Кангрэс сямейных рухаў: «Калі мы пытаемся, колькі трэба прабачаць, то яшчэ не разумеем сутнасці прабачэння» |
Беларусь |
14.05.2016 23:53 |
Хто такі чалавек, што мае патрэбу ў тым, каб прабачаць і прасіць прабачэння? Як тэму прабачэння можна раскрыць, чытаючы Евангелле паводле Мацвея? На гэтыя і іншыя пытанні маглі атрымаць адказ удзельнікі І Кангрэсу сямейных рухаў у Баранавічах. «У чым прычына таго, што крызіс сям’і ў сучасным свеце расце, як снежны ком? Ці можна знайсці антыдотум на такую паталагічную з’яву сучаснага свету? Такія і падобныя пытанні мы задаём сёння», — з гэтымі словамі звярнуўся да ўдзельнікаў першага Кангрэсу сямейных рухаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Kандрусевіч у другі дзень яго правядзення, 14 мая, распачынаючы свой даклад. На самым пачатку арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў усіх прысутных з прызначэннем у Беларусь новага Апостальскага Нунцыя мансеньёра Габара Пінтэра, а потым перайшоў да тэмы дакладу.
«Праблемамі сучаснай сям’і займаўся апошні Сінод Біскупаў, які праходзіў у дзве фазы ў 2014 і 2015 гг. Між іншым Сінод падкрэсліў тое, што адной з прычын крызісу сям’і з’яўляецца слабая падрыхтоўка маладых людзей да сакрамэнту сужэнства, няведанне яго мэтаў, адсутнасць духу ўзаемнай пашаны і ахвярнай любові, якая ўсё прабачае, – як кажа святы апостал Павел у сваім гімне пра любоў», — прыгадаў арцыбіскуп. Што аслабляе сям'ю, што робіць яе больш адчувальнай да цяжкасцяў, якія часцей за ўсё вядуць да яе разбурэння? Індывідуалізм, уцёк ад адказнасці, замыканне ў выгодах гэтага свету і пагардлівасць да іншых, няправільнае разуменне любові, якая ўсё часцей не дасягае ўзроўню ахвярнай, і іншыя прычыны назваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, разважаючы пра крызіс, які апаноўвае сучасную сям'ю. Якую ролю ў вырашэнні гэтага крызісу маюць прабачэнне і паяднанне? Якім павінна быць прабачэнне, у выніку якога магло б наступіць паяднанне? «Яно павінна быць падобным да прабачэння міласэрнага Бога. Мы ведаем, што чалавек не здольны прабачыць так, як прабачае Бог. Аднак ён павінен імкнуцца да гэтага, — працягваў арцыбіскуп. — Калі верым у тое, што Божая любоў бязмежная і безумоўная, то тады можам любіць іншых, асабліва членаў сям’і, па-над усё і прабачаць ім, нават калі яны несправядлівыя адносна нас. Толькі тады сямейнае жыццё будзе месцам не напружанасці і ўзаемнага прыгнёту, а месцам узаемнай любові, разумення і падтрымкі, бо, як кажа Папа Францішак, прабачэнне з’яўляецца неабходным элементам сямейнага жыцця». Хто такі чалавек? Каб глыбей зразумець паняцці прабачэння, трэба глыбей засяродзіцца над пытаннем: хто такі чалавек? Чаму ў ім закладзена імкненне да прабачэння ці помсты, паяднання ці разладу?
Пра гэта больш падрабязна распавёў кс. Андрэй Рылка, спасылаючыся на трактаванне чалавека праз розныя навуковыя канцэпцыі і асаблівую ўвагу звяртаючы на небяспечныя канцэпцыі асобы, якія не развіваюць чалавека. Паводле ж хрысціянскай канцэпцыі, чалавек створаны дасканала, але народжаны недасканалым, і дасканалым яму яшчэ трэба стаць, імкнучыся ў сваім жыцці да падабенства з Тым, Хто ствараў. Кожны чалавек, з'яўляючыся ўнікальным стварэннем Бога, павінен, як было адзначана, найлепш развіваць у сабе Божы вобраз. Тэму прабачэння і прымірэння ў Бібліі раскрыў кс. Юзаф Мацёнг з Польшчы. Звяртаючыся да прыпавесці аб прабачэнні з Евангелля паводле Мацвея (Мц 18, 21-35), дакладчык патлумачыў прынцып, на які павінна абапірацца хрысціянская супольнасць, у тым ліку кожная хрысціянская сям'я — прынцып бязмежнага прабачэння.
