Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Святая твая дарога, пастыр наш, святар!»: 25 гадоў біскупства Мітрапаліта (+ фотарэпартаж)
Беларусь
29.10.2014 11:12
«Святая твая дарога, пастыр наш, святар!» — спявала моладзь, віншуючы Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з 25-годдзем біскупскай сакры і імянінамі. Гэтыя словы лёгкага спеву гучалі сярод мноства ганаровых віншаванняў духоўных і свецкіх асобаў, месцам сустрэчы для якіх стала 28 кастрычніка мінская катэдра — у дзень успаміну святых Сымона і Юды Тадэвуша, Апосталаў.
 
У супольнай Эўхарыстыі, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, прысутнічалі ўсе біскупы Беларусі, біскупы з суседніх краін, сярод якіх біскуп Элцкі (Польшча) Ежы Мазур, арцыбіскуп Пётр Мальчук з Украіны, Мітрапаліт архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскуп Паоло Пеццы, дапаможны біскуп Беластоцкай архідыяцэзіі Генрык Цярэшка, біскуп на пенсіі Шчэцінска-Камінскай дыяцэзіі (Польшча) Блажэй Крушыловіч, а таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы — епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім (Беланожка), прадстаўнік лютэранскай супольнасці пастар Уладзімір Татарнікаў, прадстаўнікі ўлады і дыпламатычнага корпусу, святары, кансэкраваныя асобы і вернікі як з усёй Беларусі, так і з суседніх дзяржаў, дзе вучыўся і працаваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
 
 
 
Пасля прывітальнага слова на распачацце святой Імшы, якое прамовіў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, арганізатар урачыстасці, было зачытана адрасаванае Мітрапаліту слова Папы Францішка, скіраванае на гэтую Імшу.
 
Ці заўсёды я заставаўся верным? 
 
Падчас гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся не як звычайна да прысутных вернікаў, але скіраваў пытанні да самога сябе: «Ці заўсёды я заставаўся верным? Ці заўсёды быў адважным у абвяшчэнні Божага слова?» Таксама іерарх склаў перапрашэнні за недакладнасці і памылкі перад тымі, да каго Бог паслаў яго несці паслугу і папрасіў аб малітве.

З вялікім узрушэннем арцыбіскуп узгадваў момант, калі святы Ян Павел ІІ удзяляў яму біскупскую сакру ў базыліцы св. Пятра, малітву перад улюбёнай скульптурай Вялікага Папы — П'етай Мікеланджэла, і поціск рукі Папы разам са словамі вельмі моцнымі: «Тадэвуш, я малюся за цябе!»
 
Як гэта, калі за цябе моліцца святы? 
 


Як гэта, калі за цябе моліцца святы? Хочацца ў такі момант скіраваць сваё пытанне да Мітрапаліта і да ўсіх тых, каму Ян Павел ІІ абяцаў сваю малітву.

Мітрапаліт падкрэсліў, што для яго вельмі важным ў справе адраджэння было «не быць толькі сведкам, але ўдзельнікам пераменаў», самому гэтыя перамены ствараць, дзейнічаць, сеяць і прыносіць плён.

Мы моцныя, калі мы адзіныя
 
Іерарх звярнуўся да ўсіх святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, нагадаўшы, як важна быць разам, быць аб’яднанымі, складаючы адзіны прэзбітэрый, бо «калі мы аб’яднаныя, мы можам быць моцнымі».

З асаблівай увагай Мітрапаліт звярнуўся да моладзі, сказаўшы, што моладзь ідзе да яго, не баіцца прыходзіць, а ён у сваю чаргу адкрыты на моладзь.
 
«Дзякуй, мама! Дзякуй, тата!» — сказаў іерарх, дзякуючы сваім бацькам, і прыгадаў момант, калі ён выпадкова знайшоў у малітоўніку сваёй маці «Малітву маці аб святарскім пакліканні сына».
 
Напрыканцы Імшы госці склалі свае віншаванні і пажаданні Мітрапаліту.
 
