Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Тут сапраўды ажывае гісторыя»: беларускія католікі завяршылі Нацыянальную пілігрымку на Святую Зямлю
Беларусь
30.09.2015 10:15

У апошні дзень Нацыянальнай пілігрымкі яе ўдзельнікі наведалі гару Табор, сталі сведкамі аднаўлення сужэнскіх абяцанняў у Кане Галілейскай і памаліліся на супольнай Імшы ў Назарэце.

Дзень развітання

Выселіўшыся з гатэля, пілігрымы пагрузілі ў аўтобус свае валізкі і выехалі на апошнюю перад вяртаннем дадому экскурсію Нацыянальнай пілігрымкі.

Дарога ляжала паўз гару Нэво (вядомую як месца, куды пайшоў паміраць прарок Майсей), землі былой Самарыі — паўночную частку Іўдзейскай пустыні і Іарданскую даліну.

Поўнач Ізраіля значна адрозніваецца ад Ерузалема і Бэтлеема. Пейзажы тут больш зялёныя, а краявіды больш спрыяльныя для земляробства. Акрамя фінікаў, тут вырошчваюць персікі, ірысы, цюльпаны, нават бавоўну!

Два разы на год паўночная частка Святой Зямлі становіцца сведкам «сезону пералёту птушак».  Журавы, буслы і нават пеліканы спыняюцца тут на сваім шляху з Еўропы ў краіны з больш цёплым кліматам.

Якраз у гэтых месцах калісьці і жыла Святая Сям’я.

Адзін з відаў на гары Табор

Вылучаецца ў гэтых мясцінах сваёй вышынёй гара Табор — гара Перамянення Пана. Сёння на самым высокім месцы гэтай гары (588 м) знаходзіцца аднайменны касцёл, як сведчанне пра месца, дзе Езус перамяніўся перад трыма вучнямі: Пятром, Якубам і Янам.


Трапіць на гару можна дзякуючы мясцовым бедуінам, якія за шэсць долараў давозяць турыстаў на вяршыню.

Насупраць гары Табор — «гара звяржэння», або месца, адкуль хацелі скінуць Езуса фарысеі і кніжнікі. Адметна, што назва Табор у Евангеллі не сустракаецца. Апісваючы Перамяненне Пана, евангелісты пішуць пра Высокую гару.

Перасякаючы Ізраэльскую даліну

У дзевяці кіламетрах ад гары Табор знаходзіцца адзін з найбольш важных гарадоў у гісторыі хрысціянства — Назарэт, дзе Святая Сям’я пражыла 30 гадоў.

У часы Езуса Назарэт быў зусім невялікім паселішчам на гандлёвай дарозе паміж Галілейскім возерам і Міжземным морам. Сёння Назарэт складаецца з ніжняга і верхняга горада з насельніцтвам у 60 тысяч чалавек у кожнай з частак.

У базыліцы Звеставання ў Назарэце — самай вялікай каталіцкай святыні Блізкага Усходу — пілігрымы сабраліся на апошнюю святую Імшу Нацыянальнай пілігрымкі.

У гаміліі дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец падкрэсліў важнасць Назарэта і нагадаў, што менавіта тут Марыя даведалася пра падрыхтаваную для Яе Божую місію.

«Гэтыя падзеі адчынілі брамы неба, — адзначыў біскуп. — Мы ж ідзём да неба праз сваё жыццё, таму павінны загадзя клапаціцца пра тое, каб наша духоўнае жыццё было моцным».

Іерарх падкрэсліў сілу малітвы і заахвоціў вернікаў да малітвы за Беларусь.

«Малітва — вось наша сіла, — падкрэсліў біскуп. — Няхай жа наша супольная малітва на гэтай святой зямлі ўмацоўвае нас, нашыя сем’і і нашу Беларусь».


Базыліка Звеставання пабудавана ў выглядзе абарончага павільёна і ўключае раскапаныя рэшткі былых святыняў на гэтым месцы. Цэнтральнае месца ў ёй — грот Звеставання, у якім Марыя даведалася ад Анёла пра асаблівую місію, падрыхтаваную Ёй Богам. Каля падножжа алтара ў гроце ёсць надпіс Verbum caro hic factum est — тут слова сталася целам.

Сама базыліка Звеставання — сапраўдны твор мастацтва. Унутры святыні і побач з ёй — вялікія мазаікі абразоў Маці Божай з розных краін, у ліку якіх і мазаіка Маці Божай Будслаўскай.


На фота: дзверы цэнтральнага ўваходу ў базыліку Звеставання

«Аднаві, Пане, вернасць Тваіх слугаў»

Куды большай за Назарэт была ў часы Езуса Кана Галілейская. Сёння на яе месцы — арабская вёска з назвай «Кана».

