускага іерарха астатнімі ўдзельнікамі пленарнага пасяджэння была прынята з разуменнем.

Вялікую заклапочанасць ва ўдзельнікаў пасяджэння выклікаў той факт, што ў многіх вернікаў вера не мае сацыяльнага вымярэння, што сведчыць пра адсутнасць сацыяльнай катэхізацыі. У сувязі з гэтым была выказана думка аб неабходнасці падрыхтаваць сацыяльны катэхізіс.

Многія дакладчыкі звярталі ўвагу на неабходнасць больш актыўнай душпастырскай апекі палітыкаў, каб тыя дзейнічалі згодна з Божым правам. Вялікая трывога была выказана ў сувязі з набіраючай ход карупцыяй і тым, што сусветная эканоміка сёння не вядзе да развіцця агульнага дабра.

Падчас другой сесіі прадстаўнікі ўсіх кантынентаў прадставілі на пасяджэнні карціну таго, як у іх краінах сустрэлі Апостальскую адгартацыю «Радасць Евангеля», што дапаможа ацаніць яе больш дакладна ў сусветным вымярэнні.

Першы дзень працы пленарнага пасяджання Папскай рады «Iustitia et pax» («Справядлівасць і супакой») завяршыўся святой Імшой, якую ўзначаліў лацінскі Патрыярх Іерусаліма Фуад Туаль. У гаміліі іерарх засяродзіў увагу прысутных на неабходнасці новых змаганняў за мір на Блізкім Усходзе: «Толькі словы, якіх вельмі многа, не вырашаюць праблемы. Неабходны канкрэтныя дзеянні», — заклікаючы да міру, сказаў Патрыярх.

2 кастрычніка прадугледжана аўдыенцыя ў Папы Францішка.

 (TK)/Рэд.

 


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.