Тры прычыны запісаць дзіця на катэхезу |
Беларусь |
02.09.2016 18:24 |
З пачаткам новага навучальнага года ў парафіях Беларусі пачынаецца запіс на катэхетычныя заняткі для дзяцей і моладзі, у тым ліку і для тых, хто рыхтуецца да прыняцця Першай святой Камуніі. Пра важнасць катэхетычных
заняткаў у жыцці дзяцей і іх бацькоў па просьбе Catholic.by разважаюць
кс. Уладзімір Марушэўскі SChr і с. Нунэ Цітаян MSF. Прычына першая: «Дзіця вучыцца гаварыць праўду і не баіцца прызнаваць віну» Катэхет і аўтар шэрагу падручнікаў па катэхетыцы для дзяцей і школьнікаў с. Нунэ Цітаян MSF у каментарыі для Catholic.by адзначыла, што часта бацькі тых дзяцей, якія наведвалі заняткі рэлігіі, прызнаюцца, што іх дзеці змяняюцца ў лепшы бок. Падчас казання для дзяцей у мінскай парафіі св. Яўгена дэ Мазэно, чэрвень 2016 «Дзіця становіцца больш паслухмяным, а яго жыццё — больш асэнсаваным. Дзіця вучыцца гаварыць праўду і не баіцца прызнаваць сваю віну. Яно не толькі здабывае веды пра Бога і Біблію, але і становіцца больш міласэрным, дабрэйшым і мудрэйшым, — адзначае с. Нунэ. — Падчас заняткаў мы перадаём дзецям ісціну веры. Дзеці з дапамогай Божай ласкі ўдасканальваюцца як асобы». Манахіня дадае, што асновы веры, якія спасцігаюць дзеці на катэхетычных занятках, дапаўняюць і ўзбагачаюць асобу дзіцяці, фарміруюць яго характар і маральныя каштоўнасці. «У гэтым плане Касцёл — вялікая дапамога для бацькоў у выхаванні дзяцей. Школа дае веды, катэхезы ж — гэта не толькі веды, але і маральны арыенцір у жыцці. Яны фарміруюць характар, даюць дзецям разуменне іх грахоў, вучаць уменню іх вызнаваць, усталёўваць прычынна-выніковыя сувязі. Змены ў паводзінах дзяцей мне, як катэхетцы, бачныя на працягу ўсяго года», — падкрэслівае с. Нунэ. Прычына другая: «Утаймаванне пясчаных бур» «Вера і веды пра Бога ўтаймоўваюць пясчаныя буры ўнутры дзяцей і падлеткаў. Дзіця становіцца больш спакойным за кошт разумення таго, што адбываецца вакол яго, у кантэксце Божага слова. Веданне пераходзіць у разуменне», — адзначае сястра.
Міністрант у гродзенскай катэдры падчас гаміліі гродзенскага ардынарыя, жнівень 2016 На думку с. Нунэ Цітаян, катэхезы пры Касцёле дапамагаюць дзіцяці перамагчы свой страх і выйсці з віртуальнага свету ў рэальны. Прычына трэцяя: спаўненне хрысціянскага доўгу бацькоў Як адзначыў у размове з карэспандэнтам Catholic.by вікарый парафіі Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ ў Мінску кс. Уладзімір Марушэўскі SChr, рэлігійнае выхаванне дзяцей — адно з важнейшых абавязкаў іх бацькоў: Дзяўчынкі з парафіі Св. Яўгена дэ Мазэно ў Мінску перад прыняццем Першай святой Камуніі, чэрвень 2016 «Бацькі, калі прыносяць да хросту сваіх дзяцей, абяцаюць выхоўваць іх у веры. Катэхетычныя заняткі якраз і дапамагаюць дзецям спазнаваць навуку Езуса Хрыста. Езус казаў сваім апосталам: “Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне”. Варта, каб бацькі ўспрымалі гэты заклік сур’ёзна і, запісваючы дзяцей на заняткі па рэлігіі, такім чынам спрыялі іх знаёмству з верай». Маладая мама Таццяна Злобіч разам з трыма сынамі на Імшы з закладкай капсулы з каменем са Святой Зямлі ў касцёле ў Старых Дарогах, жнівень 2016 Згодна з прадпісаннямі Кампендыя сацыяльнага вучэння Касцёла, «бацькі маюць права і абавязак даць сваім дзецям рэлігійнае выхаванне і маральную фармацыю (...). Гэта першасны абавязак, якім сям’я не павінна пагарджаць і які не можа перадаваць камусьці іншаму». Прычын пазнаёміць дзіця з Хрыстом знойдзецца куды больш, чым толькі тры. Акрамя ведаў пра Бога і Біблію, для дзяцей гэта і магчымасць знайсці аднадумцаў сярод сваіх аднагодкаў. Часта бывае так, што сяброўства, якое пачалося на катэхезах, вельмі трывалае, але дзіва тут няма — усе мы «браты ў Хрысце». PS. Выкарыстаныя ў артыкуле фотаздымкі служаць у ілюстрацыйных мэтах
|