 
Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі звярнуўся з урачыстым словам яе старшыня біскуп Аляксандр Кашкевіч. «Ужо чвэрць стагоддзя Пан Бог у сваім Провідзе заклікае Вас да складаных, адказных заданняў, і ўжо чвэрць стагоддзя Вы з поўнай адданасцю і самаахвярнасцю служыце Касцёлу і Божаму люду, спачатку як Апостальскі адміністратар для католікаў Беларусі, затым як арцыбіскуп у Маскве, цяпер як арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі», — адзначыў біскуп і пажадаў, каб асабісты прыклад веры і даверу да Хрыста, які дае Мітрапаліт, узмацняў усіх, хто ідзе шляхам хрысціянскага жыцця.

Ад імя дзяржаўных уладаў павіншаваў іерарха Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, які адзначыў, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі з'яўляецца актыўнай часткай грамадства, якая займае дзейсную пазіцыю ва ўмацаванні дабра, міласэрнасці і служэнні людзям ў грамадстве, і пажадаў іерарху духоўнай моцы ў справе служэння Беларусі і Каталіцкаму Касцёлу.
 
 
Падкрэсліўшы важнасць еднасці ў нясенні хрысціянскіх каштоўнасцяў, якія здольныя захаваць будучае пакаленне, звярнуўся са словамі віншавання епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім.

Заклікаў усіх маліцца за Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча прадстаўнік Лютэранскай Царквы пастар Уладзімір Татарнікаў, які ў сваім слове прыгадаў, як 10 гадоў назад пазнаёміўся з арцыбіскупам, калі быў студэнтам духоўнай семінарыі ў Санкт-Пецярбургу. Таксама пастар Уладзімір Татарнікаў перадаў словы віншавання ад архіепіскапа Лютэранскай Царквы Расіі — Дзітрыха Браўэра.

Ад імя ўсіх святароў Беларусі павіншаваў Мітрапаліта дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, які пажадаў, каб і надалей арцыбіскуп заставаўся прыкладам для святароў: заставаўся прыкладным душпастырам, ад слоў якога людзі напаўняюцца вялікім энтузіязмам.

Таксама да Мітрапаліта звярнуўся Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, які прымаў біскупскую сакру з рук Папы Яна Паўла ІІ на 13 гадоў пазней, чым Мітрапаліт.
 


З жартам і шчырай усмешкай іерарх прыгадаў, як у Кангрэгацыю па справах Усходніх Касцёлаў напярэдадні біскупскай сакры звярнуліся з просьбаю набыць пастарал для новага біскупа: «Папа хоча набыць пастарал Кандрусевічу!» «Толькі ў нас на той час былі грошы, мы пайшлі і набылі пастарал. І Вы не ведаеце, з якім гонарам я бачу яго зараз у Вашых руках!» — радасна сказаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Апостальскі Нунцый пажадаў арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу мець моцныя і шырокія плечы, каб несці на іх плён таго, што ён пасеяў.
 
У знак удзячнасці за 25-гадовае служэнне арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці перадаў Мітрапаліту срэбны медаль Папы Францішка.

Іерарху падзякаваў за прыклад годнасці і адвагі Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, а ад імя душпастыраў семінарыстаў Мітрапаліта павіншаваў рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску ксёндз Ян Саламон.

Каб Вас заўсёды было чутно ў вялікім замку 
 
Алегарычнае і вобразнае віншаванне падрыхтавалі навучэнцы Тэалагічнага каледжа імя Яна Хрысціцеля ў Мінску, а таксама скаўты, якія прынеслі ў падарунак рог, які патрэбны чалавеку, які даносіць самую важную інфармацыю іншым людзям. «Каб Вас заўсёды было чутно ў вялікім замку, якім з'яўляецца Каталіцкі Касцёл», — пажадалі тыя, хто заўсёды «напагатове», каб служыць грамадству.
 
 
 
 
 
Ад імя кансэкраваных асобаў пажадаў Мітрапаліту «духоўнай маладосці» а. Міхаіл Цвячкоўскі MIC, а ад імя дабрачынных арганізацый Беларусі зычлівае слова прамовіў кс. Віктар Гайдукевіч SDB, дырэктар Нацыянальнага дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас».
 
Шматлікія шчырыя пажаданні, віншаванні, кветкі і малітоўныя «маргарыткі» складалі вернікі, а моладзь спявала пра «Святую дарогу святара», якую і зычыла арцыпастыру, які пакліканы спаўняць Божую волю ў імя Божае і ў імя чалавечае.
 

Аксана Ючкавіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.