Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Фаціма: Францішак і Жасінта Марту абвешчаны святымі
13.05.2017 13:29

Двое з трох візіянераў з Фацімы — Францішак і Жасінта Марту — былі абвешчаны святымі. 13 мая іх кананізацыю здзейсніў папа Францішак на пачатку св. Імшы, якую ўзначаліў у фацімскім санктуарыі Маці Божай Ружанцовай у сотую гадавіну першага аб’яўлення тут Маці Божай.

Францішак і Жасінта Марту сталі наймалодшымі са святых Каталіцкага Касцёла, якія не з’яўляюцца мучанікамі. Трывае таксама беатыфікацыйны працэс трэцяй візіянеркі — с. Люцыі ад Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі ОCD.

«Дзеля хвалы Святой і непадзельнай Тройцы, дзеля ўзвялічвання каталіцкай веры і ўзрастання хрысціянскага жыцця, моцаю ўлады нашага Пана Езуса Хрыста і святых апосталаў Пятра і Паўла... заяўляю і сцвярджаю, што благаслаўлёныя Францішак Марту і Жасінта Марту з’яўляюцца святымі і ўпісваю іх у шэраг святых», — прачытаў формулу кананізацыі Святы Айцец.

Словы Пантыфіка сабраныя сустрэлі воплескамі.

«Пастушкі з Фацімы былі кананізаваныя, бо прынялі місію, даручаную ім Богам, згадзіўшыся такім чынам на мноства цяжкіх адрачэнняў. У пэўным сэнсе яны прынялі адказнасць за свет, — лічыць кс. Жан Матэа Роджыа, марыёлаг з Папскага тэалагічнага аддзела Marianum. — Іх сведчанне па-сутнасці асноўваецца на прыняцці адказнасці ў імя Бога за іншых. Яны жылі ў часы Першай сусветнай вайны, а значыць у часы нянавісці, перад абліччам вялікай трагедыі. У такіх абставінах, калі ўсе думаюць толькі пра перамогу ў вайне, узяць адказнасць за іншых здавалася чымсьці абразлівым, свайго роду паражэнствам. Аднак такім было пакліканне гэтых дзяцей, дар, які яны атрымалі ад Бога: адчуваць сябе адказнымі за іншых».

Святар, які даследуе марыйныя аб’яўленні, дадаў, што гэтыя дзеці ўскладалі на сябе мноства вырачэнняў і чынілі гэта з думкамі пра іншых, каб для іншых з гэтага выйшла нейкае дабро. На яго думку, кананізуючы Францішка і Жасінту, Касцёл паказвае, што святасць не залежыць ад узросту.

Паводле КАІ (VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.