Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У добры шлях: XI Міжнародны каталіцкі кінафестываль «Magnificat» адкрылі ў Мінску (+фотарэпартаж)
Беларусь
31.08.2015 09:47
30 жніўня ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылося адкрыццё Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat-2015».
 
Ужо адзінаццаты па ліку кінафестываль «Magnificat» сабраў у Мінску ўдзельнікаў з усяго свету. Свае стужкі на грамадскі прагляд прадставілі рэжысёры з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Францыі, Італіі, Іспаніі, нават Індыі і г.д. 
 
Чытай таксама:
Пачалося адкрыццё фестывалю святой Імшой, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Канцэлебравалі Імшу дапаможныя  біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.
 
 
 
У гэтым годзе адкрыццё «Magnificat» супала з пачаткам новага навучальнага і катэхетычнага года, таму арцыбіскуп падкрэсліў важнасць як кінематографа і сродкаў масавай інфармацыі ў цэлым, так і фестывалю непасрэдна ў выхаванні маладога пакалення:
 
«Сёння ў культуры павінна быць тое, што ўносіць у сучасны свет элементы хрысціянскіх каштоўнасцяў, і для гэтай ролі таксама прызначаны гэты фестываль. Я хацеў бы падзякаваць арганізатарам і ўдзельнікам і пажадаць, каб і ў будучыні фестываль нёс духоўную культуру ў наш секулярызаваны свет. У добры шлях, "Magnificat"!»
 
На старт!
 
 
Пасля Імшы перад архікатэдрай адбылося святочнае адкрыццё фестывалю. Са словамі прывітання і падзякі выступіла загадчыца Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч, якая прапанавала ўсім прысутным разглядаць фестываль «як час сустрэчы».
 
«Бо, калі нараджаецца чалавек, — падкрэсліла Галіна Унуковіч, — яго подых сустракаецца з крыкам і жыццём. Калі ён далей ідзе па жыцці, то сустракаецца з чалавекам. Веды сустракаюцца з жыццёвым вопытам і мудрасцю, а напрыканцы жыцця душа сустракаецца з вечнасцю. Сёння ў нас таксама цудоўная сустрэча… Няхай жа ўсё будзе так, каб падтрымаў нас сам Бог».
 
 
Пасля сімвалічнага «стоп, знята», якім пачаўся кінафестываль, а таксама калектыўнага фота на памяць, удзельнікі скіраваліся ў Чырвоны касцёл, дзе іх прывітаў пробашч парафіі Свв. Сымона і Алены кс. Уладзіслаў Завальнюк.
 
Тут жа адбываўся і непасрэдны паказ фільмаў. Гледачы фестывалю і журы змаглі ўбачыць і ацаніць рэжысёрскую працу, а таксама насыціцца сапраўднай духоўнасцю.
 
Падчас прагляду можна было ўбачыць фільмы самыя розныя па тэматыцы і рэжысёрскіх рашэннях.
 
 
 
Гэта гісторыі сапраўдных герояў і святых, пісьменнікаў і змагароў за веру, кароткія лірычныя ролікі, а таксама сацыяльна-псіхалагічныя стужкі, што раскрываюць глабальныя і асабістыя трагедыі — праблему бежанства, вымірання беларускай вёскі, а разам з гэтым — занядбання духоўнасці.
 
Мінскі старт фестывалю дадзены. Працягнецца ж мерапрыемства ў Глыбокім, Івесі, Мосары і Удзеле.
 
Марына Валасар,
фота аўтара 
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.