Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сімволіка лагатыпа Юбілейнага Года Міласэрнасці
Беларусь
11.12.2015 13:32

«Міласэрныя, як Айцец» – дэвіз Святога Года, узяты са словаў Езуса Хрыста: «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны» (Лк 6, 36). Мэта дэвізу Юбілейнага Года – заахвоціць усіх жыць міласэрнасцю, беручы прыклад з Айца, які просіць аб тым, каб не судзіць, але прабачаць і даваць міласэрнасць і прабачэнне без меры (пар. Лк 6, 37-38).

Праект лагатыпа Юбілею стварыў славенскі езуіт а. Марко Рупнік. Лагатып прадстаўляе Хрыста Добрага Пастыра, які нясе на плячах не авечку, а чалавека. Гэта абраз Міласэрнасці Бога ў дачыненні да згубленага чалавецтва, якая выявілася ва ўцелаўленні Божага Сына і адкупленні.

Гэтая сцэна нагадвае вельмі каштоўную для старажытнага Касцёла выяву Сына, які бярэ на плечы згубленага чалавека. Лагатып кажа пра любоў Хрыста, які напаўняе таямніцу свайго Уцелаўлення Адкупленнем. Выява такім чынам паказвае Добрага Пастыра, які дакранаецца да цела чалавека аж да глыбіні, робячы гэта з такой любоўю, якая перамяняе жыццё.

Ёсць яшчэ адна асаблівасць, на якую варта звярнуць увагу: Добры Пастыр у акце поўнай міласэрнасці бярэ на плечы чалавецтва, але Яго погляд злучаецца з поглядам чалавека. Хрыстус бачыць вачыма Адама, а Адам – вачыма Хрыста. Кожны чалавек, сузіраючы ў Яго поглядзе любоў Айца, адкрывае ў Хрысце новага Адама, а таксама сваю ўласную чалавечнасць і будучыню, якая яго чакае.

Уся гэтая сцэна ўзята ў авальную рамку. Гэтая форма таксама вельмі важная для іканаграфіі старажытнасці і сярэднявечча, таму што нагадвае пра прысутнасць дзвюх прырод у Хрысце: боскай і чалавечай. Тры авальныя рамкі, якія паступова становяцца святлейшымі ў знешнім напрамку, сімвалізуюць рух Хрыста, які выцягвае чалавека з ночы граху і смерці. З іншага боку, глыбіня больш цёмнага колеру сімвалізуе таксама непазнавальнасць любові Айца, які ўсё прабачае.

Праз абвяшчэнне Юбілею Міласэрнасці Папа Францішак ставіць у цэнтр увагі міласэрнага Бога, які запрашае ўсіх вярнуцца да Яго. Таму ўжо пасля свайго абрання на нядзельнай малітве «Анёл Панскі» новы Пантыфік нагадаў пра тэму міласэрнасці: «Калі мы чуем словы міласэрнасці, гэта змяняе ўсё. Гэта найлепшае, што мы можам пачуць: што яны змяняюць свет. Самая маленькая частка міласэрнасці чыніць свет менш халодным і больш справядлівым. Мы павінны добра зразумець гэтую міласэрнасць Бога, гэтага міласэрнага Айца, які мае так шмат цярплівасці» («Анёл Панскі», 17 сакавіка 2013 г.).

Апрацаваў кс. Юрый Марціновіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.