Услед за святымі Кірылам і Мятодам, альбо гісторыя кахання Аляксея і Ірыны |
Рознае |
14.02.2016 16:27 |
Слухаючы лекцыі пра славянскіх асветнікаў Кірыла і Мятода ў аўдыторыях філфака БДУ, ні Аляксей, ні Ірына не ведалі, што ў хуткім часе іх будзе яднаць славянскі дыялог, і не толькі славянскі, але і сужэнскі… 14 лютага ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўспамін святых Кірыла, манаха, і Мятода, біскупа, апекуноў Еўропы, братоў з горада Салонікі (Салунь) — стваральнікаў славянскай азбукі і царкоўнаславянскай мовы. Седзячы ў філфакаўскай аўдыторыі і слухаючы пра жыццё салунскіх братоў, якія распрацавалі на славянскай мове адмысловую азбуку — глаголіцу, пераклалі з грэчаскай мовы Святое Пісанне і шэраг іншых літургічных кніг для славян, ні гераіня нашага матэрыялу Ірына, ні герой Аляксей не ведалі, што праз нейкі час іх дзейнасць і жыццё будуць звязаны са славянскай тэматыкай, а яшчэ больш — што яны самі будуць звязаны паміж сабою моцнай сувяззю — сужэнскай… Пры тым, што і слухалі яны гэтыя лекцыі ў розныя гады. Яна — на год раней. І яна, і ён — будучы студэнтамі філалагічнага факультэта БДУ аддзялення «Беларуская філалогія». Час мінаў, а ў філфакаўскім асяроддзі ён нават пралятаў. Неяк на адной са славянскіх вечарын, якія штогод ладзяцца на філфаку БДУ вясной, Аляксей Зімнеў і Ірына Прычынец заўважылі адно аднаго. Ірына прыгадвае той момант: «Першая нашая сустрэча на філфаку адбылася падчас рэпетыцыі песні пра здраду курыцы, дзе Лёша быў пеўнем, а я грала на гітары і спявала». Заўважанасць не скончылася беспаспяхова. На факультэце было адзначана, што з’явілася чарговая студэнцкая пара.
Час ішоў. Студэнцтва падыходзіла да завяршэння. Тут Аляксей і Ірына зразумелі, што і час іх адносін як «студэнцкай пары» таксама падышоў да завяршэння. Зразумела, іх чакаў новы этап. Вось так выглядаў гэты пераход, калі Лёша зрабіў прапанову Іры. Спачатку Лёша папрасіў усіх сяброў і сябровак, каб дапамаглі яму зрабіць афіцыйную прапанову. Кожнаму было дадзена слова з Лёшавай прамовы да Іры, з якім, надрукаваным на лісце А4, трэба было сфатаграфавацца. Такім чынам, пра афіцыйную заяву Лёшы найперш даведаліся сябры, а потым і Іра, якая, між тым, адзначае, што «ўжо ў першыя месяцы спатканняў мы ведалі, што будзем разам, але Лёшка зрабіў афіцыйную прапанову». На ролік «Афіцыйнай прапановы» можна перайсці па спасылцы»»
І ў хуткасці родныя і сябры рыхтаваліся да вяселля. Найбольш, канешне, рыхтаваліся Аляксей і Ірына, якія ў межах падрыхтоўкі наведвалі і спецыяльныя заняткі ў мінскай архікатэдры. Ірына дадае: «Для Лёшы гэта была і падрыхтоўка да першай споведзі і Камуніі, бо ён быў праваслаўны, але вырашыў перайсці ў каталіцтва». Вянчанне было ў роднай парафіі Ірыны – у Рубяжэвічах Шлюб маладыя бралі не ў Мінску, дзе прабягала студэнцкае жыццё, а ў Рубяжэвічах. На той час у рубяжэвіцкай парафіі Св. Юзафа яшчэ працаваў кс. Рычард Юнік, які і ўдзяліў Аляксею і Ірыне запаветны сакрамэнт 21 ліпеня 2012 года.
Гэты касцёл Ірына наведвала з дзяцінства, прыходзячы ў яго з вёскі пад прыгожай і яркай назвай — Журавінка, дзе зараз жывуць яе бацькі і малодшая сястра Ангеліна. «Слаўная мірам» Час ляцеў, і ў хуткасці шчаслівая пара стала і благаслаўлёная дачушкай Міраславай.
