А ты разгадаеш хрысціянскія «таямнічнікі» кнігі «Сямі камянёў»? |
Рознае |
01.07.2015 12:35 |
— Якую кнігу фэнтэзі падарыць 13-гадоваму сыну? І, каб не прачытаць захацелася, а праглынуць, ды па-беларуску каб было, ды каб з сэнсам, а, можа, і з хрысціянскім нават? — О-о, трэба падумаць… — адказала б вам прадавачка ў кнігарні яшчэ год таму. Але зараз хутчэй за ўсё яна адкажа: — Я ведаю! Канешне, вам патрэбныя «Сем камянёў»! — Цікава, а што гэта за кніга? — спытаеце вы, і знойдзеце адказ ужо ў нашым інтэрв’ю з Аляксеем Шэінам. Бо, зразумела, ніхто не зможа лепш адказаць на гэтае пытанне, як сам аўтар, з якім журналіст catholic.by сустрэўся адным чэрвеньскім днём. Вашай увазе сучасны хрысціянскі пісьменнік, які напісаў кнігу для нашых падлеткаў, якая ўжо стала паціху папаўняць бібліятэкі самых разумных, кемлівых і добрых дзяцей і тынэйджараў. Крыху пра аўтара Аляксею Шэіну ёсць чым ганарыцца. І хіба кніга «Сем камянёў» — гэта не самае галоўнае ў яго жыцці. Аляксей разам з жонкаю Наталляю маюць траіх дзяцей — трох сыноў, старэйшаму з якіх споўнілася шэсць гадоў. Вы б сказалі — «трох сыноў-багатыроў», я ж, калі пачула іх імёны: Якуб, Янка і Сымон — прыгадала пра апосталаў, а Аляксей дадаў: «А яшчэ ж і Якуб Колас, Янка Купала ды Сымонка з «Сымона-музыкі». Што тут здзіўляцца, бо імёны сведчаць не толькі пра тое, што сям’я хрысціянская, але і пра тое, што і філалагічная. І Аляксей, і Наталля скончылі ў свой час філалагічны факультэт БДУ.
Вось у такой сям’і, хрысціянскай і філалагічнай, і нарадзіліся апрача трох сыноў і «Сем камянёў». І, нягледзячы на яшчэ не падлеткавы ўзрост сыноў Шэінаў, аказваецца, як падзяліўся Аляксей, яны ўжо двойчы праслухалі татаву працу. Спачатку — з вуснаў пісьменніка-таты, а потым з вуснаў мамы. — Адкуль жа бярэ пачаткі пісьменніцкі шлях? Дзе вытокі? А.: «Пісаць кнігі — мара, якая была ў мяне з дзяцінства. Бог нейкім чынам уклаў у маё сэрца такое жаданне, якое, пакуль у Яго не паверыў, то проста разумеў, што яно проста ёсць, не ўсведамляючы, адкуль яно ўзялося. З дзяцінства я любіў чытаць, асабліва прыгодніцкія кнігі, напрыклад, Жуль Верна, Конан Дойла, Герберта Уэлса ці Джэка Лондана». Калі Аляксею было восем год і ён быў вучнем другога класа адной з гродзенскіх школ, то разам са сваімі аднагодкамі чытаў кнігу Эдуарда Скобелева «Прыгоды Арбузіка і Бябешкі», якая на той час карысталася попытам, ды яшчэ і якім! Калі гэтая кніга была дачытана, другакласніку было вельмі крыўдна, што аповесць скончылася, а працягу няма. Доўга не думаючы, хлопчык вырашыў сам напісаць працяг. На жаль, першая «рукапісная кніжыца», як назваў яе аўтар, згубілася. Друкавацца Аляксей пачаў падчас вучобы ў Ліцэі БДУ, а таксама на першых курсах філалагічнага факультэта ў літаратурным часопісе для моладзі «Першацвет». «А вось з 1994 года ўсё як адрэзала», — кажа Аляксей, які прыкладна на працягу дваццаці год не пісаў нічога мастацкага, аднак гэта не значыць, што не пісаў увогуле — бо працаваў журналістам. Яшчэ студэнтам філфака Аляксей працаваў у аддзеле публіцыстыкі газеты «ЛіМ», пазней на БелаПАН. Пра мару дзяцінства варта ўзгадваць Але аднойчы Аляксей узгадаў пра сваю мару дзяцінства і вырашыў яе рэалізаваць. «Для мяне гэта быў пэўны выклік, — кажа Аляксей, — бо напісанне кнігі патрабуе часу». Досыць жа шмат свайго часу ён аддаваў грамадскай дзейнасці. На той час Аляксей ужо быў хрысціянінам і падчас адной з малітваў адчуў, што павінен адкласці сваю грамадскую дзейнасць на другі, а то і на трэці план. «Пасля малітвы, а была яна на вуліцы каля мінскага Чырвонага касцёла, я ішоў дахаты і працягваў маліцца пра сябе. Тады я адчуў вельмі выразнае памкненне ў сэрцы, што трэба займацца культурай. Зразумеў, што тая мара з дзяцінства недарэмна была ў мяне, і яе трэба старацца рэалізаваць — адкапаць яе, здзьмуць пясок і пачаць працаваць», — кажа Аляксей. Такім чынам пачалася руплівая праца над кнігай, якая доўжылася тры з паловай гады. Перад тым, праўда, як пачаць руплівую працу, якая, нарэшце, прывяла да жаданага выніку, Аляксей, як ён сказаў, пайшоў «тупіковым шляхам»: «Я думаў, што, каб пісаць кнігу, трэба мець своеасаблівае натхненне». У выніку на працягу шасці гадоў ён лавіў натхненне і налавіў яго толькі на шэсць старонак, якія палічыў слабейшымі з усяго, што напісаў потым. Менавіта таму Аляксей дае смелую і важную параду будучым аўтарам цудоўных кніг: не чакаць натхнення, а проста кожны дзень знаходзіць час, каб напісаць некалькі старонак. Да рамантычнай справы падышоў зусім не рамантычна
