Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апостальскі Нунцый да святароў: «Быць годнымі слугамі свайго народу і годнымі распаўсюджвальнікамі водару Хрыста»
Беларусь
02.04.2015 18:32

У мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі 2 красавіка адбылася Імша Хрызма, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Падчас гэтай Імшы, якая адбываецца ў дзень усталявання святарства, асвячаецца алей.

Водар алею і водар Хрыста

На пачатку гаміліі Апостальскі Нунцый звярнуў увагу якраз на аспект алею, а дакладней яго водару.

«Падыход да алею ў гэтай цэлебрацыі такі, як да асобаў, — адзначыў арцыбіскуп. — Раней у Літургіі быў такі момант, калі святары кленчылі перад посудам з алеем і віталі яго словамі: "Вітай, святы алей!", нібыта вітаючы асобу. І тое самае мы маем пры кансэкрацыі святыні, якую намашчаюць алеем. І тут прысутнічае такі момант, што толькі асобу могуць намашчаць алеем. Гэта значыць, што падыход да святыні такі ж самы, як падыход да асобы».  

Апостальскі Нунцый нагадаў, што ў старажытнай культуры Міжземнага мора алей з'яўляецца важнай часткай харчавання. Без алею здаецца, што нішто не мае смаку. Такую ж вялікую ролю алей займаў і ў антычнай культуры, і ў культуры Ізраэля. Таксама меўся адмысловы алей, які падрыхтоўвалі з ужываннем духмяных рэчываў.

«Слова «духмянасці» ў беларускай мове адлюстроўвае значэнне паху ў кухні і водару парфумы. Сярод нас прысутныя жанчыны, якія да сённяшняга дня ведаюць, як выкарыстоўваецца алей у касметычных мэтах. У старажытным свеце выкарыстанне гэтых парфумаў было такім жа»,— дадаў арцыбіскуп.

«Менавіта выкарыстанне алею ў другім значэнні — як парфумы — вельмі часта выкарыстоўваецца ў біблійных апісаннях. Вы добра памятаеце момант, — прыгадаў арцыбіскуп, — калі быў разбіты посуд з алеем, альбо калі ногі Езуса былі намашчаны менавіта гэтым пахучым алеем. І гэты алей, якім былі намашчаны ногі Езуса, мусіў быць настолькі дарагім, што адразу пасля намашчэння хтосьці ў святыні пачаў лічыць, колькі гэта каштуе. І гэтая традыцыя адносна фінансавай вартасці ў Касцёле трывае па сённяшні дзень».

Таксама арцыбіскуп прыгадаў, што раней была традыцыя намашчаць алеем цела мёртвага чалавека. Так рабілася для таго, каб папярэдзіць дрэнны пах ад гэтага цела.

«Спадзяёмся, што нас гэта не датычыцца, і нам не трэба выкарыстоўваць алей для таго, каб іншыя не пачулі наш кепскі пах. Таму што мэта алею - гэта не закрыць, не прыкрыць брыдкі пах, але каб распаўсюджваць добры пах», — дадаў іерарх.

Хто з'яўляецца добрым пахам?

«Хто з'яўляецца добрым пахам?» — было пытанне.

«Гэта Намашчаны, гэта Хрыстус — той, каго намасцілі. Па-грэчаску Хрыстус — гэта адпаведнік габрэйскаму "Месія". Алей — гэта добры пах Хрыста», — працягнуў іерарх.

Якая галоўная мэта ў святарскім жыцці?

«Дарагія, у нашым святарскім жыцці ёсць адна галоўная мэта — распаўсюджваць добры пах Хрыста. Усё іншае — на другім плане. Таксама, калі нават святар ужо стары ці хворы, паралізаваны, ён не губляе гэту здольнасць — распаўсюджваць добры пах Хрыста», — адзначыў іерарх.

«Калі я рыхтаваўся да гэтай прамовы, — падзяліўся арцыбіскуп, — то, запытаўшыся, як альбо што прамовіць святарам, пачуў у адказ: "Нічога ім не кажыце, яны настолькі стомленыя ад пустых слоў, што лепш нічога не казаць". На жаль, я не магу да канца прыняць гэту параду».

«І я вас разумею ў гэтым, бо вельмі шмат слоў, якія пануюць сярод нас, думаецца, маюць нейкі духоўны сэнс, але адзіны духоўны змест нараджаецца з адарацыі Хрыста ў табэрнакулюме», — адзначыў іерарх.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроціі папрасіў паспрабаваць сабе ўявіць, як бы святары маглі растлумачыць людзям, як пахне добры алей. «Гэта быў бы хіба гумарыстычны падыход. Калі ёсць пах, то ён існуе без слоў. Калі існуе патрэба ў словах — гэта знак таго, што няма паху.Таму гэта супярэчліва гаварыць, што ёсць пах. І сёння я хацеў бы скіраваць да вас словы падзякі за тое, што вашыя вернікі адчуваюць пах Хрыста, калі вы ёсць сярод іх.

Калі хтосьці з вас адчувае, што страціў гэты пах Хрыста, то павінен пайсці і аднавіць яго», — сказаў арцыбіскуп.

Вам пашанцавала працаваць у Беларусі: вы можаце атрымліваць водар Хрыста ад вернікаў

«Мы штодзённа дакранаемся Цела Хрыста, і калі гэты дотык становіцца толькі механічным, то знікае гэты прыемны водар», — заўважыў іерарх.

