Археолагі знайшлі пячатку святой Еўфрасінні Полацкай |
Рознае |
01.06.2015 17:15 |
Старажытную актавую пячатку знайшлі археолагі падчас вывучэння фундаментаў Спаса-Прэабражэнскай царквы Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, паведаміў сайт Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Надпіс на пячатцы сведчыць, што яна належала святой Еўфрасінні (Прадславе) Полацкай - дачцэ віцебскага князя Святаслава Усяславіча, якая зышла ў кляштар і вяла актыўную асветніцкую дзейнасць, сказаў кіраўнік раскопак доктар гістарычных навук Дзяніс Дук. Святая Еўфрасіння ўшаноўваецца як Апякунка Беларусі грэка-католікамі і праваслаўнымі. Па яе замове майстар Лазар Богша ў 1161 годзе зрабіў залаты настольны шасціканцовы крыж. Гэты крыж пазней стаў называцца крыжам Еўфрасінні Полацкай і стаў адным з галоўных сімвалаў Беларусі. На працягу чатырох дзён, з 4 па 7 чэрвеня, артэфакт будзе знаходзіцца ў экспазіцыі Мастацкай галерэі Полацкага гісторыка-культурнага музея па адрасе вул. Стралецкая, 4А-4. Аляксандр Гелагаеў, фота sb.by. |