Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Беларускі знак у Назарэце: асвячана мазаіка Маці Божай Будслаўскай
Беларусь
27.06.2014 11:57

27 чэрвеня беларускія пілігрымы накіраваліся ў горад Назарэт, які знаходзіцца за 190 км ад Ерузалема, каб споўніць галоўную мэту пілігрымкі, якой з’яўляецца асвячэнне мазаікі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

Урачыстасці распачаліся святой Імшой у Базыліцы Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, у якіх прынялі ўдзел усе 300 пілігрымаў.

Перад Імшой мазаіка была ўнесена ў Базыліку і змешчана ў бакавым алтары.

Базыліка, якая ўпершыню адчула такую моцную прысутнасць беларусаў

 

 

Малітвы і спевы на беларускай мове, якім задаваў тон змешаны хор спевакоў з Мінскага касцёла Св. Сымона і св. Алены, а таксама з Магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава, апанавалі Базыліку, якая за час свайго існавання бачыла многае, але такую моцную прысутнасць Беларусі адчула ўпершыню.

Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскi арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім Эўхарыстыю цэлебравалі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і святары з Беларусі.

Месца, дзе пачалася «новая эра — эра збаўлення»

 

У гаміліі арцыбіскуп адзначыў: «Божы Провід прывёў нас, беларускіх пілігрымаў, у Назарэт, у месца, дзе 2000 гадоў таму здзейснілася таямніца Звеставання Пана. Са Старога Запавету мы ведаем, што людзі пагардліва ставіліся да Назарэта. Яны нават казалі: “Што добрага можа быць з Назарэта?” Аднак гісторыя паказала, што апошні можа стаць першым. Менавіта ў малым і забытым усімі Назарэце Бог праз арханёла Габрыэля аб’явіў Марыі сваю волю. Марыя яе прыняла, і пад Яе сэрцам пачало біцца сэрца будучага Збаўцы свету».

Таксама іерарх дадаў: «Мы ўшаноўваем месцы, дзе нарадзіліся, жылі, вучыліся ці працавалі вядомыя людзі. Сёння Божы Провід прывёў нас у месца, дзе, дзякуючы згодзе Марыі з Божай воляй, распачалася новая эра — эра збаўлення».

Другі знак Беларусі і Каталіцкага касцёла ў ёй

 

Напрыканцы Імшы была асвячана мазаічная выява Будслаўскага абраза, каля якога быў прачытаны Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі.

Пазней мазаіка будзе ўсталявана ў падворку Назарэтанскай Базылікі з левага боку ад цэнтральнага ўваходу. Кіраўнік турыстычнай фірмы, якая арганізавала пілігрымку і выкананне мазаікі цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай, спадар Джордж выказаў сваю радасць з нагоды асвячэння, а таксама выказаў надзею, што пакаленні беларусаў будуць прыбываць сюды, каб маліцца ў гэтым святым месцы. Месца ж будзе прадстаўляць Будслаўская Мадонна. 

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў усім прысутным, пры гэтым ён падкрэсліў, што «з сённяшняга дня ў святым горадзе Назарэце знаходзіцца беларускі знак, які будзе абвяшчаць аб нашай краіне і Каталіцкім Касцёле ў ёй».

Гэта ўжо другі такі знак на Святой Зямлі. Першы быў усталяваны ў 2011 годзе ў касцёле «Ойча наш» у Ерузалеме. Пасля цырымоніі асвячэння прысутныя праспявалі гімн «Магутны Божа».
 
Пазней пілігрымы наведалі дом святога Юзафа, дзе жыла Святая Сям’я, калодзеж Марыі, куды яна хадзіла па ваду і нацыянальны парк Ізраэля — Сепфорыс, які знаходзіцца за 6 км ад Назарэту.

Мітрапаліт Кандрусевіч у Кане Галілейскай: «Беларусь, калі хочаш быць вялікай, беражы жыццё!»

 

Далей пілігрымы накіраваліся ў Кану Галілейскую, дзе Езус здзейсніў першы цуд — перамяніў ваду ў віно на вяселлі і гэтым самым вызваліў маладых са складанай сітуацыі, калі не хапала віна. Трыдыцыйна ў гэтым месцы сужэнскія пары аднаўляюць свае абяцанні.

Так было і на гэты раз. У сваім слове Мітрапаліт прыгадаў аб сям’і, як Богам створаным інстытуце з мэтай сумеснага жыцця, працягвання чалавечага патомства і яго выхавання. Іерарх таксама прыгадаў аб сучасных сямейных крызісах і заклікаў прысутных маліцца за сем’і, каб яны былі хатнімі Касцёламі, месцам прыйсця на свет Божага дару жыцця і яго хрысціянскага выхавання, бо сям’я з’яўляецца галоўнай клеткай кожнай супольнасці.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч таксама, перафразуючы словы св. Яна Паўла ІІ, сказаў: «Беларусь, калі хочаш быць вялікай, беражы жыццё».

(JM), (AYU)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.