Увечары 24 ліпеня быў час на падзяку, радасць і вялікае свята, якое
зладзілі ў парафіі, дзе група з Беларусі ўдзельнічала ў дыяцэзіяльных
Днях моладзі. Пасля таго, як палову дня мы проста бавілі час з тымі
сем’ямі, якія нас прымалі, то, пачынаючы са святой Імшы, павялічылі
маштабы святкавання з сям’і да парафіяльнай сям’і. У гэты дзень, амаль як усе папярэднія Імшы ў парафіі, была «польска-беларуская» Эўхарыстыя, напрыканцы якой наша арганістка Крыстыны Бурак, семінарыст Уладзіслаў Беладзед і астатнія заспявалі «Магутны Божа».
Хіба з гэтых дзён моладзі я буду думаць пра тры велічныя спевы, першы з якіх — наш нацыянальны рэлігійны гімн на вершы Наталлі Арсенневай «Магутны Божа», другі — сёлетні гімн СДМ-2016, а трэці — Апэль да Маці Божай Яснагурскай а 21-й гадзіне.
Калі спяваю «Магутны Божа», то думаю пра будучыню маёй краіны, пра яе адкрытасць на Божую ласку, пра яе святасць, без якога не бачу развіцця.
Калі спявалі на працягу года, і асабліва зараз, гімн Дзён моладзі — то думаю пра моладзь усяго свету, будучыню нашага Касцёла, пра тых, хто будзе несці гэтаму свету прабачэнне і любоў, ахвяруючы сабой.
Калі ж разам з суседзямі-палякамі пакідалі ўсе справы, як толькі з касцёльнай вежы пачынаў гучаць яснагурскі матыў, каб аддаць у апеку Маці Божай свой народ, то я думала пра тое, як гэта годна і прыгожа — усім і адначасова маліцца за сваю краіну.
Мне здаецца, што чалавек, які ведае цяжар фізічнай працы, з якой жыве, гадуе сваю сям’ю, які прачынаецца разам з сонцам і пасля знаку крыжа, праз працу дакранаецца да сваёй зямлі, ведае кошт малітве, ведае кошт прыгажосці, адчувае веліч Бога вельмі яскрава і моцна...
Гэта я адчула ў сакольскай парафіі і ўдзячная за сведчанне веры кожнай сям’і, а таксама сведчанне адкрытасці і шчырасці.
Папярэднія матэрыялы: Дзённік удзельніка СДМ-2016: ад заплечніка да першых сустрэч і ўсмешак Дзённік удзельніка СДМ-2016: міласэрнасць чалавека да чалавека Дзённік удзельніка СДМ-2016: да кульмінацыі ўсё бліжэй Дзённік вядзе Аксана Ючкавіч
|