Першы нумар газеты «Ave Maria» выйшаў у лістападзе 1994 года накладам у
дзве тысячы экземпляраў. Менавіта газеты — часопісам выданне стане крыху
пазней. Дэбютны выпуск газеты налічваў 20 старонак і ўжо меў
пазнавальны сёння лагатып.
Гартаючы старонкі часопіса, разумееш, што ён з’явіўся ў вельмі патрэбны час. Лістапад 1994 года. Не так даўно ў краіне адбыліся першыя прэзідэнцкія выбары. Ужо чатыры гады ў Гродне дзейнічала каталіцкая семінарыя, у якой ужо вучыліся першыя беларускія семінарысты.
Пару месяцаў да гэтага ў Беларусь прыбыў першы Апостальскі Нунцый і літаральна днямі Папа Ян Павел ІІ прызначыў 80-гадовага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Казіміра Свёнтка першым ў гісторыі Беларусі кардыналам.
«Ave Maria» — назвалі мы сваю газету, бо старонкі яе збіраемся прысвячаць найперш марыйнай тэматыцы, — пісала рэдакцыя ў першым нумары. — Перакананыя, што сучаснаму, зблуканаму ў матэрыяльнай цемры, чалавеку вельмі неабходна свято прарочых словаў Маці Божай, прыклад як мацярынскай ахвяры і цярпення».
«Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе...»
Нягледзячы на тое, што каталіцкі тэзаўрус тады амаль не быў распрацаваны (напрыклад, пісалі «Найсвятая Панна Марыя», «тэрцыяне», «навярненне»), газета з першых нумароў выходзіла цалкам па-беларуску.
У першым нумары была змешчана тэлеграма для арцыбіскупа Казіміра Свёнтка з віншаваннямі ў 80-ты дзень нараджэння ад Папы Яна Паўла ІІ. Побач «Ave Maria» надрукавала біяграфіі першага беларускага кардынала
Казіміра Свёнтка і першага Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Агостыно Маркетто.
Дэвізам сваёй газеты «Ave Maria» абрала радкі з фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай: «Каб Беззаганнае Сэрца Маці затрыумфавала ва ўсёй паўнаце, — патрэбна праўдзівая аднова чалавецтва, яго шчырае навяртанне да жыцця ў Хрыстусе. Такою дарогаю, па якой мы павінны пайсці, каб атрымаць поўную перамогу Праўды над хлуснёю, Любові над нянавісцю, Веры над бязбожніцтвам, з’яўляюцца пасланні Маці Божае».
Першы нумар хоць і выйшаў у лістападзе, тэматычна быў разлічаны
на два месяцы — лістапад і снежань. Пра гэта сведчыць літургічны
каляндар, пададзены адразу на два месяцы, а таксама матэрыялы пра
Адвэнт.
«Ave Maria» з першых нумароў зарэкамендавала сябе як газета з высокім журналісцкім узроўнем. Побач з тэкстамі пра жыццё святых, малітвамі, а таксама пераклады і вытрымкамі дакладаў некаторых вучоных, звяртаюць на сябе ўвагу і грунтоўныя публіцыстычныя тэксты некаторых аўтараў. На жаль, аўтары газеты ў першых нумарах або не пазначалі сваё прозвішча ўвогуле, або падпісваліся крыптанімам.
Адметны і той факт, што 20 гадоў таму у Баранавічах, як і сёння, арганізоўваліся рознага кшталту сімпозіумы і семінары. Так у першым нумары «Ave Maria» паведамлялася пра сімпозіум да Міжнароднага года сям’і, які павінен быў прайсці ў катэхетычным інстытуце Баранавіч 10 снежня 1994 года.
«Добры дзень, дарагая рэдакцыя!»
У адным з першых нумароў «Ave
Maria» прысвяціла чатыры газетныя паласы інгрэсу Яго Эміненцыі кардыналу
Казіміру Свёнтку. Акрамя самой падзеі, аздобленай фотаздымкамі, у
матэрыяле звярталася ўвага і на гісторыю катэдральнай святыні:
«Сённяшнюю
архікатэдру ў Мінску планавалася ператварыць у канцэртную залу арганнай
музыкі на 500 месцаў і музей старажытнабеларускай драўлянай скульптуры,
— пісала аўтарка Галіна Калевіч. — І толькі пажар у спорткомплексе
«Трудовые резервы» не даў планам ажыццявіцца, бо спартсменаў са
спартыўнага таварыста «Спартак», якое месцілася ў святыні, не было куды
перасяляць».
