У Глыбокім завяршыўся XI Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnifiсаt».
Як падкрэсліў у каментарыі для Catholic.by дырэктар фестываля і яго ідэйны натхняльнік Юрый Гарулёў, духоўная тэматыка сёння вельмі папулярная на кінафестывалях ва ўсім свеце.
«Духоўная праблематыка вельмі папулярная, і многія бяруцца за гэтыя тэмы — евангелізацыі ці духоўнага адраджэння — у надзеі, што на фестывалях хрысціянскага кіно яны лёгка могуць атрымаць за свае працы прызы», — адзначае рэжысёр.
Пры гэтым Юрый Гарулёў дадае, што далёка не ўсе з тых, хто бярэцца за такія тэмы, ведаюць асновы рэжысуры або гукааператарства.
«У выніку кіно, якое закранае актуальную духоўную праблему, не “глядзіцца”, з’яўляецца нецікавым і сумным», — канстатуе рэжысёр. Чытайце таксама: «Хрысціянскае дакументальнае кіно павінна быць прафесійным кінематаграфічна», — падкрэсліў Юрый Гарулёў.
Дырэктар фестываля пры гэтым адзначыў, што «Magnificat» можа толькі парадавацца ўзроўню кінастужак, прадстаўленых на суд фестывалю.
Важна і тое, што фільмы, прадстаўленыя на фестывалі, высока ацэньваюць не толькі прафесіяналы кіно, але і гледачы — на паказы прыходзіць вельмі шмат жыхароў Глыбокага, сярод якіх шмат і моладзі. Многія гледачы прыходзяць на прагляды з года ў год. Больш за тое, многіх творцаў, што прывозяць свае фільмы, гледачы ведаюць у твар, памятаюць і іх папярэднія працы.
«Мы імкнёмся, каб з дапамогай нашых фільмаў людзі хутчэй знаходзілі дарогу да Бога», — кажа Юрый Гарулёў.
Кацярына Лаўрыненка, фота кс. Яна Глінкі
|