Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча да святароў на Вялікі чацвер 2015 г.
Іерархі
01.04.2015 09:35

Святар – удзельнік і слуга паяднання

Глыбокапаважаныя святары, дарагія вернікі!

1. Чарговы раз Божы Провід дазваляе нам перажываць Вялікі чацвер, калі мы ўспамінаем устанаўленне двух сакрамэнтаў – святарства і Эўхарыстыі, якія непарыўна звязаны паміж сабой. Святарства выводзіцца з Эўхарыстыі і ўстаноўлена найперш для Эўхарыстыі. Святар таксама цэлебруе іншыя сакрамэнты, як бачныя знакі нябачнай Божай ласкі, якая патрэбна для збаўлення, сярод якіх сакрамэнт паяднання ці пакаяння займае асаблівае месца.

Год 2015 як Год навяртання ў пастырскай праграме падрыхтоўкі да юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў прысвечаны навяртанню, якое ўключае ў сябе сакрамэнт паяднання. Таму сёлетнія нашы святарскія разважанні ў свята святара прысвецім гэтаму сакрамэнту, які патрэбны як самому святару, так і вернікам, каб паяднацца з Богам і Касцёлам.

Тэма паяднання вельмі важная і актуальная, бо наш час – гэта час крызісу сакрамэнту пакаяння. Адны кажуць, што не маюць граху і таму ім не трэба спавядацца. Аднак св. Ян апостал выразна вучыць, што калі мы кажам, што не маем граху, то ашукваем самі сябе і праўды няма ў нас (пар. 1 Ян 1, 8). Іншыя кажуць, што спавядаюся Богу і магу гэта ўчыніць без святара. На гэты конт вельмі прыгожа кажа Папа Францішак. Такую споведзь Папа параўноўвае да споведзі праз e-mail. Бог далёка, я штосьці гавару, але не ў чатыры вокі. Споведзь – гэта не візіт у псіхіятра, але вызнанне перад Богам сваёй грахоўнасці праз пасрэдніцтва святара (пар. http://w2.vatican.va/content/francesco /it/cotidie/2013/documents/papa-francesco-cotidie_20131025_capaci-di-vergognarsi.html).  

2. У той жа час сучасны свет, нягледзячы на пануючыя ў ім секулярныя тэндэнцыі, патрабуе паяднання з Богам, якое наступае ў выніку навяртання і духоўнага ачышчэння. Аб неабходнасці паяднання нагадвае няспынны пошук дасведчання прабачэння і ўнутранага аздараўлення, што праяўляецца таксама і ў растучай папулярнасці рознага роду сект, якія прапануюць імгненнае ачышчэнне.

Крызіс сакрамэнту пакаяння закранае не толькі пэнітэнтаў, але і самых спаведнікоў. Святары таксама патрабуюць навяртання і адновы не толькі для цэлебрацыі сакрамэнту паяднання, але і карыстання з яго, бо і яны падвержаны граху, спакусам, стомленасці, занядбанню і фармалізацыі гэтага так важнага сакрамэнту.

3. Святарскае навяртанне можна разглядаць у двух напрамках. Першы – гэта вяртанне да першаснай руплівасці пасля прэзбітэрскага пасвячэння. Ці не да нас адносяцца словы Апакаліпсісу св. Яна апостала: “Ты маеш цярплівасць і пакутваў дзеля імя Майго, і не знямогся. Але маю супраць цябе тое, што ты пакінуў першую любоў. Таму згадай, адкуль ты ўпаў, і пакайся, і рабі так, як ты рабіў спачатку. Калі не, то Я прыйду да цябе і зрушу свечнік твой з яго месца, калі ты не пакаешся” (Ап 2, 3-5). Таму кожны святар павінен вяртацца да першаснай руплівасці ў малітве, чытанні і вывучэнні Святога Пісання, абвяшчэнні Божага слова, цэлебрацыі сакрамэнтаў і г.д.