Подпіс да здымка: «Ксёндз дэкан Ян Шуткевіч: такою катэдра будзе»
Інтэрв’ю Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Агостыно Маркетто тлумачыць субардынацыю паміж біскупамі і Нунцыем, а таксама апісвае яго працоўны дзень («малітва, літургія, удзяленне сакрамэнтаў, дзелавыя сустрэчы, чытанне прэсы і духоўнай літаратуры, візіты»).
Звяртае на сябе ўвагу і надрукаваны «круглы стол» на канферэнцыі ў Рыме, прысвечанай адносінам паміж праваслаўнымі і католікамі. Газета друкуе таксама вытрымкі з навуковых канферэнцый і семінараў, прысвечаных сям'і і рэлігіі.
Пішуць у газету святары — пробашч касцёла ў Нясвіжы кс. Генрык Акалатовіч, пробашч мінскай катэдры кс. Ян Шуткевіч і інш. Друкуе «Ave Maria» і допісы навучэнцаў гродзенскай семінарыі, якія выказваюць рэдакцыі падзяку за працу і дзеляцца сваімі навінамі.
Кожны новы нумар часопіса прыносіў з сабою новую рубрыку. Адной з такой была і адмысловая — пра пакліканне.
Рэпартажы з прэзбітэрскіх пасвячэнняў кс. Леанарда Акалатовіча, кс. Анатоля Парахневіча, кс. Антонія Клімантовіча таксама прыходзяцца на гэты час.
Звяртаюць на сябе ўвагу і матэрыялы для дзяцей і падлеткаў — крыжаванкі на веданне Бібліі, апавяданні для дзяцей, а таксама пераклады касцёльных песень, вершы і астатнія матэрыялы ў рубрыцы «Ave Maria — дзеткам». І зваротная сувязь таксама не прымусіла сябе доўга чакаць.
Сваёй шчырасцю і даверам кранаюць першыя лісты ў рубрыцы «Весткі з парафій»:
«Добры дзень, дарагая рэдакцыя! Я жыву ў маладым, прыгожым горадзе Наваполацку, у якім няма ніводнага касцёла. Вучуся ў шостым класе».
Пра першыя моладзевыя чуванні можна даведацца з допісу парафіяніна касцёла Святой Тройцы (св. Роха) Данілы Скумса:
«…Каля 9 гадзіны вечара ў касцёле пачалі збірацца ўдзельнікі чування, пераважна моладзь, але прыйшлі таксама вернікі старэйшага веку. Прыехалі госці-моладзь з Барысава, Івянца, Маладзечна. А 9 гадзіне дзіцячы хор адной з мінскіх музычных школ распачаў чуванне…».
Аўтар апісвае, як праходзіла сустрэча моладзі: «…а 12 гадзіне ночы адбылася святая Імша, пасля якой у малых групах разважалі над тэкстам Евангелля, дзяліліся сваімі асабістымі думкамі і сведчаннямі…»
Шмат водгукаў прыходзіла і пасля пілігрымкі ў Будслаў. Адзін з такіх допісаў на адрас рэдакцыі даслала Таццяна:
«Я падрасла на цэлы год, і сёлета ўжо не буду самай малодшай пілігрымшчыцай з Полацка. Мне ўжо цэлых дванаццаць гадоў. Хачу, каб сёлета самыя малодшыя ў нашай групе былі гэткія ж шчаслівыя, якой была я, калі прыйшла ў Будслаў. Ксёндз Францішак таксама быў шчаслівы».
…Загортваеш падшыўку нумароў «Ave Maria», а ў думках — ты яшчэ там. У гэтых радках, тэкстах, малітвах, песнях, допісах. Нібыта чуеш і бачыш той — такі нядаўні — беларускі Касцёл 90-х, які толькі пачынаў свой рост. Перад табой моладзь, семінарысты і наш кардынал, якія ў сваіх малітвах і
справах робяць усё для таго, каб Касцёл узрастаў. Радуешся, бо іх
справа дала плён і сёння на іх месцы ўжо новае пакаленне — з новымі
радкамі, гісторыямі і допісамі. Часопіс «Ave Maria» нібы нітуе наш час з мінулым — і за гэта мы яму ўдзячныя.
Калектыў рэдакцыі Catholic.by далучаецца да віншаванняў з нагоды 20-годдзя часопіса «Ave Maria» і віншуе калег з юбілеем, жадаючы часопісу далейшага развіцця, а яго супрацоўнікам — здароўя, сілы духу і Божай апекі ў штодзённай працы!