І вось Аляксей Шэін падышоў да справы, ды «такой рамантычнай, як напісанне падлеткавага раману, зусім нерамантычна, а нават утылітарна». У выніку, такі шлях аказаўся эфектыўным, і «Сем камянёў» заіскрыліся на нашай літаратурнай прасторы. — Якія мэты, Аляксей, ставілі, ствараючы свой твор? А.: «У мяне былі дзве мэты. Першая — старацца перадаць хрысціянскую праўду, евангельскія каштоўнасці праз лёгкую літаратуру — белетрыстыку. Зразумела, што патрэбна, каб былі тэалагічныя кнігі, глыбокія, грунтоўныя, навуковыя па гэтых пытаннях, але, я лічу, павінна быць і літаратура рознажанравая хрысціянская, якой якраз не хапае ў беларускім пісьменстве. А другая мэта — проста напісаць цікавую беларускую прыгодніцкую кнігу». — «Таямніцу Сямі Камянёў можа раскрыць толькі адзін — той, каго старажытныя летапісы называюць Дастойным», — вось адна з фразаў, якая адкрывае таямніцу кнігі. Якое значэнне ўкладалі ў слова «дастойны», чаму менавіта такая форма? А.: «Дастойны — чалавек варты і годны чагосьці, я ўжыў менавіта гэтую форму таму, што гэта своеасаблівая адсылка да высокага стылю, моўнага стылю Бібліі старых часоў. Абраў форму «дастойны», надаючы гэтаму слову пэўны духоўны сэнс». Кнігу «Сем камянёў» чытаюць, чытаюць тыя, каму да дзесяці, чытаюць тыя, на чый узрост якраз і разлічана кніга — падлеткі ад 10 да 15 гадоў, чытаюць старэйшыя. Малодшыя чытаюць з задавальненнем — бо проста цікава, а старэйшыя і дарослыя, якія ведаюць Біблію, знаходзяць там схаваныя «таямнічнікі» аўтара, які для дзяцей пісаў — як нешта вельмі займальнае, а для дарослых — як своеасаблівы код, які трэба разгадаць і спазнаць яшчэ глыбей.
І, заадно, чытаючы, можна праверыць сябе, наколькі добра ведаеш Біблію. Чым больш загадак разгадаеш і заўважыш знакаў — тым і лепш. Такім чынам, тым, хто яшчэ не пазнаёміўся з гэтай кнігай, раім паспяшацца перажыць цудоўныя прыгоды і раскрыць усе знакі і «таямнічнікі» хрысціянскіх падтэкстаў аўтара. — У свой час, Аляксей, Вы вельмі шкадавалі, што не было працягу любімага дзіцячага твору «Прыгоды Арбузіка і Бябешкі». А ці не будзе шкадаваць чытач Вашай кнігі, альбо ў Вас працяг плануецца? А.: «Не, гэта завершаны твор. Працягу не планавалася». Аднак у аўтара маюцца планы на іншыя рэчы: «Хачу напісаць яшчэ адну кнігу — інтэлектуальны дэтэктыў-загадк, на аснове гравюраў Скарыны». Што атрымаецца — пад завесаю будучыні, якая няхай будзе для нашага беларускага хрысціянскага пісьменніка плённай, творчай і дабраславёнай. У добры шлях! Дадатковая інфармацыя: Пазнаёміцца з першымі раздзеламі кнігі можна ў электронным варыянце па спасылцы — shein.by. Для тых, хто пажадае раскрыць цалкам таямніцу «Сямі камянёў» — кнігу можна набыць у многіх кнігарнях Мінска і іншых гарадоў Беларусі. А для тых, хто будзе на будслаўскіх урачыстасцях 3-4 ліпеня, — шукайце «Сем камянёў» там (у тым ліку і сярод прадукцыі выдавецтва «Про Хрысто»). Раім адшукаць «Сем камянёў» для сябе, сваіх дзяцей, а ў гэтых «Сямі камянях», магчыма, і адшукаць саміх сябе і вобраз сваёй краіны. Увага да пробашчаў: Калі хтосьці са святароў нашых парафій жадае зладзіць прэзентацыю для сваёй грамады дзяцей і моладзі і іх бацькоў, то запрашайце аўтара, які з радасцю наведае і вас (пішыце пісьменніку з прапановамі і запрашэннямі на e-mail: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript ). Няхай па ўсёй Беларусі чытаюць добрую хрысціянскую літаратуру, нарэшце, нашу беларускую і па-беларуску! «А новыя аўтары натхняюцца на напісанне сваіх твораў!» — такое было адно з пажаданняў пісьменніка Аляксея Шэіна. Гутарыла Аксана Ючкавіч
|