Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Выйшаў малітоўнік для правядзення Агульнабеларускай навэнны
Беларусь
12.08.2016 20:05

У межах падрыхтоўкі да 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме выдавецтва «Pro Christo» прапануе малітоўнік з тэкстамі для правядзення Агульнабеларускай навэнны да Найсвяцейшай Панны Марыі. Навэнна распачалася 6 жніўня, у свята Перамянення Пана, будзе адбывацца на працягу 9 месяцаў і завершыцца 1 красавіка 2017 года.

Малітоўнік мае сімвалічную назву «Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет» — гэта заклік да Маці Божай, які выкарыстоўваў у сваіх малітвах святы Ян Павел ІІ. Дарэчы, паводле яго выказванняў пабудавана істотная частка малітваў, прапанаваных у кнізе.

Выданне складаецца з чатырох частак:

1) «Навэнна», у якой змешчаны малітоўныя тэксты;
2) «Разважанні на кожны дзень навэнны»;
3) «Ружанец перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі»;
4) «Набажэнства першых суботаў месяца».

Структура малітоўніка абумоўлена тым, што Агульнабеларуская навэнна будзе адбывацца ў першыя суботы месяца і спалучана з адпаведным набажэнствам, да якога заклікала Маці Божая Фацімская.

«Заахвочваю святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў не толькі актыўна ўдзельнічаць у навэнне, але і распаўсюджваць набажэнства першых суботаў месяца, каб такім чынам перапрасіць Марыю за грахі, якімі зневажаецца Яе Беззаганнае Сэрца, а таксама каб падзякаваць Ёй за апеку над намі. Даверым жа сябе Божай міласэрнасці, у якой наша надзея!» — заклікае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у звароце з нагоды правядзення навэнны, благаслаўляючы на ўдзел у ёй і ў набажэнстве першых суботаў месяца.

Тыя, хто не змог далучыцца да навэнны 6 жніўня, могуць распачаць яе 13 жніўня — гэта дзень, у які Маці Божая чарговы раз аб’явілася ў 1917 г. фацімскім дзецям і які таксама прыпадае на суботу.

Паводле ave-maria.by

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.