Сімвалы Вялікага посту: попел |
Рознае |
10.02.2016 00:22 |
Мінулагоднія вербачкі знаходзяць сваё новае прымяненне. Галінкі вярбы і засохлага ядлынцу, якія прыносяць з хат, кватэр вернікі з усёй парафіі на працягу некалькіх тыдняў перад Вялікім постам у касцёл, ахіне полымя агню. Гэта пробашч ці сакрыстыянін рыхтуецца да Папяльцовай серады, спальваючы рэшткі прывітання, хвалы і трыумфу Пальмовай нядзелі.
І паволі, з лёгкім шыпеннем, а можа, шапатаннем, гарачы агонь пераменіць тое, чым віталі Езуса Хрыста на Ягоны ўваход у Ерузалем, у шэры, а мо, крыху з бежавым ці карычневым адценнем, драўляны пыл. Які проста называюць — попел. Попел. Падзьме вецер — і разляціцца, «Memento mori» — будзе шаптаць агонь, які паціху паглыне старыя сімвалы прывітання і славы. Памятай пра смерць — значыць памятай пра вечнасць. У скрусе схіляешся перад напамінам пра тое, што ты прах і ў прах вернешся. Сціскаеш свае думкі, свой перажыты год і жыццё, нібыта ў пучок, як старыя галінкі вярбы і ядлынцу, каб яно прайшло праз ачышчэнне Вялікім постам — як праз агонь, які вяртае да першапачатковага стану, да таго, з чаго ўсё пачалося...
Таго моманту, калі рукі Творцы дакрануліся зямлі, бо ў Яго быў намер стварэння нечага грандыёзнага, а дакладней — некага. Іх, якіх стварыў «паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу», і «благаславіў іх Бог, і сказаў ім: Пладзіцеся і размнажайцеся, напаўняйце зямлю і валодайце ёю» (Быц 1, 27-28). Попел — што сімвал пачатку і канца, няхай стане сімвалам скрухі, за якой прыйдзе ачышчэнне, а за ачышчэннем — адраджэнне... Як у фенікса... Раннехрысціянскае мастацтва, мазаіка «Фенікс, які згарае ў агні» Праз Вялікі пост згарэць для граху, ачысціцца для жыцця і новай радасці, якую нясе Уваскрасенне Хрыста. Аксана Ючкавіч |