Другі напрамак святарскага навяртання – гэта барацьба са злымі звычкамі, паводзінамі і грахом. Тэма навяртання праходзіць чырвонай ніткай у Святым Пісанні як Старога, так і Новага Запавету. Так, у кнізе Мудрасці Сіраха чытаем: “Не адкладайце вашага навяртання да Пана” (Сір 5, 7). Хрыстус заклікае: “Навяртайцеся і верце ў Евангелле” (Мк 1, 15). Матыў навяртання вельмі моцна гучыць у вучэнні св. апостала Паўла. Так, напрыклад, у Пасланні да Эфэсцаў ён заклікае “адкінуць ранейшыя паводзіны старога чалавека, які знішчае сябе зманлівымі пажадлівасцямі. Таму аднавіце дух вашага розуму і апраніцеся ў новага чалавека, створанага паводле Бога ў справядлівасці і святасці праўды” (Эф 4, 22-24).

У такім кантэксце сакрамэнт пакаяння становіцца знакам хрысціянскай рэініцыяцыі, або, кажучы іншымі словамі, рэканструкцыі святасці нашага жыцця. Гэта вельмі добра падкрэслівае абрад сакрамэнту пакаяння, калі прыпамінае, што ў сваёй чалавечай слабасці таксама і хрысціяне адыходзяць ад сваёй першаснай любові (пар. Ап 2, 4) і праз грэх зрываюць сувязь з Богам, таму для адпушчэння здзейсненых пасля хросту грахоў Хрыстус устанавіў асаблівы сакрамэнт пакуты і паяднання (Ян 20, 21-23).

4. Ні для каго не сакрэт, што і святары патрабуюць навяртання, патрабуюць ласкі Божай міласэрнасці, можа, нават больш, чым іншыя вернікі. Да іх найперш адносяцца словы св. апостала Паўла: “мы маем скарб у гліняных начыннях, каб веліч моцы была Божая, а не паходзіла ад нас” (2 Кар 4, 7).  

Святы Ян Павел II у Апостальскай адгартацыі „Reconciliatio et paenitentia” (“Паяднанне і пакаянне”) падкрэслівае, што, дзякуючы прэзбітэрскаму пасвячэнню ўключаны ў таямніцу Божай любові і міласэрнасці, святар здзяйсняе сакрамэнт пакаяння in persona Chiristi, гэта азначае, што ён у гэтым сакрамэнце прыпадабняецца да Хрыста святара. Таму ён сам павінен быць вобразам Хрыста і прабываць у стане Божай ласкі. Каб прапанаваць іншым паяднанне і ласку, ён сам перад гэтым павінен дасведчыць моц Божага прабачэння (пар. RP 8). Таму прэзбітэры павінны карыстацца з гэтага сакрамэнту для развіцця свайго духоўнага жыцця (пар. RP 31).

Такім чынам, святар адыгрывае ключавую ролю ў Божай справе паяднання, як распарадчык прабачэння і адначасова як пэнітэнт. Другі Ватыканскі Сабор у Дэкрэце пра жыццё і служэнне прэзбітэраў навучае, што “распарадчыкі сакрамэнтальнай ласкі вельмі цесна яднаюцца з Хрыстом Збаўцам і Пастырам праз плённае прыняцце сакрамэнтаў, асабліва праз сакрамэнт пакаяння, да якога яны рыхтуюцца на падставе штодзённага рахунку сумлення, вельмі неабходнага для навяртання сэрца да любові Айца міласэрнасці” (РО 18). Для святара навяртацца азначае вяртацца да ласкі паклікання, разважаць аб бязмежнасці дабрыні і любові Хрыста, які нас паклікаў і казаў: “Ідзі за Мною” (Мц 9, 9).

5. Навяртацца – азначае разлічыцца перад Панам з нашага служэння, руплівасці і вернасці, з нашага занядбання, грахоў, маладушнасці, браку веры і надзеі, з разумення толькі па-чалавечы, а не па-Божаму (пар. Мц 16, 23).

Навяртацца – азначае няспынна шукаць прабачэння і Божай моцы ў сакрамэнце паяднання і такім чынам распачынаць нанова нашу святарскую паслугу.