Касцёл, прысвечаны вясельнаму піру ў Кане Галілейскай, на якім Езус здзейсніў свой першы цуд — перамяненне вады ў віно – пабудаваны на месцы знойдзеных археолагамі рэштак дома, у якім мог праходзіць вясельны пір. На гэтым месцы археолагі знайшлі адмысловыя сасуды для вады – «каменныя ваданосы».

Адным з хвалюючых момантаў для пілігрымаў стаў удзел у аднаўленні сямейнымі парамі з ліку беларускіх вернікаў абяцанняў, дадзеных пры вянчанні. Адной з такіх сямейных пар была сям’я Ірэны Радзевіч і Сяргея Крупеня з Мінска.


Цырымонію аднаўлення сужэнскіх абяцанняў для іх правёў біскуп Казімір Велікаселец. У сваім звароце да Сяргея і Ірэны біскуп нагадаў пра важнасць прысутнасці Маці Божай у сямейным жыцці.

Набажэнства праходзіла ў капліцы касцёла, запоўненай пілігрымамі пад завязку. З заміраннем у сэрцы пілігрымы назіралі за біскупам, слухалі яго зварот да мужа і жонкі, якія, як і калісьці падчас сакрамэнту шлюбу, стаялі перад алтаром Пана, каб скласці абяцанні і прысвяціць сваё жыццё адно аднаму.

Як прызналіся пасля Ірэна і Сяргей, свой удзел у Нацыянальнай пілігрымцы яны спачатку нават не планавалі. «Мы не планавалі гэту паездку, але воля Пана Бога паклікала сюды. Святая Зямля — незвычайнае месца і запаўняе ўсе бакі жыцця», — распавялі муж і жонка.

«Дзякую Богу, што гэтая пілігрымка адбылася са мной»

Стомленымі, але шчаслівымі вярталіся пілігрымы ў Беларусь. Вечаровы вылет затрымліваўся, і пілігрымы пакорна чакалі, пераглядаючы набытыя для родных сувеніры і фотаздымкі з малітоўнага падарожжа.

Мінчанка Яна Шаціла (на фота ўнізе — справа) прызнаецца, што да апошняга моманту не магла паверыць, што яе мара пабываць на Святой Зямлі збудзецца:

«Падчас пілігрымкі я малілася за сваю сям’ю і дзякавала Богу за магчымасць быць тут. На Святой Зямлі незвычайная атмасфера. Кожнае месца вельмі напоўненае. Вельмі ўразіла Галгота — месца мукі Пана…»

У другі раз прыехала на Святую Зямлю Марына Язерская з г.п. Мір:

«У гэтай пілігрымцы я дзякавала Богу за нашу парафію ў Міры — тыя сем сем’яў, якія мы маем, — і малілася ў інтэнцыі нашага пробашча кс. Аляксандра Севасцьяновіча, які так шмат для нас робіць. Кожная Імша на Святой Зямлі была для мяне духоўным умацаваннем, дзякую Богу за тое, што гэтая пілігрымка адбылася са мной».

Другой па ліку стала гэтая Нацыянальная пілігрымка і для Юліі Машко (на фота ўверсе — злева). Дзяўчына паходзіць з Будслава і летась упершыню наведвала Святую Зямлю ў складзе Нацыянальнай пілігрымкі на асвячэнне памятнай табліцы з выявай абраза Маці Божай Будслаўскай.

«Гэтым разам я вярнулася на Святую Зямлю, каб падзякаваць Богу. Я наведала тыя ж мясціны, што і ў мінулым годзе, але мае ўражанні засталіся такімі ж моцнымі. Тут сапраўды ажывае гісторыя. Я не адчуваю сябе тут чужой — зусім наадварот. Святая Зямля вельмі напоўненая, і я хачу вярнуцца сюды яшчэ раз», — прызнаецца дзяўчына.

Адказны за Нацыянальную пілігрымку кс. Раман Факсінскі дадае, што вельмі ўсцешаны з’яўленнем на Святой Зямлі яшчэ дзвюх табліц з надпісамі на беларускай мове:

«Я цешуся, што Нацыянальная пілігрымка адбылася, і радуюся, што налета адбудзецца яшчэ адна. Спадзяюся, у наступным годзе мы збяром яшчэ больш пілігрымаў, якія на свае вочы ўбачаць асвячэнне табліцы ў Ярдэніце. Будзем маліцца, каб усё атрымалася».


***

У Мінск пілігрымы прыбылі толькі ў пяць ранку. Для тых, хто не спаў, з ілюмінатараў адкрываўся від на рэдкае месяцовае зацьменне, якое можна было назіраць у гэтую ноч. Але нават яно сваёй прыгажосцю не здольнае было зацьміць уражанні, атрыманыя пілігрымамі на Святой Зямлі.

Ілья Лапато, фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.