Віншаванні старшыні ККББ з нагоды 20-годдзя часопіса «Ave Maria» |
Іерархі
|
22.11.2014 10:59 |
Шаноўная пані рэдактар Крыстына Лялько, рэдакцыйны калектыў і чытачы!
У гэтым годзе мы адзначаем 20-годдзе часопіса «Ave Maria». Гэты юбілей схіляе нас да таго, каб скласці Богу падзяку за ўсё дабро, якое праз мудрае каталіцкае слова штомесяц уваходзіць як жаданы госць у нашыя дамы і ў нашае жыццё. Гэты юбілей з’яўляецца таксама чарговай добрай нагодай для таго, каб заахвоціць да чытання каталіцкай прэсы ў нашай краіне. Сімвалічна, што 20-годдзе часопіса прыпадае на год кананізацыі Вялікага Папы Яна Паўла ІІ, які асабіста благаславіў у 1994 г. пачатак гэтага выдання. Радаваўся яму і кардынал Казімір Свёнтэк, які надаваў часопісу «Ave Maria» важную ролю ў адраджэнні Касцёла ў Беларусі.
Дзякуючы Богу за 20 гадоў прысутнасці часопіса «Ave Maria» ў нашай краіне, выказваю сардэчную падзяку ўсім супрацоўнікам рэдакцыі за адказную шматгадовую працу, асабліва рэдактару пані Крыстыне Лялько, якая з вялікім запалам і ахвярнасцю аддаецца Божай справе. Складаю ўсім супрацоўнікам і чытачам часопіса найлепшыя пажаданні, зычу Божай ласкі і плёну на новыя гады евангелізацыйнай працы.
Няхай наш часопіс у Імя Божае пераадольвае ўсе перашкоды. Няхай ён усюды нясе святло, цеплыню і Хрыстовы супакой.
+ Аляксандр Кашкевіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
|