Ірына: «Калі нарадзілася наша Мірка, то яе імя з прапанаваных мною каталіцкіх імёнаў выбраў Лёшка. Яно зразумелае, славянскае і ёсць такая святая, пад чыёй апекай знаходзіцца Мірка». «Слаўная мірам» — імя славянскага паходжання, якое мае аднолькавую форму і на беларускай, і на рускай, і на польскай, і на славацкай, і на славенскай, і на ўкраінскай, і на чэшскай мовах… Адным словам, куды б Мірка ні паехала, у кожным з гэтых народаў, яна была б сваёй… «Цэнтр славянскіх моў і культур» Сваёй яшчэ і таму, што амаль з самага нараджэння ёй і яе бацькам славянскія мовы здаралася чуць вельмі часта, а таксама навучаць гэтым мовам разам з кагортай філолагаў-славян, якія ўсе дружна, як калісьці салунскія браты, узяліся за працу ў моўным цэнтры, дзе мама Міркі стала дырэктарам. Але з чаго ўсё пачыналася? Ірына: «Калі Мірцы быў месяц, я пачала працаваць па тры гадзінкі ў дзень на вячэрніх курсах, а з Міркай у гэты час быў Лёшка. Людзям падабалася, як я выкладала, і Лёша падбухторваў мяне адкрыць ІП, каб афіцыйна працаваць і магчы збіраць групы. Пакуль мы аформілі ІП і знайшлі аўдыторыю для заняткаў, Лёша збіраў вучняў праз інтэрнэт-групы, а таксама людзі прыходзілі па рэкамендацыях. Паўгода мы працавалі так, а пасля ахвотных стала больш, і я не магла ўсіх вучыць. Таму неяк паціху вырашылі браць іншых выкладчыкаў на працу, у той час з намі быў яшчэ сябра Сяргей Самахвал, разам з якім было вырашана стварыць цэнтр — асяродак славянскасці. Тым больш, праблемы з выкладчыкамі таксама не было, бо хапала знаёмых на філфаку». Грошы з вяселля Ірына і Лёша ўклалі ў адкрыццё цэнтра славянскасці «Лёша падштурхоўваў на актыўныя дзеянні, грошы ў нас з вяселля акурат заставаліся і іх усе мы і ўклалі на адкрыццё нашага Цэнтра. За лета мы ўсё зрабілі, і ўжо ў верасні пачаліся першыя групы», — распавядае Ірына. «Цэнтр славянскіх моў і культур» — такая афіцыйная назва цэнтра славянскасці — з’явіўся на пачатку верасня 2014 года.
Адной з яго адметных рысаў сталі не толькі дзевяць славянскіх моў, якія там можна асвоіць для працы, самаразвіцця, вучобы і г.д, але і адмысловыя курсы. У цэнтры спадарыні Ірыны, альбо пані Ірэны, як яе называюць вучні і некаторыя выкладчыкі, ажыццявілася ў рэальнасць ідэя распрацоўкі падручніка для «студэнцікаў-беларусікаў», які складаецца з тэматычных урокаў-крокаў. У гэтым падручніку героямі-вядоўцамі з’яўляюцца Мірка і Дзядуля Бай, якіх вельмі палюбілі вучні. У выніку зараз у цэнтры навучаюцца вучні пачатковых класаў і вышэй, якія жадаюць на больш высокім узроўні валодаць беларускай мовай, а, можа быць, найперш выкарыстоўваць беларускую мову ў штодзённым маўленні.
Сям’я і вера Ірына: «Я вельмі ўдзячна Лёшу, што ён перайшоў у каталіцтва і дзяцей мы хрысцілі і будзем хрысціць у касцёле, бо сям’я павінна быць усё ж разам у веравызнанні. Аднак ніякага прымусу хадзіць у касцёл у нас няма. Калі ў Лёшы ёсць жаданне, то ён разам з намі ідзе на Імшу. Мы ахвотна ездзім у рубяжэвіцкі касцёл, дзе бралі шлюб, дзе хрысцілі мяне і Мірку, і плануем хрысціць Амільку, якая павінна нарадзіцца праз некалькі месяцаў.
Мірка вельмі любіць хадзіць у касцёл, глядзець на "Бозіньку" і вучыцца маліцца. Кожны вечар абавязкова жагнаецца і сама кажа: “У імя Айца і Сына…” Ёй падабаецца атмасфера, якая пануе ў касцёле, і яна заўсёды ахвотна ўдзельнічае ў Імшы, як гэта толькі можа рабіць дзіця, якому ў жніўні будзе тры гадкі…» Мары-планы і тры «Шчасцейкі» Ірына: «Зараз нашы планы звязаны перш за ўсё з чаканнем другой дачушкі. Мы вельмі рады, што наша сям’я расце і мацнее, і што Бог даў нам ужо адно Шчасцейка, а зараз з’явіцца яшчэ адно. Мы плануем далей развіваць нашу з мужам справу. «Цэнтр славянскіх моў і культур» — гэта таксама наша трэцяе дзіця, якое патрабуе ўвагі, кантролю і паляпшэння. Мы стараемся ствараць для нашых працаўнікоў прыемную атмасферу, якая добра ўплывае і на навучанне студэнтаў. Мы плануем і далей ствараць кніжачкі для нашых маленькіх студэнцікаў-беларусікаў. Я вельмі рада, што ў свой час Бог паслаў мне майго Лёшку, які мне і муж, і сябар, і кампаньён і проста выдатны чалавек! Які, пакуль я ляжу ў шпіталі тыдзень, зараз змагаецца з Міркай, прыходзіць да мяне і корміць з лыжкі. Дай Бог кожнаму такую другую палову!» Аксана Ючкавіч
|