1 кастрычніка ў Беларусі трэці дзень фацімскай навэнны |
Беларусь |
29.09.2016 11:06 |
На працягу дзевяці месяцаў — з 6 жніўня 2016 г. па 1 красавіка 2017 г. — кожную першую суботу ў беларускіх парафіях запланавана малітва да Маці Божай Фацімскай. Навэнна праходзіць у межах падрыхтоўкі да 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме. Трэці дзень навэнны прыпадае на 1 кастрычніка. У гэты дзень супольнасць Касцёла будзе перапрашаць Найсвяцейшую Панну Марыю за блюзнерствы, святатацтвы і няўдзячнасць людзей, якія працівяцца Богу. Рыхтуючыся да трэцяга дня навэнны, варта таксама прыгадаць, да чаго падчас аднаго з аб’яўленняў Маці Божая Фацімская заклікала Расію, у складзе якой у тыя часы знаходзілася і Беларусь. Пра гэта ў адной са сваіх прамоваў ужо пасля вяртання з Расіі ў Беларусь распавядаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч: «Калі на Усходзе ўзнікла пагроза атэістычнага рэжыму, нашым “адвакатам” стала Марыя. Там, у далёкай Фаціме, Яна заклікала да малітвы і навяртання, кажучы, што калі будзеце маліцца і навернецеся, беды вас абмінуць. Як Маці Бога, Яна, аднак, ведала, што людзі Яе не паслухаюць. Падчас чарговых аб’яўленняў, якіх усяго было шэсць, Марыя паказала фацімскім дзецям жахі пекла, прадказала пераслед Касцёла і Другую сусветную вайну, але ў той жа час дала надзею на навяртанне. Яна сказала: “Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе і Расія навернецца”. Марыя выкарыстала слова „Расія”, але тое ж адносіцца і да Беларусі, бо ў той час Беларусь была часткай Расійскай імперыі. Гэтыя словы Марыі сталі надзеяй на працягу доўгіх трох пакаленняў, аж да пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі сапраўды як дар з неба прыйшла свабода веравызнання». |