Хрысціянскае сёння: у Вільнюсе прэзентавалі фільм пра першы абраз Езуса Міласэрнага |
Беларусь |
23.02.2016 17:52 |
21 лютага ў Вільнюсе ў кінатэатры «Форум Сінема Вінгіс» быў прэзентаваны фільм «Першы абраз Божай Міласэрнасці. Нячутая гісторыя невядомага шэдэўра», прысвечаны асобам і гісторыі, звязанымі з культам Божай Міласэрнасці. На прэзентацыі фільма прысутнічалі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які распавёў Сatholic.by больш падрабязна пра гэты мастацкі праект, пра ўзнікненне і рэалізацыю ідэі, рэжысёра і некаторыя моманты кінастужкі. Распачынаючы працу над гэтым фільмам, яго стваральнікі атрымалі благаслаўленне ад Папы Францішка. Падрыхтоўка праекта заняла каля года. — Каму належыць ініцыятыва стварэння такога фільма і які яго асноўны змест? — Ініцыятарам ідэі з’яўляецца арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас, літовец, які сам жыў у Лос-Анджэлесе, а на дадзены момант там пражываюць яго родныя. З гэтага ж амерыканскага горада паходзіць і рэжысёр гэтага фільма — Даніэль ды Сільва. Гэты фільм гістарычны. У ім распавядаецца пра аб’яўленне Езуса Міласэрнага сястры Фаўстыне Кавальскай, пра напісанне першага абраза (віленскага) і гісторыю яго захавання, якая, дарэчы, звязана і з нашай краінай, пра распаўсюджванне культу Божай Міласэрнасці, а таксама пра кракаўскія версіі гэтага абраза, якія сталі найбольш папулярнымі ў свеце. — Дзе здымалі гэты фільм? Ці вяліся здымкі таксама на тэрыторыі Беларусі, а менавіта ў Новай Рудзе, дзе захоўваўся абраз з 1956 па 1983 гг.? — Здымалі фільм у Літве — у Вільнюсе, у ЗША — у Лос-Анджэлесе, у Польшчы — у Кракаве і Беластоку, а таксама ў Аўстрыі — у Вене. На жаль, у Беларусі здымкі не вяліся, хоць я і нагадваў стваральнікам фільма пра гэта, бо варта б было наведаць не толькі Новую Руду, але і Каменку, што каля Шчучына, дзе быў калісьці пробашчам ксёндз прэлат Юзаф Грасевіч, які, магчыма, прыклаў найбольш намаганняў, каб гэты абраз быў захаваны ў складаныя для Касцёла часы савецкага пераследу. Даведка: «Ксёндз Юзаф Грасевіч добра ведаў гісторыю паўстання першага абраза Езуса Міласэрнага і яго складаны лёс. Абраз быў напісаны ў Вільні ў 1934 г. У 1935 г. ён упершыню быў выстаўлены для публічнага ўшанавання ў Вострай Браме, а ў 1937 г. усталяваны ў касцёле св. Міхала. Адразу пасля вяртання з лагеру кс. Юзаф Грасевіч зацікавіўся яго лёсам. У 1948 г. пасля закрыцця касцёла св. Міхала ў Вільні абраз быў схаваны пад дахам прыватнага дома. У 1955 г. ён быў перанесены ў прыватнае памяшканне пробашча парафіі Святога Духа. Менавіта там яго ўбачыў кс. Юзаф Грасевіч, які адтуль у 1956 г. перавёз абраз у касцёл св. Юрыя ў Новай Рудзе і змясціў на сцяне паміж прэзбітэрыем і галоўнай навай. Абраз знаходзіўся там на працягу 40 гадоў. У парафіі ў Новай Рудзе ксёндз прэлат Юзаф Грасевіч увёў звычай малітвы Вяночка да Божай Міласэрнасці. Даведаўшыся аб гэтым, кс. Міхал Сапоцька, які тады быў выкладчыкам духоўнай семінарыі ў Беластоку, вельмі ўзрадаваўся, бо разумеў, што абраз знайшоў сумленнага апекуна. У 1986 годзе абраз быў перавезены ў Вільню і пасля рэстаўрацыі ў 1987 г. змешчаны ў бакавым алтары касцёла Святога Духа. Перад ім у 1993 г. маліўся вялікі прыхільнік Божай Міласэрнасці святы Ян Павел II» (з гаміліі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Імшы на 15-годдзе смерці кс. прэл. Юзафа Грасевіча). Рэжысёрам фільма стаў прафесійны музыка
Таксама, распавядаючы пра фільм, Мітрапаліт прыгадаў цікавую гісторыю рэжысёра, якім з’яўляецца амерыканец Даніэль ды Сільва: — Даніэль ды Сільва — рэжысёр гэтай стужкі, а таксама прафесійны музыка з Лос-Анджэлеса. У 2007 годзе ён прыехаў са сваёй групай на выступ у Вільнюс. Пасля канцэрта музыка сустрэў святара, аднак не ведаў, хто ён і адкуль, які запытаўся ў амерыканца: «Можа, ты б хацеў пераначаваць у касцёле?» Для амерыканца такая прапанова была нечаканай, але разам са святаром ён прыйшоў, як аказалася і як пазней даведаўся Даніэль, у санктуарый Божай Міласэрнасці, дзе ксёндз пакінуў яго на начлег. Музыка падзяліўся, што калі раніцай ён прачнуўся, то быў увесь мокры, не ведаючы, што з ім адбываецца. З таго моманту Даніэль пачаў цікавіцца, што за абраз знаходзіцца ў гэтым касцёле, адшукаў пра яго шматлікую інфармацыю ў інтэрнэце. Аказалася, што абраз, які ён убачыў у Вільні, быў толькі на 60-м месцы папулярнасці сярод аналагічных абразоў з выяваю Езуса Міласэрнага. Аднак менавіта гэты абраз з’яўляецца першым абразом Езуса Міласэрнага, які па замове сястры Фаўстыны Кавальскай пачаў пісаць у 1934 годзе віленскі мастак Яўген Казіміроўскі і які быў скончаны ім у 1935 годзе. Гэтым жа абразом с. Фаўстына якраз і не была задаволена, але, паскардзіўшыся Езусу, атрымала адказ, што «не ў прыгажосці фарбаў ці пэндзля веліч гэтага абраза, але ў Маёй ласцы» (Дз. 313). Таксама ў фільме распавядаецца пра кракаўскага мастака Адольфа Хылу, які ўжо пасля смерці с. Фаўстыны Кавальскай, у 1944 годзе, зрабіў больш за 200 варыяцый абраза Езуса Міласэрнага. У фільме распавядаецца пра адрозненні гэтых абразоў ад першай версіі, тлумачыцца, чаму віленская версія — першая — не стала настолькі папулярнай, як працы, выкананыя пазней, і інш.
Таксама па тэме:
Наколькі хутка беларусы змогуць убачыць гэты фільм? Як мяркуе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, гэты фільм, прысвечаны Божай Міласэрнасці, павінен з’явіцца ў Год Божай Міласэрнасці: — Думаю, у хуткім часе да фільма, які падрыхтаваны фрагментарна на розных мовах: літоўскай, англійскай, польскай і нямецкай (для апошніх трох з літоўскімі субтытрамі), будуць падрыхтаваны субтытры на іншых мовах, у тым ліку на польскай. Пасля з’яўлення версіі з польскімі субтытрамі, што палегчыць працэс перакладу, лічу, што хутка з’явіцца і беларускамоўная версія, якую можна будзе прэзентаваць і распаўсюджваць у парафіях Беларусі. |