Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Успаміны: кс. Ян Занеўскі як пашыральнік культу заснавальніцы супольнасці сясцёр змёртвыхпаўстанак у Беларусі
Рознае
08.06.2015 15:02

Ксёндз Ян Занеўскі, які адышоў да вечнага жыцця 6 чэрвеня 2015 г. ва ўзросце амаль 50 гадоў, быў старанным пашыральнікам культу бл. Маці Цэліны Бажэцкай, заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста, на Гродзеншчыне. Успамінамі пра яго ахвярную і актыўную дзейнасць дзеліцца с. Ганна Алена Скалік CR.

З ксяндзом Янам я пазнаёмілася ў першыя дні верасня 2008 года ў Кэнтах (Польшча). Гэты святар, які нарадзіўся ў Заневічах, прыехаў у Кэнты, каб памаліцца каля саркафага благаслаўлёнай Маці Цэліны Бажэцкай, якая нейкі час жыла ў Абрэмшчыне каля Заневіч. Святар тады якраз прыехаў разам з гуртом «Мaj».

Кс. Ян Занеўскі з гуртом «Мaj» каля саркафага Маці Бажэцкай у Кэнтах

Так распачаліся некалькі прыгожых гадоў, звязаных з кс. Занеўскім, якія былі напоўнены справамі пашырэння культу бл. Маці Цэліны. Можна сказаць, што нас аб’яднала асоба Маці Цэліны.

Кс. Ян Занеўскі з гуртом «Мaj» у сталовай кляштара сясцёр змёртвыхпаўстанак у Кэнтах

Тады я не ведала яшчэ, дзе знаходзіцца Квасоўка, і запыталася ў кс. Яна:

— Дзе знаходзіцца Квасоўка?

Ксёндз адказаў:

— Дзесьці за 12 км ад Заневіч.

Калі я пачула, што там ёсць парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, то сказала:

— Маці Цэліна на працягу некалькіх гадоў малілася ў гэтым касцёле. Ёсць запісы ў яе лістах да дачкі Ядвігі з 1887 г.

Ксёндз Ян сказаў:

— Я б прасіў, каб Вы даслалі мне цытаты, бо я буду іх паўтараць сваім парафіянам.

У лістах Маці Цэліны са снежня 1887 года чытаем: «У нядзелю ў Індуру на святую Імшу збіраемся з пані Халлер, а ў аўторак — да Квасоўкі, бо Беззаганнае Зачацце.(…) Заўтра павінны будзем дайсці ў шубах да парафіі — парафія ў Квасоўцы вельмі мне падабаецца. Пані Халлер была вельмі здзіўлена, што пробашч паспавядаў людзей, а быў зусім не стомлены ў дзень Беззаганнага Зачацця. (…) Змерзлая, я вяртаюся з Квасоўкі з Пані Халлер, дзе пасля споведзі і Камуніі ўсёй душой малілася за цябе, за нас, бедных, усіх і тут, і там».

Ксёндз Ян казаў сваім вернікам, што Маці Цэліна малілася некалькі гадоў у Квасоўцы. Ён не проста казаў, але пачаў пашыраць культ. Ксёндз папрасіў у нашай кангрэгацыі рэліквіі бл. Маці Цэліны для капліцы ў Свіслачы і парафіі ў Квасоўцы.

Кс. Ян атрымлівае рэліквіярый бл. Маці Цэліны ад с. Марыі Данаты Валовец, настаяцельніцы Варшаўскай правінцыі змёртвыхпаўстанак

Урачыстасці прыбыцця рэліквій у Свіслач і Квасоўку па ініцыятыве кс. Яна суправаджаліся навэннамі з разважаннямі. Ксёндз Ян казаў, што «вернікі павінны быць духоўна падрыхтаваныя, павінны бліжэй пазнаць бл. Маці Цэліну».

Я памятаю шмат момантаў з тых урачыстасцяў, падзялюся двума.

Стаіць у мяне перад вачыма малюнак з урачыстасці ў Свіслачы 7 снежня 2008 года. Уваходзячага ў свіслацкую капліцу біскупа Аляксандра Кашкевіча, які ўносіў рэліквіі бл. Цэліны, сустракаў надпіс, складзены з кветак: «Сардэчна вітаем».

7 снежня 2008 г. — пасля ўрачыстасцяў у Свіслачы

Хоць гэта было 9 мая 2009 года, дагэтуль памятаю словы кс. Яна, якія ён сказаў падчас урачыстасцяў унясення рэліквій бл. Маці Цэліны ў парафію ў Квасоўцы: «Дзеці, моладзь і дарослыя пытаюцца мяне, дзе Маці Цэліна станавілася на калені, сядзела ў нашым касцёле. Я б таксама хацеў гэта ведаць. Але дакладна тут малілася. Можа быць, хтосьці з вас стаіць ці становіцца на калені ў гэтым месцы».