«Вам вельмі пашанцавала ў Беларусі, таму што ваш люд Божы поўны водару тых алеяў, якім ён быў намашчаны падчас хросту і канфірмацыі. І мы, святары, маем цудоўную магчымасць атрымліваць гэты водар Хрыста ад вернікаў. І сёння ўвечары, калі вы будзеце цэлебраваць Імшу ўстанаўлення Эўхарыстыі, падзякуйце вернікам за гэты водар. Таксама трэба падзякаваць ім за тое, што калі мы яшчэ маем той мінімум веры, то дзякуючы таму, што гэтыя людзі вартыя гэтага», — дадаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Знак прызнання святара

Таксама Апостальскі Нунцый прыгадаў момант з прыезду ў Беларусь Дзяржаўнага Сакратара Папы кардынала П'етро Параліна, калі Дзяржсакратар слухаў дзвюх старэйшых жанчын, гісторыі трагедыі іх жыцця, якія адлюстроўваюць трагедыю ўсяго беларускага народу. Пасля той размовы кардынал сказаў, што гэтыя гісторыі яго вельмі скаланулі і пра іх ён бы хацеў распавесці Папу Францішку.

Таксама арцыбіскуп прыгадаў адзін выпадак, які здарыўся пасля размовы: «Адна са старэйшых жанчын адчыніла сваю сумку, потым кашалёк, з якога дастала 200 тысяч рублёў, і перадала іх кардыналу са словамі: "Гэта для Вас, бо гэта адпаведна так у нас паводзяць сябе са святаром". Потым яна падышла да мяне, і я таксама атрымаў 200 тысяч рублёў. Кардынал адчуў сябе нязручна і спытаўся: "За што гэтая жанчына дае мне грошы?" А я яму сказаў, каб узяў, дадаўшы, што калі не возьме, то гэта будзе вялікая абраза для жанчыны».

«Гэта людзі, якія адчуваюць патрэбу быць шчодрымі са святарамі. І гэта знак прызнання святара. Праз доўгі час гэтыя людзі прагнулі мець сярод сябе святароў, але не мелі магчымасці. Чаму я распавядаю пра гэта? Бо ў гэтым простым жэсце, які блізкі да той удавы, якая кінула апошнія свае грошы ў скарбонку, ёсць вялікая годнасць, і ёсць вялікае пачуццё.

Мы, біскупы, як першыя, а таксама вы, дарагія браты, маем толькі адзін абавязак — быць годнымі гэтай годнасці і шчодрасці нашых людзей. Быць годнымі слугамі гэтага народу і годнымі распаўсюджвальнікамі водару Хрыста.

І ў гэты дзень святара я жадаю вам менавіта гэтага! Жадаю сапраўднага жыцця ў Хрысце!» — сказаў арцыбіскуп.

Запытайцеся сябе: ці годны я тых людзей, якіх спавядаю і якім служу?

Арцыбіскуп папрасіў, каб святары падчас чарговага рахунку сумлення перад споведдзю мелі перад сабою вобраз гэтай пажылой жанчыны і запыталіся ў сябе: ці я годны гэтай жанчыны, ці я магу глядзець у вочы гэтай жанчыны?

«І калі штосьці ў адказ на гэта пытанне ў вас скажа "не", то гэта ёсць тая частка ў вас, якая патрабуе навяртання, — адзначыў іерарх і дадаў: — Але таксама ў вас будзе тое, што скажа: "так, я шчаслівы быць святаром, нават калі я грэшнік, але ў маім жыцці былі моманты, як я адчуваў, што гатовы аддаць усё, ахвяраваць сваё жыццё за Цябе". І гэта будуць найлепшыя рэкалекцыі. І калі хтосьці ў гэты момант убачыць вашыя вочы, вашу годнасць ад паклікання, ад быцця святаром, то гэта будзе найлепшым укладам у новыя пакліканні».

Напрыканцы арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці пажадаў, каб святары былі захопленыя водарам Хрыста, бо ўсё астатняе здарыцца само сабой, а таксама памяталі, што водар Хрыста трэба павялічваць, але не праз колькасць сказаных слоў.

«Частку з таго, як гэта выглядае, цалкам быць захопленым Хрыстом, мы ўбачым толькі пасля сваёй смерці, — сказаў арцыбіскуп, — мы ж да канца будзем беднымі грэшнікамі, але тым не менш Божы люд можа нам прабачыць усё, акрамя быцця сухімі бюракратамі».

«У дзень Пасхі, падчас Эўхарыстыі, вы адчуеце, як распаўсюджваецца гэты добры водар. І таксама ў гэты момант не думайце, што гэта ваш водар. У такія моманты трэба дзякаваць Богу, што Ён падарыў нам свой водар. І няхай ваша сэрца будзе ўзрушана, і гэта будзе пачаткам новага жыцця», — сказаў арцыбіскуп.

Напрыканцы Імшы вернікі павіншавалі сваіх духоўных вядоўцаў, дзякуючы Богу за дар пакліканняў і святарскага служэння.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч напрыканцы Эўхарыстыі таксама звярнуўся да прысутных святароў. Падчас звароту ён пазнаёміў святароў з асноўнымі пунктамі свайго «Слова», якое адмыслова было падрыхтавана на Вялікі Чацвер.

Адным з ключавых момантаў яго прамовы было навяртанне, якога патрабуе кожны святар, бо менавіта ад яго, ад штодзённага аднаўлення ў Хрысце, залежыць як духоўнае здароўе святара, так і тое, як ён будзе весці сваю паству, свой народ да Збаўцы.

Аксана Ючкавіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.