«Магчыма, адзінае, што можа ўратаваць сям'ю, — гэта няспыннае ўзаемапрабачэнне», — адзначыў ён. Ксёндз Юзаф Мацёнг параўнаў прабачэнне з вузлом: кожны раз, калі адбываецца момант сваркі, крыўды, разладу, сувязь паміж людзьмі разрываецца, як канат. У гэтага каната з кожным прабачэннем і прымірэннем з'яўляецца вузел, дзякуючы якому канат становіцца карацейшым, а адлегласць у адносінах паміж людзьмі становіцца меншай. Чым больш вузлоў прымірэння і прабачэння — тым людзі бліжэйшыя адзін да аднаго. Дакладчык прыгадаў першага сведку міласэрнасці Бога і прабачэння любові — апостала Пятра, які адчуў і спазнаў, што міласэрнасць Яго Настаўніка аказалася большай за здраду. Наколькі ж моцнай была ласка Божай міласэрнасці, што, спазнаўшы яе, нават цень Пятра, які праходзіў каля хворых людзей, магла іх аздараўляць. Мы, як было адзначана, бязмежныя даўжнікі Бога, які гатовы прабачаць нам бязмежна, бо адчувае, як маці, якая носіць ва ўлонні дзіця, боль і кожнае цярпенне свайго дзіцяці. Што значыць прабачыць? Гэта, як было сказана, выпусціць з турмы сваёй памяці ўсё, што было дрэнным, забыць правіны іншага, як забывае Бог, але не ў сэнсе псіхалагічным, але ў маральным. Забыцца ў дадзеным выпадку — не абвінавачваць таго, хто ўчыніў крыўду. Ксёндз Юзаф Мацёнг адзначыў, наколькі прабачэнне з'яўляецца важным у малым і вялікім грамадстве, бо толькі яно «разбурае механізм, які прадукуе зло, ламае спіраль нянавісці і помсты». Таксама, дадаў святар, прабачэнне не можа быць абмежавана ў колькасці: «Калі мы так лічым, то цалкам не разумеем сутнасці прабачэння». Калі прабачаць трэба заўсёды, то ці хопіць тады шчок? Ці не значыць, што, калі падстаўляеш заўсёды другую, трэцюю, чацвёртую шчаку свайму абвінаваўцу, то становішся, як бязвольнае цяля, якое дазваляе сабою патураць? Такім было пытанне да слухачоў, на якое святар адказаў тлумачэннем знакамітых слоў, якімі карыстаюцца і веруючыя, і няверуючыя людзі: «Падставіць шчаку — гэта не патураць, але моцна стаяць на баку праўды, не баючыся наступстваў, бо якраз такая пазіцыя ўдарае тых, хто чыніць зло». У такім выпадку прынцып «крыўда — помста» не дзейнічае, і гэта бянтэжыць таго, хто крыўдзіць. Першая палова другога дня завяршылася Эўхарыстыяй, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Прабачаць у сям'і — дапамагаць усяму грамадству «Калі навучымся прабачаць у сям’і, то падобна будзем рабіць і ў жыцці. Можа, некаторыя скептычна ставяцца да такой прапановы, але яна выпрабавана жыццём. Святы Айцец Францішак кажа, што кожны акт прабачэння змацоўвае сцены сямейнага дома, якія патрэскаліся. Практыка прабачэння ў сям’і не толькі лечыць іх саміх, але і чыніць здольнымі дапамагаць грамадству на шляху да дасканаласці, каб яно было лепшым», — адзначыў Мітрапаліт у гаміліі.
Пасля святой Імшы ўдзельнікаў чакалі даклады трох псіхолагаў: добра вядомай у Беларусі сярод хрысціян практыкуючага псіхолага Наталлі Пан, а таксама гасцей з-за мяжы — Галіны Масленікавай з Расіі і Веславы Оклы з Польшчы. Умовы, каб прабачыць Як прабачаць і не абвінавачваць, распавядала Наталля Пан, да якой пасля яе выступу было шмат пытанняў ад слухачоў. З практыкі, як адзначыла Наталля Пан, вынікае, што прабачэнне — гэта не зусім валявы акт, калі ты вырашыў — і прабачыў; рашэння мала. Псіхолаг агучыла ўмовы, якія павінны быць выкананы, каб чалавек змог прабачыць.
Па-першае, як было адзначана, каб прабачыць, трэба ўбачыць, што чалавек, які пакрыўдзіў, шкадуе за свой учынак. Потым трэба з чалавекам, які пакрыўдзіў, паразмаўляць, каб удакладніць, за што ён просіць прабачэння. Па-трэцяе, убачыць, што чалавек мае ўнутраны шчыры намер кампенсацыі, пасля чаго і можа адбыцца прымірэнне і паяднанне. Наталля Пан параўнала механізм прабачэння з сакрамэнтам пакаяння, які таксама заканчваецца прымірэннем і паяднаннем — толькі з Богам. Любоў, ісціна і перамяненне — трыадзінства, на якое звярнула ўвагу Галіна Масленікава, якая ў выступленні асаблівым чынам раскрыла таксама і значэнне пакорнасці ў працэсе прабачэння.
На тэму ж крызісаў — нарматыўных і сітуатыўных, якія могуць напаткаць кожную сям'ю і асобу, — а таксама аб аздараўляльнай моцы надзеі распавяла доктар Веслава Окла. Цытуючы польскага паэта Яна Каханоўскага, дакладчыца заклікала памятаць, што пасля ліхой часіны заўсёды прыходзіць прыгожы дзень, у якім безнадзейнасць змяняецца надзеяй, бездапаможнасць — знаходлівасцю, а бяссілле — моцай.
Насычаны дакладамі дзень скончыўся інтэрактывам, дзе ўдзельнікі маглі атрымаць адказы на турбуючыя пытанні ад спецыялістаў, якія падзяліліся ведамі і сваім досведам. |
Фотарэпартаж |