Дырэкторый аб паслузе і жыцці святароў прыгадвае, што яны павінны карыстацца з гэтай крыніцы духоўнага жыцця, бо сакрамэнт паяднання ўмацоўвае ў веры і любові. Святар, як распарадчык сакрамэнту пакаяння, сам павінен даваць сведчанне перажывання прабачэння, што мае вялікае пастырскае вымярэнне, бо з’яўляецца знакам ацэнкі гэтага сакрамэнту (пар. Dyrektorium 53).

Зразумела, што асабісты досвед перажывання сакрамэнту паяднаняя дапамагае святару ў выконванні яго абавязку спаведніка.

6. Сам, будучы пэнітэнтам, святар з волі Хрыста, які сказаў апосталам: “Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца” (Ян 20, 22-23), з’яўляецца слугой паяднання (пар. РО 5; SC 7). Гэта Боская ўлада адпушчэння грахоў была дадзена Хрыстом святарам, каб людзі, якія вызнаюць перад імі свае грахі, маглі праз бачны знак атрымаць пэўнасць прабачэння і паяднання з Богам, – навучае св. Ян Павел II (пар. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/angelus/1990/documents/hf_jp-ii_ang_19900401.html).

Святары, як распарадчыкі гэтага сакрамэнту, прымаюць удзел у таямніцы паяднання чалавека з міласэрным нябесным Айцом. Падобна Езусу Хрысту, яны пакліканы, каб заклікаць грэшнікаў да карыстання з багацця Божай міласэрнасці. Менавіта, як навучае Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл, “тыя, хто прыступае да сакрамэнту пакаяння, атрымліваюць ад Божай міласэрнасці прабачэнне знявагі, учыненай Богу, і адначасова прымірэнне з Касцёлам, якому грахом нанеслі рану і які любоўю, прыкладам і малітвай спрыяе іх навяртанню” (LG 11).

7. Святы Ян Павел II, выкарыстоўваючы навучанне бл. Паўла VI, падкрэслівае, што ў сучасным свеце Касцёл выконвае сваю паслугу праз дыялог (пар. RP 25). Таму душпастырскі дыялог таксама павінен знаходзіць сваё адлюстраванне ў душпастырстве пакуты і паяднання, што найперш павінна праяўляцца ў катехізацыі, дзе асаблівую ўвагу трэба прысвяціць навяртанню, жалю за грахі і самой пакуце, гэта азначае аднаўленню збуранай грахом гармоніі і змене напрамку жыцця. Катэхеза паяднання таксама павінна ўключаць у сябе фармацыю сумлення вернікаў, пачуцця граху, віны, спакусы, посту і добрых учынкаў (пар. RP 26).

Святары таксама не павінны шкадаваць часу, каб вучыць верных аб згубных наступствах граху і неабходнасці споведзі. Другі Ватыканскі Сабор на гэтую тэму кажа, што святары яднаюцца з намерам і любоўю Хрыста, асабліва тады, калі сведчаць пра гатоўнасць быць распарадчыкамі сакрамэнту пакаяння кожны раз, калі вернікі просяць аб гэтым (пар. РО 13).

На плённасць сакрамэнту паяднання, акрамя катехезы, вялікі ўплыў мае і спосаб яго выканання. Таму святары павінны памятаць, што не з’яўляюцца гаспадарамі, але слугамі паяднання (пар. ККЦ 1466), якія дзейнічаюць ад Імя Хрыста. Святар прыпадабняецца Хрысту, які ў сваёй бязмежнай міласэрнасці праз яго рэалізуе таямніцу адпушчэння грахоў. Ён прыпадабняецца Таму, хто стаўся нам братам, які шукае загубленую авечку; лекарам, які лечыць і суцяшае; настаўнікам, які навучае Божай праўдзе; суддзёй, які з міласэрнасцю судзіць справядліва. Гэта вельмі складаная, але адначасова прыносячая радасць паслуга святара (пар. RP 29).

