Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Учынак беларускага самбіста - прыклад для кожнага хрысціянскага спартсмена і ваяра
Рознае
02.07.2015 12:54

Беларускі спартовец Сцяпан Папоў, чэмпіён свету і Еўропы па самба 2015 года, пасля двубою з азербайджанцам Амілам Гасімавым дапамог траўмаванаму праціўніку пакінуць спартыўную пляцоўку - проста вынес яго на сваіх плячах. Такім чынам наш суайчыннік не толькі стаў вельмі папулярным у інтэрнеце, але і паказаў, што такое сапраўдныя паводзіны хрысціянскага спартсмена і рыцара.

Наш суайчыннік у фінальным двубоі ў вагавай катэгорыі да 74 кг перамагаў па ачкох, а таксама правёў балявы прыём на нагу апанента, за што суддзі аддалі яму чыстую перамогу. Пасля заканчэння спаборніцтва аказалася, што азербайджанскі атлет атрымаў траўму. У духу хрысціянскай любові і спартовага братэрства Сцяпан Папоў падняў Аміла Гасімава на плечы і вынес з пляцоўкі.

"Мне здаецца, што мой учынак - праява павагі да апанента. Сам быў у такіх непрыемных для барца сітуацыях, таму павінен быў дапамагчы", - сказаў пазней беларускі баец.


Разумна і па-хрысціянску Сцяпан імкнецца ставіцца да праціўнікаў нават у выпадку сапраўднага сур'ёзнага сутыкнення: "Прыёмы самба на вуліцы прыходзілася выкарыстоўваць. Год 7 таму адпачывалі з сябрамі ў Крыме, у іх атрымаўся канфлікт з мясцовымі. Я дапамог: акуратна аднаго кінуў, потым іншага, але не стаў нікога дабіваць. І, магчыма, дарма - у іх аказаліся нажы... Стала урокам на будучыню: цяпер, калі з кімсьці канфлікт, перш за ўсё гляджу, што ў чалавека ў руках ці кішэнях".

Сцяпан Папоў у баі супраць расійскага праціўніка.

Часам нават ад практыкуючых католікаў можна пачуць, што ўдзел у вайне і баявыя мастацтвы, у тым ліку спартыўныя, абсалютна несумяшчальныя з хрысціянскай этыкай. Аднак Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць інакш - ваяр можа быць сумленным хрысціянінам, і выкарыстанне ваеннай сілы магчымае і нават можа быць неабходным, калі дзяржаўныя ўлады і вайскоўцы выконваюць адпаведныя ўмовы і маральныя правілы.

Таму гісторыя Касцёла ведае шмат пабожных ваяроў і нават святых - ці не самыя вядомыя з іх святы Юрый, святыя кароль Людовік Французскі і Жанна д'Арк. Яны з'яўляюцца тым прыкладам, якім павінен кіравацца кожны хрысціянін у баі, у спартовым спаборніцтве дый у звычайным штодзённым жыцці.

Аляксандр Гелагаеў па матэрыялах tut.by i sambo-fias.org

 

ПЯТАЯ ЗАПАВЕДЗЬ: НЕ ЗАБIВАЙ (З Кампендыя Катэхізіса Каталіцкага Касцёла)

466. Чаму трэба шанаваць жыццё чалавека?

Таму што яно святое. Ад самага свайго пачатку яно мае патрэбу ў стваральнай дзейнасці Бога і назаўсёды застаецца ў асаблівых адносінах са Стварыцелем, сваёй адзінай мэтай. Нікому не дазволена непасрэдна знішчаць нявінную чалавечую істоту, бо гэта сур’ёзна супярэчыць годнасці асобы і святасці Стварыцеля. «Не забівай нявіннага і справядлівага» (Зых 23, 7).

467. Чаму дазволеная абарона асобаў і грамадства не супярэчыць гэтай норме?

Таму што, выбіраючы дазволеную абарону, асоба рэалізуе права абараняць уласнае жыццё і жыццё іншых, а не жаданне забіваць. Дазволеная абарона для таго, хто адказвае за жыццё іншых, можа быць таксама сур’ёзным абавязкам. Аднак яна не павінна весці да ўжывання большай сілы, чым неабходна.

483. Калі маральна дазволена выкарыстанне ваеннай сілы?

Выкарыстанне ваеннай сілы маральна апраўданае пры адначасовай наяўнасці наступных умоў: упэўненасць, што страты будуць доўгачасовыя і сур’ёзныя; безвыніковасць усялякай мірнай альтэрнатывы; верагодная магчымасць поспеху; адсутнасць большага зла, улічваючы моц сучасных сродкаў знішчэння.

484. Каму пры пагрозе вайны належыць дакладна ацаніць наяўнасць гэтых умоў?

Гэта павінны разважліва ацаніць кіраўнікі, якія маюць таксама права абавязваць грамадзян да нацыянальнай абароны; пры гэтым павінна захоўвацца асабістае права грамадзян адмовіцца ад узброенай барацьбы і выбраць іншую форму служэння чалавечай супольнасці.

485. Чаго патрабуе маральны закон у выпадку вайны?

Маральны закон дзейнічае заўсёды, нават у выпадку вайны. Ён патрабуе гуманнага абыходжання з мірным насельніцтвам, з параненымі жаўнерамі і палоннымі. Наўмысныя дзеянні, якія супярэчаць правам людзей, а таксама загады, якія змушаюць да іх, з’яўляюцца злачынствамі. Іх не апраўдвае сляпая паслухмянасць.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Рознае

31.05 11:34«Падарожжа дылетанта» ў вёску Раготна — беларускі Парыж шляхцічаў Завішаў
19.01 14:10Запісам калыханкі «Ціхая ноч» звычайныя матулі павіншавалі беларусаў з Божым Нараджэннем
17.01 10:59«Калядныя вечары на Залатой Горцы»: запіс канцэрта «Духоўныя традыцыйныя песні беларусаў»
08.01 06:58Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Заканчэнне
06.01 00:00Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Сёмая адвэнтавая антыфона
25.12 06:15Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Пятая адвэнтавая антыфона
18.12 06:00Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Чацвёртая адвэнтавая антыфона
11.12 06:02Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Трэцяя адвэнтавая антыфона
06.12 09:43Перадкалядная акцыя місіі «Чыстае сэрца»: святы Мікалай дасылае віншаванні дзецям
04.12 07:09Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Другая адвэнтавая антыфона