5 кастрычніка — Сусветны дзень настаўніка. Сёлета дата прыпадае на першую нядзелю кастрычніка. У гэтым годзе даты паяднаныя, а мы пастараемся іх паяднаць і з беларускім духавенствам. Якім чынам? Паспрабуйма ўявіць, якім чынам магло выглядаць школьнае жыццё і школьныя захапленні духоўных настаўнікаў Касцёла ў Беларусі, а потым спытаемся: а як жа было насамрэч?
Пяць прагнозаў -- пяць адказаў Кс. Аляксандр Фаміных Прагноз catholic.by: Ксяндза Аляксандра, які сёння ўзначальвае дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, у пачатковай школе мог захапляць прадмет «Чалавек і свет». Якраз на гэтых уроках вучаць гуманізму, узаемапавазе і дапамозе бліжняму. У старэйшых класах цікавым прадметам для будучага святара магло стаць грамадазнаўства, як комплексная сістэма ўзаемаадносін у грамадстве.
Насамрэч: Святар вучыўся ў Казахстане, і яго любімымі прадметамі былі гісторыя, а таксама руская мова і літаратура. Ксёндз Аляксандр і сёння памятае імя настаўніцы-русіста: Лілія Міхайлаўна Ткачук. Вучоба давалася будучаму святару зусім няблага — у вучылішчы яго сярэдні бал складаў 4, 63 з 5 магчымых.
С. Паўла Бобер MSF
Прагноз catholic.by: Мяркуючы па тым, што сёння сястра Паўла ўваходзіць у супольнасць Сясцёр Місіянерак Святой Сям'і, а таксама кансультуе як псіхолаг і псіхатэрапеўт, то ў ліку любімых прадметаў лагічна назваць медыцыну і біялогію.
Насамрэч: Цалкам верагодна, што сястра насамрэч любіла вывучаць раслінны і жывёльны свет, а таксама псіхалогію чалавека, аднак сваімі любімымі прадметамі ў школе называе літаратуру, гісторыю і геаграфію Кс. Аляксей Раманчук
Прагноз catholic.by: Прыгадваючы лекцыі ксяндза Аляксея, якія ён чытаў і чытае ў Катэхетычным каледжы імя Зыгмунда Лазінскага ў Баранавічах па «Беларускай культуры» і спяваў «Добры вечар, табе, пане гаспадару…», можна смела думаць, што ў школе гэтаму вучню — будучаму святару — былі даспадобы музыка і беларуская літаратура.
Насамрэч: Ксёндз Аляксей у першую чаргу ўзгадвае пра сваю настаўніцу біялогіі Людмілу Васільеўну Ярошка, а сярод любімых прадметаў называе сваё захапленне ўрокамі пра навакольны свет і чалавека. Кс. Уладзімір Русак
Прагноз catholic.by: Калі згадаць гіпербалы і параўнанні кс. Уладзіміра падчас казанняў і запісаць у нататнік усе эпітэты і адухаўленні, якія ён выкарыстоўвае, можна меркаваць, што менавіта літаратура і ўсе элементы літаратуразнаўства былі яго ўлюбёнымі тэмамі. Насамрэч: Кс. Уладзімір Русак, віцэ-рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, сапраўды любіў беларускую мову і літаратуру, разам з Коласам і Караткевічам, але не толькі. У ліку заняткаў, якія будучы святар з задавальненнем наведваў, былі геаграфія і біялогія.
Брат Войцех Врублеўскі OFMCap
Прагноз catholic.by: Калі камусьці даводзілася бываць у гасцях у братоў капуцынаў у Докшыцах, той ведае, што пры сустрэчы з братам Войцехам, паціскаючы яму руку, можна атрымаць цукерку. Потым брат Войцех пачастуе смачным печывам і правядзе цікавую экскурсію па прыгожым кветніку. Хіба брат Войцех, будучы школьнікам, наведваў заняткі па працоўным навучанні для дзяўчат, дзе і вучаць такім майстэрствам, як кулінарыя і гаспадарлівасць? Насамрэч: Брат Войцех вельмі любіў гісторыю і геаграфію, а зусім не школьныя заняткі працы. Паводле слоў капуцына, любімымі настаўнікамі для яго былі тыя, у кім ён заўважаў і адчуваў шчырасць.
Спіс прагнозаў можна працягваць, але ўжо і з гэтага можна заўважыць невялікую заканамернасць: у апытаных духоўных настаўнікаў любімымі прадметамі былі геаграфія, літаратура, гісторыя і біялогія — навукі пра свет і чалавека, якія, магчыма, могуць натхніць на святарства і манаства. Але гэта тэма для іншага даследвання і новых эксперыментаў. Адно праўда, што многія школьныя прадметы і людзі, якія іх раскрываюць перад дзіцячымі вачыма і розумам, заўсёды вельмі важныя на жыццёвых сцежках і лёсах, а часамі нават і лёсавызначальныя. Аксана Ючкавіч
|