Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Навіны «Magnificat»: cустрэча з рэжысёрам Аленай Лабачовай-Дварэцкай прайшла ў глыбоцкім Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
02.09.2015 12:05 |
Сустрэча рэжысёра Алены Лабачовай-Дварэцкай (Яраслаўль) з супрацоўнікамі і наведвальнікамі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшла ў Глыбокім.
Сустрэча прайшла ў межах Міжнароднага каталіцкага фестываля хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat» і была прысвечана праблемам усынаўлення і існавання ў грамадстве людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Таксама былі паказаны тры конкурсныя стужкі кінафестываля. Тры фільма, тры гісторыі Фільм «Жыццё паводле Міхала» польскага рэжысёра Тамаша Вішнеўскага распавядае пра жыццё маладога хлопца з невялікай вёскі, які нарадзіўся нямым і часткова глухім. Гэта наклала адбітак на жыццё юнака, які з сумам распавядае: «У мяне няма сяброў, кожны мой дзень падобны да іншага». Але ёсць і тое, што надае сэнс ягонаму жыццю — напісанне абразоў. Першы свой абраз Міхал напісаў яшчэ падчас вучобы ў школе. Ён прынёс яго тады дахаты — і бацькі хлопчыка заплакалі. Прайшоў час, Міхал ужо дарослы, і вось ён рыхтуе памяшканне для сваёй майстэрні. Сімвалічна гучыць ягонае «я хачу мець больш сонца — дзённае святло спрыяе напісанню абразоў». Нягледзячы на інваліднасць, Міхалу ў пэўным сэнсе шанцуе: у яго ёсць сям’я і дзяўчына, якія заўсёды падтрымліваюць яго, але адсутнасць камунікацыі з грамадствам засмучае маладога чалавека. «Мы жывём у час, калі духоўнасці становіцца ўсё менш, а таму і чалавечнасці», — кажа адзін з герояў гэтага фільма. Не пакінуў гледачоў абыякавымі і фільм «Ёанна» польскага рэжысёра Анэты Копач — зала плакала падчас яго прагляду. Ёанна невылечна хворая, таму вымушана жыць выключна сённяшнім днём. Яна вядзе блог, які з’яўляецца адным з самых папулярных у Польшчы, і ў ім распавядае пра сваё штодзённае жыццё. Яна занатоўвае ўсё, чаму хацела б навучыць свайго сына, калі яе не стане. Любоў як збаўленне Прадставіла сваю стужку «Любіць нельга кінуць. Рэабілітацыя» і рэжысёр Алена Лабачова-Дварэцкая. «Гэты фільм хутчэй прызначаны для тых, хто жадае альбо ўжо ўзяў на выхаванне дзіця з дзіцячага дома, — адзначае рэжысёр. — Статыстыка тут жудасная і няўмольная: у 75 працэнтах прыёмныя бацькі вяртаюць дзіця назад. Яны проста не спраўляюцца. Зразумела, імі рухае жаданне зрабіць добры ўчынак, але толькі гэтага недастаткова». Гэта Алена паказвае ў сваім фільме. Праблема прыёмных дзяцей для Алены існуе не ў тэорыі — паўтара гады таму яны з мужам, маючы дарослых дзяцей і ўнукаў-падлеткаў, усынавілі 10-гадовага хлопчыка. Ужо шмат гадоў Алена разам з мужам праводзяць гурток кіно для дзяцей аднаго з дзіцячых дамоў Яраслаўля. Аднойчы Алена пачула пра хлопчыка, які вучыцца ў школе «на двойкі» і якога адпраўляюць у інтэрнат для разумова адсталых дзяцей. «Уяўляеш, Яраслава адпраўляюць у інтэрнат», — падзялілася Алена з мужам, на што той проста адказаў: «Тады мы яго забіраем». Жанчына не хавае, што праблемы існуюць, але іх можна пераадолець. Фільм як місія Сваім фільмам яна хоча дапамагчы іншым у іх вырашэнні. Жанчына прыгадвае, што калі хадзіла на спецыяльныя падрыхтоўчыя курсы для будучых прыёмных бацькоў, яе асабліва ўразіла тое, што вучэбныя фільмы, што дэманстраваліся тады, былі спрэс замежнай вытворчасці. «Яны не былі дрэннымі, у іх паказваліся праблемы, але мы павінны мець і свае відэа з улікам нашай рэчаіснасці», — кажа Алена. У сваім выступленні Алена Лабачова-Дварэцкая распавяла і аб уласным досведзе працы над кінастужкамі пра лёсы людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Гэтай тэматыцы яна прысвяціла некалькі сваіх фільмаў, якія ўжо неаднаразова дэманстраваліся на «Magnificat» — адна з такіх стужак распавядала пра слепаглуханямога прафесара, другая — пра некалькі дзён з жыцця дзяцей-інвалідаў, якім зрабілі цудоўны падарунак — паездку на мора, якога яны ніколі ў сваім жыцці не бачылі. Зразумела, што наведвальнікі Цэнтра пра праблемы дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ведаюць не ў тэорыі. Большасць з такіх людзей не маюць шанцаў на годнае жыццё, бо лічацца людзьмі «іншага гатунку». Іх праблемы вырашаюцца толькі дзякуючы міласэрнасці і салідарнасці, якіх вельмі часта бракуе. «Мы сапраўды абмежаваныя ў адносінах з людзьмі, жывём ізалявана», — кажа адна з тых, хто прысутнічаў на паказах, — Іна Фёдарава, інвалід па зроку 2-й групы. Жанчына дадае, што паказ кінастужак на фестывалі «Magnificat», прысвечаных гэтай праблематыцы, — гэта перадусім шанс данесці нашаму грамадству праўду пра жыццё і праблемы людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Кацярына Лаўрыненка, фота аўтара
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.