Працэсія з рэліквіямі бл. Цэліны да касцёла ў Квасоўцы

Гэта была прыгожая ўрачыстасць. У кожным яе элеменце можна было ўгледзець шмат працы і ўдзелу ў ёй пробашча кс. Яна. Мы ішлі ў працэсіі з узрушэннем, думаючы пра тое, што калісьці гэтай дарогай ішла ці ехала ў касцёл наша Заснавальніца.

9 мая 2009 г. у Квасоўцы

Ксёндз Ян заўсёды меў думкі адносна культу бл. Маці Цэліны. Па ініцыятыве святара парафіяльны хор атрымаў назву «Sancti estote», а яго апякункай стала бл. Маці Цэліна. Стараннямі святара 26 дня кожнага месяца ў квасоўскай парафіі адбываліся набажэнствы да бл. Маці Цэліны. Ксёндз Ян завёў кнігу ласкаў, якія атрымалі вернікі, молячыся праз яе заступніцтва. Таксама святар пашыраў яе культ на інтэрнэт-старонцы парафіі.

У маёй памяці засталося шмат момантаў, якія з’яўляюцца вельмі выразнымі. Я падзялюся адным. Калі кс. Ян арганізаваў аўтамабільную пілігрымку ў Кракаў, на заканчэнне года падзякі за беатыфікацыю Маці Цэліны, то спытаў: «Што вам прывезці з Абрэмшчыны?», і я тады адказала: «Крыху камянёў з даўняга падворку Бажэнцкіх». Канешне, каменне кс. Ян прывёз. Гэтыя камяні сімвалічна былі змешчаны ля помніка Хрыста Уваскрослага і Маці Бажэнцкіх у Кэнтах.

Фігуры ў «Садзе Маці Бажэнцкіх» у Кэнтах

Я магла б і больш напісаць пра ўдзел кс. Яна Занеўскага ў пашырэнні культу нашых Маці-Заснавальніц на гродзенскай зямлі. Але прыгадаю апошнюю працу кс. Яна, які 26 кастрычніка 2013 года арганізаваў прыгожую ўрачыстасць у Квасоўцы з нагоды стагоддзя з дня смерці бл. Маці Цэліны і 150-гадовага юбілею нараджэння Маці Ядвігі.

З нагоды гэтых юбілеяў па ініцыятыве кс. Яна была выдадзена па-беларуску і па-польску кніга «Слядамі благаслаўлёных Маці Цэліны і Маці Ядвігі Бажэнцкіх у Беларусі». Я ведаю, што гэта была яго цяжкая і вялікая праца, але рабіў яе, як заўсёды, з вялікім натхненнем. Я рабіла змест кнігі ў Рыме і дасылала яго на электронную пошту.

Штодня святар быў заняты душпастырствам, вельмі часта наша праца скончвалася каля апоўначы словамі: «Трэба ісці спаць!» З цеплынёю прыгадваю супрацоўніцтва з кс. Янам, які быў такім вось  «Божым вар’ятам». Калі для яго штосьці было вельмі важнае, то аддаваўся гэтаму без рэшты, усёй асобай.

Яшчэ раней, ведаючы, што кс. Ян не мае моцнага здароўя, мы маліліся ў яго інтэнцыі. Калі дайшла да нас у канцы мая 2015 года інфармацыя, што кс. Ян вельмі церпіць, мы распачалі ўсёй кангрэгацыяй маліцца навэннай аб аздараўленні праз заступніцтва Маці Ядвігі Бажэнцкай. Мы прасілі заступніцтва ў Бога праз тую, якая за 102 гады да кс. Яна нарадзілася ў Абрэмшчыне каля Заневіч.

Шаноўны кс. Ян, у сэрцах сясцёр змёртвыхпаўстанак назаўсёды застанецца ў памяці ўдзячнасць за твой удзел у пашырэнні культу Маці-Заснавальніц на Гродзеншчыне. Замала слоў, каб выказаць гэтую ўдзячнасць. Нашую сардэчную ўдзячнасць замяняем у малітву, каб добры Бог за верную службу адарыў цябе вечным супакоем.

Рым, 7 чэрвеня 2015 г., с. Ганна Алена Скалік CR

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Рознае

31.05 11:34«Падарожжа дылетанта» ў вёску Раготна — беларускі Парыж шляхцічаў Завішаў
19.01 14:10Запісам калыханкі «Ціхая ноч» звычайныя матулі павіншавалі беларусаў з Божым Нараджэннем
17.01 10:59«Калядныя вечары на Залатой Горцы»: запіс канцэрта «Духоўныя традыцыйныя песні беларусаў»
08.01 06:58Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Заканчэнне
06.01 00:00Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Сёмая адвэнтавая антыфона
25.12 06:15Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Пятая адвэнтавая антыфона
18.12 06:00Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Чацвёртая адвэнтавая антыфона
11.12 06:02Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Трэцяя адвэнтавая антыфона
06.12 09:43Перадкалядная акцыя місіі «Чыстае сэрца»: святы Мікалай дасылае віншаванні дзецям
04.12 07:09Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Другая адвэнтавая антыфона