Святы Айцец Францішак кажа, што споведзь не з’яўляецца хімчысткай, якая выдаляе плямы граху, яна таксама не сесія катавання, дзе чалавек атрымлівае пабоі. Споведзь – гэта спатканне з Хрыстом, які з любоўю дакранаецца да таго, хто каецца. На споведзі Езус чакае нас такімі, якімі мы з’яўляемся, і хоча адарыць нас сваім супакоем (пар. http://w2.vatican.va/content/francesco/it/cotidie/2013/ documents/papa-francesco-cotidie_20130429_benedetta-vergogna.html).

У Апостальскім Пасланні на распачацце новага тысячагоддзя “Novo millennio ineunte” (“Уваходзячы ў трэцяе тысячагоддзе”) св. Ян Павел II заклікае святароў з новай адвагай клапоціцца аб сакрамэнце пакаяння, каб усімі сіламі супрацьстаяць крызісу свядомасці граху, які выступае ў сучаснай культуры, і дапамагаць вернікам адкрываць таямніцу Божай міласэрнасці (пар. NMI 37).

8. Падсумоўваючы вышэй сказанае, становіцца ясным, што святары павінны ўсвядоміць, што ад разумення і належнага выконвання паслугі сакрамэнту пакаяння і паяднання залежыць як іх духоўнае здароўе, так і поспех пастырскай місіі. Таму яны павінны ўчыніць усё, каб гэты сакрамэнт для іх не стаўся штодзённай руцінай, а наадварот, быў крыніцай іх асабістай святасці і апостальскага запалу. Святары павінны дапамагаць верным адкрываць у ім аблічча міласэрнага Хрыста, які прабачае грахі (пар. NMI 37), бо яны з’яўляюцца інструментамі Божай міласэрнасці і сведкамі цудаў, якія праз іх паслугу чыніць Бог у душы чалавека, што прымае ласку навяртання.

Нам, святарам, трэба памятаць аб тым, што канфесіянал – гэта самае прывілеяванае месца на свеце, дзе пэнітэнт прызнае свой грэх і адначасова дазваляе Езусу яго вылечыць. Таму ён з’яўляецца месцам перамогі, якое нясе людзям радасць духоўнай свабоды. Мы самі павінны памятаць і вучыць іншых, што споведзь – гэта не толькі і столькі адпушчэнне грахоў, колькі духоўны шпіталь, які лечыць духоўныя раны, умацоўвае і ачышчае.

Ад усяго сэрца дзякую прэзбітэрам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі за іх ахвярную працу ў канфесіянале і паслугу паяднання чалавека з Богам і Касцёлам. Давяраю ўсіх вас Марыі – Маці святароў, і на далейшы шлях выконвання гэтай паслугі ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога.  

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. II Ватыканскі Сабор. Дагмагычная канстытуцыя пра Касцёл “Lumen gentium” (LG).
2. II Ватыканскі Сабор. Канстытуцыя пра Святую Літургію “Sacrosanctun Concilium” (S.C).
3. II Ватыканскі Сабор. Дэкрэт пра жыццё і служэнне прэзбітэраў “Presbiterorum ordinis” (PO).
4. Ян Павел II. Апостальская адгартацыя “Reconcilatione et peanitentia” (RP).
5. Катехизис Католической Церкви. Москва 1998 (ККЦ).
6. Ян Павел II. Апостальскае пасланне “Novo millennio ineunte” (NMI).
7. Kongregacja ds. duchowieństwa. Dyrektorium o posłudze i życiu kapłanów. Pallottinum 2003 (Dyrektorium).
8. http://w2.vatican.va/content/ francesco /it/cotidie/2013/documents/papa-francesco-cotidie_20131025_capaci-di-vergognarsi.html.
9. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/angelus/1990/
documents/hf_jp-ii_ang_19900401.html.
10. http://w2.vatican.va/content/francesco/it/cotidie/2013/documents/
papa-francesco-cotidie_20130429_benedetta-vergogna.html.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію